Каждый выбирает по себе

viborivpalatuДнямі, вяртаючыся з работы, сустрэла даўнюю знаёмую – некалі, калі жанчына хадзіла на працу, сустракаліся даволі часта, зараз, як яна пайшла на заслужаны адпачынак, радзей: у кожнага сваё кола спраў і абавязкаў…

Іванаўна задуменна разглядвала лісток са звесткамі пра кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў: члены выбарчых камісій загадзя разнеслі іх выбаршчыкам, каб тыя маглі ведаць, якія прозвішчы будуць у бюлетэні і вызначыцца, за каго ж аддаць свой голас.

– Слухай, дапамажы ты мне, – звярнулася да мяне знаёмая. –  Выбачай, што затрымліваю, але ніяк не магу зразумець, хто гэтыя людзі? І за каго мне галасаваць? Ну, старшыню райвыканкама я ведаю – яшчэ калі працавала, ён некалькі разоў прыязджаў да нас у калектыў, і ў газеце вашай пра яго чытала, неяк нават сама званіла яму на “Прамую лінію”… А астатнія – хто яны? Больш нікога астравецкага няма! Усе чужыя?

– Ну чаму ж, вось гэты кандыдат таксама з нашага раёна, – падказала я знаёмай.

– Так, яго праграму нам кідалі ў паштовую скрынку. Пачытала ўважліва: мільён рабочых месцаў чалавек абяцае – вось толькі адкуль яны возьмуцца, не тлумачыць… І яшчэ будаўніцтва “атамкі” хоча спыніць. Столькі грошай туды ўкладзена, такая махіна высіцца, ад Астраўца відаць – а зараз усё закрыць, і няхай гібее, як той былы малаказавод, які так і не здолелі дабудаваць! І куды людзям, што там працуюць, зараз ісці – зноў у Маскву на заробкі ехаць? Не, за гэтага я галасаваць дакладна не буду…

– А вось гэтыя – з Мінска, Маладзечна, Смаргоні – яны хто такія? – працягвала дапытвацца Іванаўна. – Ці бачыла ты іх калі, ці чытала праграму? Ці прыязджалі яны ў Астравец, з людзьмі ці сустракаліся? Нешта не бачыла я аб’яў – хоць, можа, і прапусціла за дачнымі клопатамі…

Я шчыра прызналася, што ведаю не нашмат больш, чым мая знаёмая-пенсіянерка. З “замежных” кандыдатаў сустракалася толькі са смаргонскай прадстаўніцай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, калі яна прывозіла ў рэдакцыю сваю праграму. Пра маладзечанскага і мінскага кандыдатаў ведаю толькі тую інфармацыю, што падаецца ў агульным інфармацыйным бюлетэні.

– Вось пра гэтага напісана, што ён некалі быў судзімы за махлярства – як такі чалавек можа ісці ў дэпутаты? Каб пісаць законы для іншых махляроў? – дзялілася сваімі развагамі знаёмая. – А гэты, маладзечанскі, маладзенькі ж зусім – як мой сын. Адукацыя сярэдняя, на станку працуе… Не, я нічога не маю супраць моладзі ці рабочага класу – але ж не на злёт перадавікоў людзей выбіраем, а ў парламент. Там жа адукаваныя патрэбны.

Іванаўну я пакінула ў тым жа глыбокім роздуме, у якім і сустрэла: інфармацыі пра кандыдатаў у дэпутаты маю не нашмат больш, чым яна, а навязваць сваё асабістае меркаванне не хацела. Выбар дэпутата – як выбар спадарожніка жыцця: справа вельмі асабістая, і парадамі можна толькі нашкодзіць. Людзей, вядома, слухаць можна і трэба, у тым ліку і саміх кандыдатаў у дэпутаты, і іх давераных асоб – калі, вядома, ёсць каго слухаць, але вось вызначыцца, за каго галасаваць, кожны павінен сам…

Але сустрэча гэтая прымусіла мяне задумацца аб іншым: чаму выбаршчыкі так мала ведаюць пра кандыдатаў у дэпутаты? Здаецца, і прэтэндэнтаў на адзінае месца ў авальнай зале ад Смаргонскай выбарчай акругі №59, у склад якой уваходзіць і Астравецкі раён, нямала – ажно пяць! – а сапраўднай перадвыбарнай барацьбы не бачна. Ці не таму, што пасведчанне кандыдата ў дэпутаты большасць з іх атрымалі вельмі лёгка, без асаблівых намаганняў, без усведамлення ўсёй адказнасці працэсу і, магчыма, нават без асаблівага жадання ўключацца ў перадвыбарную кампанію? Партыя – а чацвёра з пяці кандыдатаў у дэпутаты па нашай акрузе вылучаны менавіта рашэннямі сваіх партыйных з’ездаў, а не ў выніку доўгага і працаёмкага працэсу збору подпісаў – сказала: “Трэба!”, член партыі, падпарадкоўваючыся  дысцыпліне, “узяў пад казырок”...

На такія думкі наводзіць перадвыбарная пасіўнасць многіх кандыдатаў: не ўсе з іх нават выкарысталі сваё права на публікацыю ў сродках масавай інфармацыі перадвыбарнай праграмы. І ў паштовыя скрынкі выбаршчыкаў – у прыватнасці, у нашым пад’ездзе – апусціліся толькі дзве лістоўкі з праграмамі кандыдатаў. Не стану аналізаваць іх сутнасць і магчымасць ажыццяўлення, каб мяне не абвінавацілі ў імкненні аказваць уплыў на выбаршчыкаў – адзначу толькі, што некаторыя з прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла ў сваім папулізме, імкненні перацягнуць “электаральную коўдру” на сябе даходзяць да абсурду, абяцаючы тое, што зрабіць не па сілах не толькі “аднаму воіну ў полі”, у нашым выпадку – дэпутату адной з палат парламента, але нават моцнай дзяржаўнай камандзе…

Але гэта ўжо тэма іншай гутаркі і іншых разваг і рашэнняў. Якія кожны з выбаршчыкаў павінен будзе прыняць сам-насам з бюлетэнем у кабіне для тайнага галасавання… Бо, як спяваў некалі Булат Акуджава, “кожны выбірае па сабе…” І не толькі “жанчыну, рэлігію, дарогу” – але і дзяржаўную палітыку, за прыярытэтныя накірункі мы будзем галасаваць у бліжэйшую нядзелю.

Ніна РЫБІК.