"Астравецкая праўда" и в дальнейшем будет печататься не только на белорусском языке
Нагодай для гэтай размовы з чытачамі стаў адзін з каментарыяў на сайце нашай газеты. Тычыўся ён так званага “моўнага пытання”, якое апошнім часам нам задаюць даволі часта. Адны ваяўніча абвінавачваюць нас, што газета здраджвае беларускай мове, іншыя безапеляцыйна заяўляюць, што мы страчваем чытачоў з-за таго, што не пераходзім на рускую.Вось і невядомы нам Сяргей напісаў аб гэтым на сайце. Але, у адрозненне ад многіх іншых, зварот яго быў не злы, не агрэсіўны – хутчэй у тых словах нашага чытача скразіў боль… І не адказаць Сяргею, а таксама іншым чытачам, якія шчыра перажываюць за лёс роднай мовы, і за ўдзел у гэтым лёсе асобна ўзятай газеты, у дадзеным выпадку нашай з вамі “Астравецкай праўды”, не было ніякай магчымасці…
“Люблю “Астравецкую праўду”! – піша ў сваім каментарыі на сайце газеты Сяргей. – Але апошнім часам любімая газета ўсё часцей расчароўвае. А выпуск ад 13.07.13 увогуле засмуціў. Справа ў мове, на якой выдаецца газета. Доўгія гады “Астравецкая праўда” была ледзь не адзінай у рэспубліцы беларускамоўнай газетай. Прычым якой беларускамоўнай! Усё пісалася на такой шыкарнай літаратурнай мове, з такім густам… А зараз? У апошняй “таўстушцы” толькі 1 (!!!) артыкул на роднай мове і адна маленечкая заметачка…
Калі я ад каго-небудзь раней чуў, што беларуская мова памерла, я заўсёды запрашаў такога “знатака”
на Астравеччыну, – каб ведаў, што ёсць яшчэ ў Беларусі раёны, якія не забыліся роднай мовы. Астравецкі край мае свае асаблівасці, свой менталітэт, свой непаўторны каларыт. Калі прыйшла навіна аб пабудаванні ў нас АЭС, я адразу зразумеў, які гэта шанец для раёна. Але адразу ж прыйшла і думка аб тым, што «панаедуць», асіміліруюцца з намі, і нас болей ніколі не будуць пазнаваць па мове ў іншых мясцінах вобласці (што са мной адбывалася неаднойчы). І першыя наступствы «будаўніцтва века» гэтага плана якраз і выражаюцца ў змяненні моўнай арыентацыі любімай газеты.
Ніна Аляксееўна! Ну зразумела, што большасці будаўнікоў бліжэй руская мова. Але ня трэба ж забываць і пра нас! І ўвогуле, – не мы, а яны да нас прыехалі ў госці! Няхай, можа, «нашым уставам» і карыстаюцца?”
Першае, што хочацца сказаць Сяргею пасля гэтага каментарыя, гэта – дзякуй! Дзякуй за тое, што чытае “Астравецкую праўду” і, па яго прызнанні, любіць яе. А ў другую чаргу – папрасіць прабачэння. Прабачце нас, Сяргей, за тое, што мы вас апошнім часам, як вынікае з вашага каментарыя, усё часцей расчароўваем. І не толькі вас, а многіх сваіх чытачоў, якія ўжо прывыклі, што “Астравецкая праўда” – амаль адзіная газета ў рэспубліцы, якая выходзіць на “шыкоўнай літаратурнай мове”, а зараз усё часцей з’яўляюцца на яе старонках артыкулы, напісаныя па-руску.
Праўда, у “таўстушцы” за 13 ліпеня, на якую спасылаецца Сяргей, на беларускай мове была змешчана не адна маленькая заметачка і адзін артыкул, але яшчэ і цудоўнае апавяданне Алёны Гануліч “Мама”, і вершык – фотажарт Таісы Сямёнавай. Але гэта не мяняе сутнасці справы: так, сапраўды, значная частка артыкулаў газеты ў гэтым нумары – і не толькі ў гэтым – была змешчана на рускай мове.
Больш таго: вымушана засмуціць Сяргея і іншых чытачоў нашай газеты, якія шчыра адданы беларускай мове: “Астравецкая праўда” і надалей будзе друкаваць артыкулы не толькі на беларускай мове. І вінаваціць у гэтым будаўнікоў АЭС, што “панаехалі”, а мы тут пад іх робім газету, не варта. Па-першае, пераважная большасць будаўнікоў, за выключэннем, можа, толькі расійскіх спецыялістаў, – усё ж беларусы. Па-другое, з-за сваёй занятасці і адарванасці ад жыцця Астравеччыны раённай газетай яны, скажам прама, цікавяцца мала… І асноўная маса нашых чытачоў па-ранейшаму – жыхары раёна.
Але і ад многіх нашых карэнных жыхароў мы неаднойчы чулі: мы б выпісвалі і чыталі “раёнку”, – але ж яна беларускамоўная! Не так даўно патэлефанавала наша чытачка, якая вычытала ў газеце, што, у адпаведнасці з пасведчаннем аб рэгістрацыі, яна выдаецца на беларускай і рускай мовах, і папрасіла ні многа, ні мала – рускі пераклад найбольш зацікавіўшых яе артыкулаў. І наракала на тое, што такая цікавая газета друкуецца выключна на беларускай мове: так ёй падалося – у той час, як вам, Сяргей, што яна становіцца выключна рускамоўнай.
Думаю, было б па меншай меры несправядліва абвінавачваць “Астравецкую праўду” ў тым, што беларуская мова зараз знаходзіцца ў тым стане, у якім яна знаходзіцца, што на ёй размаўляе і нават яе разумее ўсё менш карэнных жыхароў Беларусі. Нашы пастаянныя чытачы могуць засведчыць: мы трымаліся, як маглі.
Ды і зараз трымаемся – адзін нумар, на які спасылаецца Сяргей – не ўся газета. І большасць журналістаў свае артыкулы паранейшаму піша “на шыкоўнай беларускай літаратурнай мове”.
Але… Існуе шэраг прычын, з-за якіх мы вырашылі частку артыкулаў змяшчаць на рускай мове. І для гэтага ёсць цалкам аб’ектыўныя прычыны. Ну скажыце, калі кіравацца здаровым сэнсам, то ці варта траціць час, сілы і сродкі, каб перакладаць на беларускую мову тыя ж гутаркі ўрача – а затым чытач вымушаны іх перакладаць назад, на рускую, каб зразумець, аб чым размова, бо беларускі пераклад назваў некаторых хвароб зразумелы не ўсім: да прыкладу, ці многія ведаюць, што адзёр гэта корь? А юрыдычныя артыкулы – без слоўніка чытачы наўрад ці змогуць зразумець, што ім рэкамендуюць ці ад чаго перасцерагаюць спецыялісты. А слоўнік пад рукой ёсць далёка не ў кожнага…
Прабачце, Сяргей і вашы аднадумцы, але газета, як бы гэта ні шакіравала некага, перш за ўсё – тавар, які трэба выпусціць і затым – прадаць. І каб яна існавала і карысталася папулярнасцю не толькі сёння, але і заўтра, трэба, каб былі жадаючыя яе купіць, а затым – прачытаць. І мы перакананы: калі на яе старонках будуць змяшчацца цікавыя артыкулы, калі яны будуць несці патрэбную людзям інфармацыю, то іх прачытаюць – незалежна ад таго, на беларускай ці рускай мове яны напісаны.
Спадзяемся, што частковы пераход на рускую мову ў нашых публікацыях не зашкодзіць беларускай. І нават наадварот, бо калі чалавек купіць газету, каб пачытаць нешта, зацікавіўшае яго, па-руску, і побач сустрэне цікавы артыкул на беларускай мове – то можна спадзявацца, што ён адолее і яго. А пазней, магчыма, беларуская мова падасца яму не такой ужо незразумелай – гэта зноў жа тычыцца не толькі расіян…
Першачарговая задача газеты, прабачце, усё ж не прапаганда мовы, а інфармаванне нашых чытачоў аб тых падзеях, што адбываюцца ў раёне, аб людзях, што тут жывуць. Нават наш славуты зямляк, прафесар Адам Мальдзіс піша ў “СБ” свае артыкулы на рускай мове – і ад гэтага яны не сталі менш чытабельнымі, пазнавальнымі, цікавымі, інфармацыйна насычанымі. Спадзяюся, што і Сяргей, і іншыя чытачы “Астравецкай праўды” не стануць менш любіць і чытаць раённую газету з-за таго, што частка артыкулаў у ёй зараз змяшчаецца на рускай мове.
У любым выпадку – дзякуй Сяргею і ўсім тым, хто падзяляе яго кропку гледжання, за шчырую любоў да роднай мовы і за ўвагу да нашай газеты. Заставайцеся з намі – і будзем сябраваць і надалей!
---------------------
Ніна РЫБІК,
галоўны рэдактар газеты «Астравецкая праўда».
