2013 год: победы и победители "Астравецкай праўды"

Ну вось і зноў Новы год…
Шаноўныя чытачы, вы заўважылі, што з кожным пражытым годам гэты прамежак часу – ад таго моманту, калі выкінулі з хаты страціўшую актуальнасць навагоднюю ёлку, – і да таго, калі зноў адкрываюцца ёлачныя базары, праходзіць усё хутчэй? Чакане першага снегу; стома ад надакучыўшых халадоў; першыя вясеннія ручаінкі, што імкліва бураць крохкую чарнату рыхлага снегу; сіні ад пралесак лес; водар адпачыўшай за зіму зямлі, якая чакае вашых рук; боль у спіне ад бясконцага аполвання градак; першыя суніцы, затым – чарніцы, баравікі, апенькі; бульбакапанне; буйства фарбаў асенняга парку; шоргат пасівелай пасля начных прымаразкаў травы; хутанне ў шалікі і курткі ў чаканні, калі ўключаць ацяпленне ў кватэрах; свінцовае лістападаўскае неба, што ляжыць на плячах ад позняга ранку да ранняга вечара… І зноў – рознакаляровыя агеньчыкі на гарадской ёлцы! Усё гэта паасобку цягнецца так доўга і нудна – і ўсё разам пралятае, як адно імгненне, назва якому – год нашага жыцця… І вось зноў надышоў час падводзіць вынікі, загадваць жаданні, дарыць падарункі, шукаць і спрабаваць разгадаць нейкія сімвалы, часам надаючы ім неіснучую магічную сілу, глядзець “Іронію лёсу…” і “стругаць” аліўе.

Перамогі…

Якім жа быў гэты год для нашай з вамі, паважаныя чытачы, любімай газеты – “Астравецкай праўды”?
Без залішняй сціпласці магу сказаць: даволі паспяховым.
Найперш дазвольце нагадаць, што менавіта сёлета, з першага дня новага 2013 года, наша газета па суботах і святах, а некаторыя нумары – і ў сераду, стала, “як дарослая”, як і ўсе цэнтральныя газеты, выходзіць у каляровым афармленні. Праўда, нават не верыцца, што гэта адбылося толькі год назад? І хоць такое каляровае “задавальненне” каштуе немалых грошай, падпісчыкам гэта не каштавала дадатковых затрат – лічыце гэта нашым навагоднім і круглагадовым падарункам.
І ўсё ж галоўны наш поспех не ў пераходзе “на колер” і нават не ў перамогах у розных творчых конкурсах, якія і сёлета не абышлі наш калектыў, – як калектыўных, так і індывідуальных. Канешне, атрымліваць перамогі і словы прызнання калег і членаў прафесійнага журы – пачэсна і прыемна. Але ўсё ж мы, калектыў рэдакцыі, галоўным сваім поспехам і перамогай лічым тое, што сёлета наша газета пераўзышла так званы “псіхалагічны бар’ер” у падпісцы: тыраж газеты ў гэтым годзе перавысіў 6 тысяч экземпляраў. Я нават не хачу ў чарговы раз нагадваць, што ў суадносінах да колькасці насельніцтва раёна гэта – саамы высокі паказчык у вобласці. Але ж спецыялісты лічаць, што за кожным выпісаным асобнікам газеты стаіць як мінімум тры чытачы – такім чынам, можна лічыць, што сёння “Астравецкую праўду” чытае практычна кожны жыхар раёна.
А на самой справе нашых чытачоў нашмат больш, і жывуць яны не толькі ў нашым раёне – дзякуючы сайту “Астравецкай праўды”, які, дарэчы сказаць, карыстаецца вялікай папулярнасцю, нас цяпер чытаюць ва ўсім свеце. Пра гэта сведчыць і зваротная сувязь з нашымі чытачамі – як на тым жа сайце, так і ў тэлефанаваннях і ліставаннях. І сёння, напярэдадні свята, хочацца сказаць дзякуй усім тым, хто з мноства выданняў, “добрых і розных”, выбірае менавіта “Астравецкую праўду”.
Гэта, з аднаго боку, не можа не радаваць, а з другога – накладвае дадатковую адказнасць на нас усіх, ад галоўнага рэдактара і маладога журналіста – да карэктара і спецыяліста па рэкламе. І, паверце, мы стараемся апраўдваць давер тысяч знаёмых і незнаёмых людзей, імкнучыся быць з імі шчырымі і праўдзівымі, – і робім усё магчымае для гэтага ў сваёй паўсядзённай працы.




“Лепшы няштатны фотакарэспандэнт” Юрый Горыд


Яшчэ адным з дасягненняў гэтага года можна лічыць тое, што цяпер навіны Астравеччыны можна не толькі чытаць у газеце і на нашым сайце ды слухаць па раённым радыё – хоць пасля ліквідацыі правадной сеткі радыёвяшчання такіх, на жаль, усё менш, – але і паглядзець па тэлебачанні. Не, тэлевізар для гэтага ўключаць неабавязкова – мы, калектыў рэдакцыі, пайшлі сваім шляхам: відэаролікі аб асноўных падзеях жыцця Астравецкага раёна рэгулярна з’яўляюцца на сайце нашай газеты, і кожны, хто мае дома камп’ютар і выхад у інтэрнэт – а сёння ўжо цяжка знайсці чалавека нават сярэдняга ўзросту, не тое, што маладога, хто не мае гэтага найбольш актуальнага на сённяшні дзень сродку сувязі, – мае магчымасць такім чынам пазнаёміцца з відэанавінамі раёна. І, як сведчыць статыстыка наведвання сайта і прагляду відэафільмаў, карыстаюцца гэтай магчымасцю многія.
Ну вось, адну з галоўных пераднавагодніх спраў – падсумаваць вынікі года і падзякаваць яму, адыходзячаму, а таксама тым, з кім разам пражылі гэты год, за ўсё добрае, радаснае і прыемнае – зрабілі.
Цяпер пяройдзем да другой галоўнай справы, без якой не можа абысціся ніводзін Новы год. Вы здагадаліся, да якой? Правільна – да падарункаў!
…і пераможцы

Ну, мы саманадзейна лічым, што галоўным падарункам для вас, нашы шаноўныя чытачы, будзе сённяшняя “растаўсцеўшая” “Астравецкая праўда”, у якой кожны з вас знойдзе для сябе нешта цікавае і карыснае, гэтак жа, як і ў кожным наступным нумары газеты.




“Самы актыўны няштатны аўтар” Эдуард Іванавіч Свірыд


Яшчэ адзін падарунак кожны з падпісчыкаў нашай газеты атрымае разам з першым нумарам раённай газеты ў наступным годзе: гэта традыцыйны каляровы каляндар, у якім, спадзяюся, на працягу 2014 года вы знойдзеце магчымасць адзначыць шмат радасных і прыемных дат, святаў і падзей – ва ўсякім выпадку, мы вам гэтага шчыра жадаем! Так што, калі вы яшчэ не падпісаліся на “Астравецкую праўду” на наступны год, то сёння ж ці ў панядзелак спяшайцеся на пошту: часу ў вас амаль не засталося.
А цяпер – падарункі індывідуальныя. На гэты раз – не для ўсіх, а для самых-самых актыўных нашых пазаштатных аўтараў. Бо, як бы ні стараліся журналісты, яны не змогуць усё ахапіць самі – ды і не варта гэта рабіць, маючы гэтулькі таленавітых сяброў і памочнікаў. І таму сёлета, як і летась, мы вырашылі выказаць падзяку нашым лепшым пазаштатным аўтарам у некалькіх намінацыях.
Мы вырашылі адзначыць чалавека, якога нават няёмка называць няштатным аўтарам: яшчэ ў мінулым годзе Эдуард Свірыд працаваў у рэдакцыі “Астравецкай праўды”, хоць і на палову стаўкі. Ён, нагадаю, з’яўляецца членам Беларускага саюза журналістаў – і быў прыняты ў гэты творчы саюз менавіта па рэкамендацыі журналістаў нашай газеты. Але сёлета па ўважлівых прычынах Эдуард Іванавіч быў вымушаны звольніцца з рэдакцыі – але гэта не значыць, што ён развітаўся з газетай! Думаю, што нашы чытачы нават не заўважылі, што Эдуард Свірыд зараз не з’яўляецца штатным супрацоўнікам “Астравецкай праўды”: яго публікацыі гэтак жа рэгулярна з’яўляюцца на старонках нашай газеты – і гэтак жа радуюць сваёй глыбінёй, дакладнасцю, трапным журналісцкім словам. І таму Эдуард Іванавіч Свірыд прызнаецца пераможцам у намінацыі “Самы актыўны няштатны аўтар”.

“Лепшым матэрыялам няштатнага аўтара” прызнаны праект Таісы Сямёнавай “Залаты ўзрост”


У намінацыі “Лепшы матэрыял няштатнага аўтара” перамога аддадзена таксама чалавеку, якога язык не паварочваецца назваць няштатным аўтарам: амаль усе жыццё прафесійнага журналіста, члена Беларускага саюза журналістаў Таісы Сямёнаўны Сяменавай звязана з нашай газетай. І мы вельмі ўдзячны Таісе Сямёнаўне, што і пасля выхаду на заслужаны адпачынак яна не замыкаецца ў чатырох сценах, а застаецца верным сябрам “Астравецкай праўды”: знаходзіць новыя тэмы, адкрывае новыя праекты, рубрыкі. І ў намінацыі “Лепшы матэрыял няштатнага аўтара”пераможцам прызнаны не нейкі адзін матэрыял, а творчы праект Таісы Сямёнавай “Залаты ўзрост”, у якім аўтар рэгулярна знаёміць чытачоў з людзьмі, якія, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, падаюць маладым прыклад актыўнага жыцця, працавітасці, творчасці, жыццялюбства.
У адыходзячым годзе рэдакцыя “Астравецкай праўды”, калі вы заўважылі (хочацца спадзявацца, што ўсё ж не заўважылі), адчувала пэўныя цяжкасці з фотаздымкамі – не ўвогуле з фотаілюстрацыямі, а са здымкамі , якія гавораць больш, чым самы вялікі і падрабязна напісаны артыкул. І мы вельмі ўдзячны нашаму няштатнаму аўтару Юрыю Горыду, які час ад часу выручаў нас менавіта такімі фотаздымкамі – прыгожымі, філасофскімі, глыбокімі. Юрый Горыд аднадушна прызнаецца пераможцам у намінацыі “Лепшы няштатны фотакарэспандэнт” – і мы спадзяемся, што яго здымкі і ў наступным годзе будуць рэгулярна з’яўляцца на старонках “Астравецкай праўды”.
Па рашэнню рэдакцыйнага журы намінацыя “Паэзія” сёлета застаецца без пераможцы.
А вось у намінацыі “Проза” прыз пераможцы вырашана аддаць аўтару цікавых і меладычных – калі можна так сказаць пра празаічны твор – абразкоў Ніны Міральковай. Яе міні-апавяданні – вельмі індывідуальныя, ні на што не падобныя, з глыбока схаваным сэнсам, добрыя і шчырыя, якія прымушаюць задумацца пра многія з’явы жыцця і сябе самога ў гэтым жыцці. Іх палюбілі многія нашы чытачы – і калектыў рэдакцыі ў гэтым сэнсе не выключэнне.

“Самы актыўны ўдзельнік рэдакцыйных конкурсаў” Капіталіна Пятроўская


Рэдакцыя часта аб’яўляе розныя конкурсы. І, якой бы ні была тэма конкурсу і яго ўмовы, мы ўпэўнены: ёсць сярод нашых чытачоў тыя, хто паўдзельнічае ў ім у любым выпадку. З такіх, няўрымслівых і актыўных, – астраўчанка Капіталіна Цімафееўна Пятроўская, якая прызнана пераможцай у намінацыі “Самы актыўны ўдзельнік рэдакцыйных конкурсаў”. Жанчыне не заўсёды шанцуе аказацца ў ліку пераможцаў падчас падвядзення вынікаў таго ці іншага конкурсу – але гэта ніяк не ўплывае на яе нязменны аптымізм. І ў рэдакцыі дакладна ведаюць: будзе новы конкурс – і сярод удзельнікаў, колькі б іх ні было, мы абавязкова сустрэнем імя Капіталіны Пятроўскай. Дзякуй, Капіталіна Цімафееўна! І – віншуем з перамогай!
Дарэчы сказаць, дзякуючы ўдзелу ў рэдакцыйных конкурсах, мы – а значыць, і нашы чытачы – адкрылі для сябе новае імя. Вершы Віталія Шпіронка, якія ён дасылаў у якасці подпісаў да фотаздымкаў на конкурс “Што б гэта значыла?”, па вялікаму рахунку, з’яўляюцца нечым большым, чым проста подпісы: калі – гумарэскай, калі – філасофскім вершам, але ў любым выпадку – цікавым і таленавітым творам. Віталія Шпіронка мы прызналі лепшым пазаштатным аўтарам у намінацыі “Дэбют года”.
А ў намінацыі “Партнёр года” пераможцам прызнаны нашы даўнія сябры і партнёры: раённы вузел паштовай сувязі. Без штодзённай працы паштальёнаў і іншых паштовых работнікаў “Астравецкая праўда” не дайшла б у час да нашых чытачоў – і, значыць, наша сяброўства было б не такім доўгім і плённым.
Узнаграроды нашы намінаты атрымаюць крыху пазней, ва ўрачыстай абстаноўцы – а сёння мы віншуем іх і ўсіх нашых чытачоў, найперш – з надыходзячым Новым годам. І да пажаданняў здароўя, дабрабыту і здзяйснення жаданняў хочам дадаць яшчэ адно, наша традыцыйнае: заставайцеся з “Астравецкай праўдай” – і будзем сябраваць і надалей.
Бо, як вядома, добры сябар дарагога варты…
Да сустрэч у Новым годзе!

З навагоднімі віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі – Ніна РЫБІК.