Вынікі 11 тура раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях

Адзінаццаты, кастрычніцкі тур раённага чэмпіянату па гульні “Што? Дзе? Калі?” стаў адметны тым, што вярнулася ў склад ігракоў каманда “А’крэм” з Гудагайскай школы, якая да таго з-за шэрагу прычын прапусціла некалькі гульняў і, здавалася, пакінула чэмпіянат беззваротна. І тым больш прыемна было бачыць іх зноў за сталом ігракоў! Пагадзіцеся: гэта ўчынак, які сведчыць і пра сілу духу, і пра адданасць гульні. Можа, і зборная юрыстаў “Антрацытавае сонца”, у якой цяпер, наколькі я ведаю, вялікія і перманентныя праблемы з саставам, усё ж вернецца на інтэлектуальнае поле – хоць бы і ў абноўленым складзе? Няўжо ў раёне бракуе юрыстаў-інтэлектуалаў?


У якасці размінкі вядучая прапанавала ігракам ужо знаёмую і для многіх любімую гульню “Рызыкуй!”. У якой самы высокі вынік – 40 ачкоў з 60 магчымых – набрала каманда “Magnum ignotum” з райвыканкама – бясспрэчнае першае месца. Наступныя месцы аддзяліла адно ад другога толькі адно ачко: рэдакцыйны “Востраў шанцавання” – 31, бальнічны “ЦэРэБрал” – 30, “Ядзерны востраў” з дырэкцыі будаўніцтва АЭС – 29.
Па маіх назіраннях, усе інтэлектуальныя гульні – ды і не толькі інтэлектуальныя! — дзеляцца на “лёгкія” і цяжкія” ў залежнасці ад таго, “пайшла” гульня ці не. Для “Вострава шанцавання” мінулая гульня была лёгкай – бо “браліся пытанні” на азарэнні, што называецца, “на палец”. Правільныя версіі практычна “не затоптваліся” – хоць адзін падобны выпадак усё ж быў. І ў выніку – скажу, забягаючы наперад — атрымалася прыгожая і пераканаўчая перамога: 18 правільных адказаў на 24 пытанні і безумоўнае першае месца, якое яшчэ больш умацавала лідарства каманды ў чэмпіянаце.
У астатніх камандах гульня ішла па-рознаму. Хоць абсалютная перавага стопрацэнтна правільных адказаў над “трунамі” сведчыць, што і аб’ектыўна апошняя гульня была не самай складанай. А некаторыя, мне здаецца, атрымалі “нулі” з-за таго, што “капалі ў глыбіню” там, дзе адказ ляжаў на паверхні і з-за таго падаўся залішне, непраўдападобна простым.
Адзіным пытаннем, якое не ўзяла ніводная каманда, была “ёмістасць з наркотыкамі на чатыры тысячы чарак” – ніхто не здагадаўся, што артыкул у газеце “Труд” з гэтай нагоды называўся радком з казкі “Бочка па мору плыве”. Былі ўсе шансы стаць “труной” і ў пытання пра японскае хоку: “Ліст падае на ліст. Усе асыпалася. І дождж…” Дакладна дапісаць тры недастаючыя словы “…б’е на дождж” — не змог ніхто. Але “Ядзерны востраў” патрапіў калі не ў “дзясятачку”, то ў “дзявятачку”: лірыкі-ядзершчыкі напісалі, што “дождж лье на дождж” – і гэты адказ быў залічаны як правільны, на мой погляд, справядліва. Куды больш, чым у пытанні пра калядную ёлку, на якую ў Сібіры героя загналі ваўкі – былі залічаны адказы і пра мядзведзя, хоць гэта – зноў жа, на мой суб’ектыўны погляд — не зусім правільна, ужо хоць бы таму, што мядзведзі, у адрозненне ад ваўкоў, лазяць па дрэвах. Але як у камандзе апошняе слова заўсёды застаецца за капітанам, так і ў гульні – за журы.
Гэтае пытанне, дарэчы, было адным з “безрэйтынгавых” – яго ўзялі ўсе, хто з ваўкамі, хто з мядзведзямі. Гэткімі ж аднадушна правільнымі былі адказы на троххадоўку пра вынік, усе каманды правільна здагадаліся, што англійская прыказка “Занадта многа повараў сапсуюць булён” адпавядае рускаму аналагу “У сямі нянек дзіця без вока” – а можа, усе напярэдадні паглядзелі перадачу “Брэйн-рынг”, дзе гэтае пытанне “свяцілася”. Не ўзнікла праблем у знатакоў і з пытаннямі пра “каменны мёд”, які спачатку ў Еўропе прадавалі хворым па рэцэптах – усе здагадаліся, што гэта – цукар; і пра атручаны шакалад і павука, як выратаваў жыццё аўстрыйскаму каралю.
Калі б вызначалася самае вясёлае пытанне гульні, то ім, безумоўна, было б прызнана абстракцыянісцкая карціна “Дзяўчына пад снегам”, якую прапаноўвалася намаляваць знатакам. Вядучая не магла зразумець, чаму такі рогат стаяў у зале ўсю хвіліну, пакуль ішоў працэс абмеркавання пытання і творчасці знатакоў, пакуль не атрымала адказы і не ўбачыла рознай мадыфікацыі – але, як правіла, парныя! – гурбы. Правільны адказ – чысты ліст паперы – здалі толькі дзве каманды: “А’крэм” і “ЦэРэБрал”. І не варта ёрнічаць, што яны проста не ведалі адказ і здалі чыстыя бланкі, якія і былі залічаны як правільныя адказы: інтэлектуалы з адной і другой каманды сапраўды намалявалі “карціны”: рамка была! А на “карціне” – чысты белы снег… Гэткі своеасаблівы “Белы квадрат” — у супрацьвагу Малевічаваму “Чорнаму…”
Высокі рэйтынг быў у пытанняў пра каварных наложніц егіпецкага фараона, якім той замест смяротнага пакарання загадаў адрэзаць нос – правільны адказ даў толькі “Востраў шанцавання”. Зноў жа толькі рэдакцыйныя інтэлектуалы здагадаліся, што, каб перадаць вясковае жыццё ў п’есе “Дзядзя Ваня”, артысты на сцэне ўвесь час “білі камароў” – у іншых ігракоў яны чаго толькі не рабілі: часаліся, смаркаліся, ганялі мух, лускалі семкі і нават кукарэкалі. Толькі гімназічная “Astra” правільна адказала на даволі простае пытанне аб тым, што цытаты з Бібліі ў Амерыцы ўкладваліся ва ўпакоўку з жавальнай гумкай — іншыя “засоўвалі іх у шакалад, чыпсы, аўсяныя шматкі, поп-корн і іншыя дзіцячыя радасці… І адна “Ніка” з падатковай інспекцыі правільна адказала, што на бязлюдную “скалу смерці” адпраўляюць мужа і жонку, якія збіраюцца разводзіцца – кажуць, пасля гэтага ў іх такое жаданне прападае назаўсёды. Усе астатнія палічылі, што такое выпрабаванне патрэбна для жаніха і нявесты ці маладажонаў (хоць, зрэшты, можа і для іх не пашкодзіла б?)
Вынікі гульні чэмпіянату перад “фінішнай прамой” відаць з табліцы. Яны сведчаць: сенсацый кастрычніцкі тур не прынёс: каманды ўмацавалі свае пазіцыі ў турнірнай табліцы. Хоць паправіць становішча ў некаторых магчымасць яшчэ ёсць – пры ўмове, што яны самі пастараюцца і ім дазволяць гэта зрабіць сапернікі… Дажывём да лістапада – пабачым, у каго гэта атрымаецца.


Ніна РЫБІК.