В "Брейн-ринг" сыграли члены районной организации "Белорусское товарищество инвалидов" и работники территориального центра социального обслуживания населения
Напрыканцы мінулага года Астравецкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізавала інтэлектуальны турнір па гульні “Брэйн-рынг”.Арганізатарам інтэлектуальнага мерапрыемства выступіла член Астравецкага раённага таварыства інвалідаў, маладая дзяўчына Марына Лукашэвіч з Альхоўкі, якая і падрыхтавала пытанні для гульні.
Гульня праходзіла на базе тэрытарыяльнага цэнтра. Дзве каманды, адну з якіх прадстаўлялі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна Ваховіч, Наталля Юшчук, Вольга Клімчэня, Святлана Сафранкова, Марына Максімава, Яніна Панасюк, а другую – члены раённай арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў” Рэгіна Родзь, Раман Сянюць, Часлаў Сянюць, Марыя Камінская, Алена Качан, Тацццяна Лянкевіч, спаборнічалі ў хуткасці рэакцыі і інтэлекце.
Вёў гульню старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Юрый Іосіфавіч Ждановіч. Дзве каманды, якія сядзелі за сталамі, атрымалі свае назвы ад колеру шароў – “Зялёныя” і “Жоўтыя”. Гульня ішла з пераменным поспехам. Удача была то на адным баку, то на другім. І ў рэшце з мінімальным адрывам перамагла каманда тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Задумка правесці падобнае мерапрыемства з удзелам інвалідаў у Марыны Лукашэвіч узнікла даўно. Аднак рэалізаваць яе было складана. І галоўная цяжкасць – збор ігракоў. Але, як паказала гульня, усё немагчымае становіцца магчымым, калі з’яўляюцца захопленыя справай людзі.
Першы блін не аказаўся комам. Усе засталіся задаволены і гульнёй, і тым, што сабраліся разам. І таму, хочацца спадзявацца, падобныя сустрэчы стануць добрай традыцыяй у новым годзе.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
