Студенты-стройотрядовцы сыграли в "Что? Где? Когда?"

Сёння Астравецкі раён вядомы не толькі прыгожай прыродай і будаўніцтвам першай Беларускай АЭС, але і добра развітым інтэлектуальным рухам.


Штомесяц кожны трэці аўторак аматары «Што? Дзе? Калі?» збіраюцца ў Мальскім сельскім Доме культуры, каб пашавяліць звілінамі і па выніках года атрымаць званне лепшай інтэлектуальнай каманды. А ў мінулым годзе ў Астраўцы быў пакладзены пачатак яшчэ адной добрай традыцыі –   тады на інтэлектуальны турнір сабралася шэсць каманд, якія прадстаўлялі студэнцкія атрады, што працавалі на будаўніцтве аб'ектаў інфраструктуры нашага горада і першай Беларускай АЭС. Сёлета на Астравеччыну прыехала каля 400 прадстаўнікоў моладзі  з розных навучальных устаноў Беларусі і Расіі, якія вырашылі лета правесці ў студэнцкіх атрадах на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі,  – і 9 каманд сталі ўдзельнікамі Астравецкага інтэлектуальнага турніру.

Правесці турнір, арганізатарамі якога  выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама, раённы і цэнтральны камітэты грамадскага аб’яднання “БРСМ” і раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, згадзіўся выканаўчы прадзюсар тэлеканала “Беларусь 2”, тэлевядучы і аўтар многіх праектаў на беларускім тэлебачанні Дзмітрый Карась.

24 пытанні, якія іграліся ў два туры, хвіліна на абмеркаванне, запіс адказу – эмоцыі зашкальвалі.  Прычым складвалася ўражанне, што студэнты могуць знайсці адказ на любое пытанне. І тым не менш так званыя ў інтэлектуальным асяроддзі “труны” ўсё ж з’явіліся.  Але і гэта не сапсавала настрою студэнтам-інтэлектуалам.

А пакуль студэнты шукалі адказы на пытанні, а журы працавала,  заносячы вынікі ў табліцу,  у перапынках песні студэнтам дарылі Дар’я Крывіцкая і Злата Мінкелевіч.

Гульня прайшла на адным дыханні і наступіла  чарга падвесці вынікі. 16 правільных адказаў далі студэнты з каманды “Бобры Добры”, якія прадстаўлялі Магілёў,  – яны і сталі пераможцамі інтэлектуальных гульняў. На другім месцы – “Рэальныя пацаны” з Мінска, якія правільна адказалі на 14 пытанняў. Замкнуў круг пераможцаў “Беркут” з Віцебска, якому толькі рэйтынг дазволіў абагнаць “Маналіт” з Гродна.

Усе ўдзельнікі інтэлектуальных гульняў былі ўзнагароджаны Дыпломамі і салодкімі падарункамі, спонсарамі якіх выступіла раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.