Школьников Островетчины собрала в Малях интеллектуальная игра "Что? Где? Когда?"
Раённы этап абласнога інтэлектуальнага фестывалю “Кубак Кронана-2013” прайшоў у мінулую суботу ў Малях.На раённы этап па інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” прыехалі 12 каманд: “Лідары” з Падольскага НПК, “Шанс” з Гервяцкай СШ, “Соус” з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, “Пазітыў” з СШ №1, “Спектр” з Гудагайскай СШ, “Корань з шасці” з Міхалішкаўскай школы, “ШОУК” са Спондаўскай школы, дзве каманды – “Умко” і “Вікторыя” – выставіла Альхоўская школа і ажно тры – “Ост”, “Логас” і “Селена” – прадстаўлялі гімназію №1.
Сёмы год запар інтэлектуальныя гульні сярод школьнікаў у нашым раёне арганізоўвае Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Сёлетні раённы этап абласнога інтэлектуальнага фестывалю “Кубак Кронана-2013” праходзіў у Мальскім Доме культуры ў спецыяльна абсталяванай зале для інтэлектуальных гульняў, якую ўжо неаднойчы апрабавалі і ацанілі па вартасці дарослыя інтэлектуалы – удзельнікі раённага чэмпіянату.
Раённы этап складаўся з трох тураў гульні “Што? Дзе? Калі?”, у кожным з якіх было па 12 пытанняў. Правілы гульні ў асноўным адпавядалі дарослым інтэлектуальным гульням. А вось узрост інтэлектуалаў быў самым розным – ад пяцікласнікаў да адзінаццацікласнікаў. І тым не менш вялікай разбежкі паміж правільнымі адказамі не было.
Першыя два пытанні аказаліся так званымі “трунамі” – на іх ніхто не даў правільнага адказу. А вось трэцяе пытанне пра трэцяе вока, якое стварыў для сябе Шыва, калі багіня Парваці закрыла яму вочы рукамі, не выклікала цяжкасцей толькі ў дзвюх каманд – гудагайскага “Спектра” і “Соуса” з цэнтра творчасці. Менавіта інтэлектуалы з гэтых каманд адкрылі лік правільных адказаў у раённым этапе.
Першы тур найбольш удала закончыўся для каманды цэнтра творчасці дзяцей і моладзі: яны правільна адказалі на 8 пытанняў з 12. А вось для падольскага “Лідара” і гімназічнага “Логаса” гульня ў першым туры так і не пачалася – яны не далі ніводнага правільнага адказа.
Хаця, калі вяртацца да “трун”, то іх было нямала – на 10 пытанняў з 36 ні адна каманда не дала правільнага адказу – мнагавата будзе...
А на пытанне пра самыя вядомыя сімвалы СССР правільны адказ – серп і молат – далі ўсе каманды. Амаль усе каманды здагадаліся пра жыццё, якое разбойнікі дораць у абмен на кашалёк і якое Алег Міцяеў у сваёй песні параўноўвае з летам. Толькі інтэлектуалы з каманды цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Соус” правільна адказалі на пытанні пра скуру свінні, падарункі з якой нельга дарыць мусульманам, і пра хаткі духаў – асаблівыя збудаванні, да якіх тайцы прыносяць ежу і кветкі. І гэта нягледзячы на ўзрост, бо інтэлектуалы “Соуса” былі самымі маленькімі ігракамі – ім па 11-12 гадоў.
Другі тур не прынёс сюрпрызаў. У лідарах зноў аказаўся “Соус” з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Следам за ім ішла альхоўская “Вікторыя”.
У цэлым жа па выніках трох тураў больш за ўсё правільных адказаў – 14 – набралі інтэлектуалы з СШ №1 – каманда “Пазітыў” стала пераможцам раённага этапу абласнога інтэлектуальнага фестывалю “Кубак Кронана-2013”, за што і атрымала памятны дыплом і вялікі “Яблык азарэння” ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
Усяго на паўбала адсталі ад пераможцаў аматары інтэлектуальных гульняў з альхоўскай “Вікторыі” – яны былі другімі. А вось на трэцяй прыступцы раённага этапу абласнога інтэлектуальнага фестывалю “Кубак Кронана-2013” апынуліся ажно дзве каманды – гервяцкі “Шанс” і гімназічны “Ост”.
Каманды-прызёры раённага этапу таксама былі ўзнагароджаны дыпломамі і “яблыкамі” ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Грамату атрымалі і міхалішкаўскія інтэлектуалы з каманды “Корань з шасці” – яны далі самы смешны адказ на адно з пытанняў трэцяга тура.
Усяго на паўбала адсталі ад пераможцаў каманды “Спектр” з Гудагайскай школы і “Корань з шасці” з Міхалішак – з 11,5 баламі яны падзялілі крыўднае чацвёртае месца. На пятым аказаўся лідар двух першых тураў – каманда “Соус” з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, шостае месца занялі спондаўскія інтэлектуалы, на сёмым – гімназічная “Селена”, на восьмым – альхоўская “Умко”, дзявятае месца заняла каманда “Логас” з гімназіі №1 і дзясятае – “Лідары” з Падольцаў.
У апошні дзень кастрычніка дзве каманды – “Пазітыў” з СШ №1 і альхоўская “Вікторыя” – адправяцца на абласны турнір “Кубак Кронана-2013”, які пройдзе ў Гродна.
А астравецкія дзіцячыя інтэлектуальныя каманды зноў сустрэнуцца ва ўтульнай зале Мальскага сельскага Дома культуры ўжо ў снежні. Кіраўніцтва аддзела адукацыі і цэнтра творчасці дзяцей і моладзі спадзяецца, што правядзенне падобных гульняў стане добрай традыцыяй і перарасце ў дзіцячы раённы чэмпіянат – накшталт таго, які праходзіць сярод дарослых каманд.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Ганны ЗАХАРЫЧ.
