Школьники сразились в интеллектуальном бою

Чарговы турнір гульні «Што? Дзе? Калі?» сярод школьнікаў прайшоў у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.


Якая краіна лічыцца гістарычнай радзімай ёлкі? Дзе Новы год сустракаюць з узыходам сонца? Дзе і калі прайшлі першыя зімовыя алімпійскія гульні? З чаго рабілі іголкі для першых штучных ёлак? Адказы на гэтыя і шэраг іншых, больш складаных, пытанняў можна было даведацца падчас чарговага тура гульні «Што? Дзе? Калі?».

На гэты раз ўдзельнічала 8 каманд: “Clever” (гімназія №1), “Вега” (Спондаўская СШ), “Успышка” (Падольскі НПК), “Спектр” (Гудагайская СШ), “Арыён” (Альхоўская СШ), “Мандарынкі” (Варнянскі НПК), “Іскра” (Гервяцкая СШ) і “Эўрыка” (Кямелішкаўскі НПК).

А паколькі гульня праходзіла напярэдадні Новага года і Ражаства, то і прысвечана яна была гэтым папулярным святам. І таму прайшла на пазітыве і пры добрым настроі.

На гэты раз аднолькавую колькасць балаў па выніках гульні набралі дзве каманды – Гудагайскай і Гервяцкай школ. І каб вызначыць пераможцу, інтэлектуалам са “Спектра” і “Іскры” задалі яшчэ два пытанні. Па іх выніках перамогу атрымалі гудагайскія школьнікі, а гервяцкая “Іскра” стала другой. Трэцяе месца падзялілі каманды “Арыён” з Альхоўскай школы і “Вега” са Спондаўскага НПК.

Пераможцы турніру былі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, а каманда “Спектр” Гудагайскай школы атрымала пераможны кубак.


А вы ведаеце, што:

– на Тыбеце жанчыны пякуць піражкі, каб раздаць іх знаёмым і незнаёмым. Лічыцца, што чым больш іх раздасі, тым багацейшым будзеш;

– першыя канькі ў Расіі былі створаны Пятром І, а называліся яны скараходамі;

– усімі вядомую і любімую навагоднюю песню “У лесе нарадзілася ёлачка” напісала 18-гадовая гімназістка Царскай Расіі Раіса Кудашова;

– у скандынаўскіх краінах на святочным стале ў навагоднюю ноч абавязкова павінна быць карыца, якая мае рэзкі пах і не дае заснуць;

– у мангольскага Дзеда Мароза на галаве лісіная шапка, а ў руках – доўгая пуга, крэмень і табакерка.


----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.