Школьники Островетчины боролись за звание лучших знатоков
Чарговы тур раённага інтэлектуальнага турніру па гульні “Што? Дзе? Калі?” сярод школьных каманд прайшоў у Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.На гэты раз у інтэлектуальных спаборніцтвах удзельнічалі старэйшыя ювеналы – восем каманд з розных школ раёна вырашылі прадэманстраваць свае веды і інтэлект.
Гульня ўключала тры туры, у якіх разыгрывалася па дзесяць пытанняў, відаць, не зусім лёгкіх, таму што каманда, якая стала пераможцам турніру, правільна адказала толькі на восем пытанняў.
А пытанні, тым часам, былі самыя розныя. Некаторыя з іх можна было “ўзяць” нават не задумваючыся: да прыкладу, “назавіце радзіму людзей, якія лічаць, што нараджаюцца з вяслом” (Венецыя) ці “вядомая назва класічнага твора складаецца з двух імён, опера Белліні на гэты сюжэт мае назву, якая складаецца з двух прозвішчаў” (Мантэкі і Капулецці). Над другімі, наадварот, неабходна было паразважаць. Каб даць адказ на трэція, трэба было разгадаць тую інфармацыю, якая была, так сказаць, зашыфравана ў пытанні.
У выніку першае месца па набраных балах дасталася гімназістам з каманды “Ost”. На другім месцы апынуўся варнянскі “Кампраміс”, на трэцім – “Успышка” з Падольцаў. На наступных месцах у турнірнай табліцы размясціліся каманды “Вега” са Спондаў і “Спектр” з Гудагая – яны адпаведна чацвёртыя і пятыя, шостае месца падзялілі “Шанс” з Гервят і “Арыон” з Альхоўкі.
А вось “Дружбе” з Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання на гэты раз не пашанцавала – яны не ўзялі ні аднаго пытання. Аднак, як сцвярджаецца, “не выйграе той, хто не гуляе”, таму, спадзяюся, вопыт прыйдзе з гульнёй – і на наступны раз у іх усё атрымаецца.
--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
