Школьницы из интеллектуальной команды "СОУС" получили путёвки в лагерь "Зубрёнок"
На працягу двух гадоў у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі існуе інтэлектуальная каманда «СОУС» – руская абрэвіятура яе назвы азначае «стремимся ослепить умом соперника». Для дзяўчат і іх кіраўніка Аляксандры Мікалаеўны Букель гэтыя словы сталі не толькі назвай каманды, але і своеасаблівым дэвізам, які яны імкнуцца ажыццявіць.Шэсць такіх непадобных адна на другую дзяўчынак – Таццяна Бушыла, Марыя Зімніцкая, Аліна Мацкевіч, Арына Букель, Алёна Івашка і Аліна Вайшнаровіч, якіх аб’ядноўвае гурток “Крэда”, – у барацьбе “розуму” з’яўляюцца адзіным цэлым.
27 кастрычніка каманда “СОУС”, як лепшая з каманд па выніках мінулага абласнога гульнявога сезона, адправілася на 11 адкрыты турнір па інтэлектуальных гульнях “Несцерка”, які праходзіў у Мінску. Дарэчы, гэты турнір уключаны ў рэйтынг міжнароднай асацыяцыі клубаў “Што? Дзе? Калі?”, таму ацаніць свае інтэлектуальныя здольнасці на ім сабралася 60 каманд з усёй краіны.
Акрамя прывычных “Што? Дзе? Калі?” і “Сваёй гульні”, удзельнікам інтэлектуальных спаборніцтваў былі прапанаваны яшчэ “Медыя-Азбука” і “Медыя-Скарбонка”. Па выніках іх астравецкія эрудыты трапілі ў “залатую сярэдзіну”.
– Галоўнае – не перамога, а ўдзел і атрыманы вопыт, – упэўнены дзяўчаты. – Да таго ж мы былі самай юнай камандай. А яшчэ запамінальнай стала сустрэча і гутарка з вядомым беларускім знатаком, інтэлектуалам і тэлевядучым Леанідам Клімовічам, які пакінуў на памяць нашай камандзе аўтограф з пажаданнем поспеху.
30 кастрычніка “СОУС” адправіўся на абласны фестываль па інтэлектуальных гульнях “Кубак Кронана-2015”, які ў дваццаты раз праходзіў у Гродне.
40 каманд, чатыры гульні “Медыя-Азбука”, “Тройка”, “Рыскуй” і “Што? Дзе? Калі?” – і ў астравецкіх інтэлектуалак дзевятнаццатае месца.
Прыемным сюрпрызам для дзяўчат з каманды “СОУС” сталі пуцёўкі ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы летнік “Зубраня”.
Дзіяна ВАЙДАК, сацыяльны педагог цэнтра творчасці.
