Рэкорды і сенсацыі чацвёртага тура інтэлектуальнага турніра
Кожны тур інтэлектуальнага чэмпіянату для кожнай каманды мае свае адметныя асаблівасці – “пайшла” гульня ці не, залежыць ад мноства фактараў. І ўсё ж чацвёрты тур раённага чэмпіянату, які адначасова з’яўляўся другім турам абласнога асінхроннага турніру, літаральна ўсім ігракам запомніцца надоўга. Як прыклад нават не самай складанай – самай неінтэлектуальнай гульні з усіх інтэлектуальных.
…Асінхронны турнір адметны тым, што ў розны час аднолькавы пакет пытанняў – які, дарэчы, на гэты раз рыхтавала рэгіянальны прадстаўнік Беларускай лігі інтэлектуальных каманд Галіна Іванаўна Чарапок – гуляюць у розных гарадах вобласці: Астраўцы, Ашмянах, Ваўкавыску, Лідзе, Гродне. Пакуль у нас няма дадзеных, як згулялі больш вопытныя знатакі з традыцыйных інтэлектуальных цэнтраў Гродзеншчыны. Але для Астраўца чатырнаццаць “трун” з 24 пытанняў, і вынік тое, што каманда-пераможца “Mаgnum ignotum” адказала толькі на шэсць пытанняў – абсалютны рэкорд за ўсю гісторыю правядзення інтэлектуальных турніраў у нашым раёне. Ці, правільней будзе сказаць, анты-рэкорд. Бо сведчыць ён найперш пра дрэнна падрыхтаваны пакет. Канешне, бываюць гульні складаныя і пытанні цяжкія, якія не бярэ ніводная каманда ці азарэнне сыходзіць на адну ці дзве – але пасля якіх адчуваеш захапленне перад аўтарам, які так прыгожа “закруціў” інтрыгу, здараецца ў два-тры, а то і больш хадоў. І якая асалода, калі такі “закручаны” шматхадовік з абсалютна чужой для цябе галіны ведаў у выніку хвіліннага калектыўнага штурму самых патаемных засекаў памяці ўсіх ігракоў, лагічных і не вельмі асацыяцый удаецца разгадаць! У такія моманты, мне здаецца, і “падсаджваюцца” людзі на “інтэлектуальную іголку” – бо яны даюць ні з чым непараўнальны драйв.
Але ў мінулы панядзелак амаль усе ігракі пакідалі Дом культуры “Галактыка” ў прыгнечаным настроі. І нават не таму, што практычна ніхто не быў задаволены сваёй камандай – не было ўвогуле таго традыцыйнага задавальнення ад гульні, якое прымушае дарослых і не самых свабодных людзей кожны месяц шукаць любую магчымасць, каб сабрацца разам і напружана “варушыць звілінамі”. Пытанні былі не на логіку, як уласціва гульні “Што? Дзе? Калі?”, і нават не на веды – увогуле цяжка зразумець, як яны складаліся і падбіраліся. Упэўнена: нават калі б у нейкай з каманд сядзеў не проста біёлаг, а непасрэдны даследчык мурашкаедаў, ён бы не адказаў, што гэтая жывёліна самая “непаўназубая з непаўназубых” – ну не “шэдэкашнае” гэта пытанне! Да слова сказаць, няправільныя адказы нашых знатакоў, мне здаецца, былі нашмат лепшымі, чым правільны: самы даўганосы, языкасты, цікаўны, пражэрлівы… І ўсе іх можна было прызнаць правільнымі – а гэта таксама сведчыць пра дрэнную якасць пытання. І наўрад ці хто-небудзь у здаровым розуме і яснай памяці можа ўявіць, што параметр, па якім можна параўноўваць ліст салаты і нейкую жывёліну – гэта хуткасць: пад жывёлінай мелася на ўвазе… чарапаха!!! Ніхто, здаецца, так і не зразумеў, якое дачыненне мае хуткасць руху чарапахі да салаты. І такіх пытанняў на апошняй гульні было, паўтаруся, больш паловы. Зразумела, што і агульны вынік гульні “Што? Дзе? Калі?” у красавіцкім туры больш чым сціплы.
Але ж псіхолагі раяць ва ўсім шукаць пазітыў. Асабіста я знайшла яго ў гульні варнянскай каманды “Оптымум”. У папярэдніх турах гульня ў варнянцаў не складвалася, і я шчыра перажывала і “хварэла” за іх. А ў мінулы раз яны на справе даказалі, што рана запісваць “Оптымум” у аўтсайдары: чатыры правільныя адказы (нагадаю: у пераможцаў – шэсць) – і чацвёртае месца ў гульні “Што? Дзе? Калі?” і па выніках тура! Адно слова – малайцы! Услед за “Праметэем” у першым туры і “Гульнямі розуму” – у другім, трэці з нашых навічкоў – “Оптымум” – таксама зрабіў маленькую сенсацыю. Спадзяемся, што не апошнюю… Тым больш, што адна ўдалая гульня надвор’я не робіць: яна хоць і дазволіла варнянцам вырвацца з крыўднага апошняга месца, але ж асабліва высока ў турнірнай табліцы не прасунула.
Зрэшты, пэўную сенсацыю зрабілі і альхоўскія “Гульні розуму”. Упершыню ў гісторыі астравецкіх інтэлектуальных турніраў яны аргументавана даказалі – дарэчы, ужо назаўтра – галоўнаму суддзі нашага чэмпіянату і старшыні апеляцыйнай камісіі Ларысе Каханоўскай, што “ТОПИАРИ” – гэта мастацтва стрыгчы не толькі дрэвы, але і кусты – і адсудзілі ў “Сваёй гульні” дадатковых сто ачкоў, паламаўшы тым самым выніковую табліцу не толькі ў “Сваяку”, але і ў чацвёртым туры ўвогуле. Малайцы – сваю правату трэба ўмець аргументавана адстойваць.
Вось толькі хацелася б, каб, абараняючы свае правы, ігракі памяталі і пра абавязкі. А яшчэ – пра няпісаны кодэкс гонару сапраўднага інтэлектуала. Згодна з якім усё ў гэтай гульні базіруецца на сумленні. І да членаў журы варта падыходзіць і нагадваць памылкі не толькі тады, калі вам нечага не далічылі, але і тады, калі налічылі лішняга. Тым больш, што тайнае ўсё роўна становіцца яўным…
Гэтую тэму вымушана падняць таму, што ў чацвёртым туры адбылася яшчэ адна непрыемная падзея: журы няправільна палічыла ачкі ў “Сваёй гульні” некалькім камандам. Некаторым – настолькі істотна, што не заўважыць памылку было немагчыма – дарэчы, пагэтаму вынікі, што прыведзены сёння ў табліцы, так адрозніваюцца ад тых, што агучваліся вядучай падчас гульні. І вельмі прыкра, што ніхто пасля агучвання вынікаў не сказаў членам журы: “Вы нам налічылі лішняе”. Але ж усе адказы захоўваюцца, назаўтра ачкі кожнай каманды былі пералічаны, памылкі знойдзены і выпраўлены, каманды апынуліся на тых месцах, якія сапраўды заслужылі. Але непрыемны асадак застаўся…
Хочацца спадзявацца, што пасля наступных тураў яго не будзе ні ў адной з каманд – ні ад якасці пакету пытанняў, ні ад работы журы, ні ад паводзін ігракоў, ні ад жыцця ўвогуле. Чаго нам усім і жадаю!

Вынікі апошняга тура і ўсіх чатырох па кожнай з заліковых гульняў і суме месцаў, набраных камандамі ў кожным туры, бачны з табліцы. Яны сведчаць: пакуль што аднаасобнае лідарства па ўсіх пазіцыях захапіў “Mаgnum ignotum”. Але на пяткі яму наступае “ЦэРэБрал”. І яшчэ як мінімум тры каманды гатовы пазмагацца за месца ў прызавой тройцы – ды, зрэшты, да гэтага ўсе гатовы. Так што асноўны напал барацьбы наперадзе.
Ніна РЫБІК.