Островецкий "СОУС" занял четвертое место на республиканском турнире по интеллектуальным играм

Інтэлектуальны “вірус” з хуткасцю маланкі распаўсюджваецца ў нашым раёне. Сёння ў “Што? Дзе? Калі?” гуляюць не толькі дарослыя, але і дзеці. Адзін раз у месяц яны збіраюцца ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі і выпрабоўваюць сілу свайго розуму.

Сёння мы прапануем вам пазнаёміцца з лепшай, прычым не толькі ў сваёй узроставай катэгорыі, камандай “СОУС” з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Шэсць мэтанакіраваных дзяўчынак: Алёна Івашка, Таццяна Бушыла, Аліна Вайшнаровіч, Аліна Мацкевіч, Арына Букель і Марыя Зімніцкая – пад кіраўніцтвам Аляксандры Мікалаеўны Букель у канцы мая занялі чацвёртае месца на рэспубліканскім турніры па інтэлектуальных гульнях “Савяня”, які праходзіў у Мінску. Гэтая падзея і стала нагодай, каб пазнаёміцца з дзяўчатамі і іх кіраўніком бліжэй.



Пра “СОУС”

А пачалося ўсё нашмат раней. Пяць гадоў назад мамы прывялі сваіх дачушак у гурток па выяўленчым мастацтве, які ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі выкладала якраз Аляксандра Мікалаеўна Букель.

– Дзяўчаты старанна займаліся, спасцігалі мастацтва малявання… Трохгадовая праграма навучання скончылася, а развітвацца нам не хацелася, – расказвае Аляксандра Мікалаеўна Букель. – Да таго ж на той час я сама ўжо трывала “падсела” на інтэлектуальную “іголку”. І тады прапанавала дзяўчатам стварыць клуб інтэлектуальных гульняў “Крэда” – ужо два гады мы разам.

І пачалася інтэлектуальная праца. Самае складанае было прыдумаць цікавую назву каманды. За дапамогай звярнуліся ў інтэрнэт: прагледзелі, як называюцца іншыя дзіцячыя інтэлектуальныя каманды, – нічога не спадабалася.

– Гэтае пытанне мы абмяркоўвалі напрыканцы працоўнага дня – усім хацелася есці, і таму прапановы ў большасці сваёй былі звязаны з ежай: выйшлі на “доктарскую каўбасу”, потым – на “сасіскі”, а да сасісак, вядома, патрэбен соус – менавіта за яго мы і зачапіліся, – усміхаецца Аляксандраўна Мікалаеўна. – І дзеці атрымалі на дом заданне прадумаць расшыфроўку гэтага слова.

Хутчэй за ўсё гэта атрымалася ў Машы Зімніцкай, якая з дапамогай мамы прапанавала расшыфроўку “Стремимся Ослепить Умом Соперника”. Дзяўчатам гэта спадабалася – і такім чынам каманда атрымала назву.

– Потым Арына Букель прыдумала эмблему. А ў хуткім часе, мы спадзяемся, у нас з’явіцца і форма, – дзеліцца запаветным Аляксандра Мікалаеўна.


Пра каманду

Трэніроўкі клуба праходзяць два разы на тыдзень. Па дзве гадзіны дзяўчаты разам са сваім педагогам разбіраюць пытанні і знаходзяць на іх адказы.

– Як і на гульні, мы збіраемся за круглым сталом. Я чытаю пытанне – дзяўчаты абмяркоўваюць, – расказвае Аляксандра Мікалаеўна. – Дзесьці праз паўгода трэніровак у ігракоў з’явіліся свае ролі. Кожны чалавек у камандзе за нешта адказвае. За два гады яе склад амаль не змяніўся – прыйшла толькі Алёна Івашка. І яна вельмі хутка адаптавалася.

– У Алёны вельмі важная роля – яна запісвае пытанні. Прычым піша яна вельмі хутка, і почырк у яе разборлівы, – уступае ў гутарку Аліна Вайшнаровіч.

– Перад пачаткам гульні я вельмі хвалююся, – гаворыць Алёна Івашка, – але пасля 4-5 пытанняў хваляванне прападае, і я поўнасцю аддаюся гульні.

– Мы ўсе, акрамя Машы, вучымся ў адным класе і добра ведаем адзін аднаго. Аднак часта прыслухоўваемся менавіта да версій Марыі – у яе ёсць нейкае сёмае пачуццё, інтуіцыя, якая дазваляе з некалькіх варыянтаў адказаў выбраць менавіта той, які акажацца правільным, – расказвае Аліна Вайшнаровіч.

– Сваіх дзяўчатак я называю “знайкі-ўсёзнайкі”. І гэта сапраўды так. Напрыклад, Таццяна Бушыла ў Астравец пераехала з Мінска. Яна закончыла музычную школу па класу “скрыпка” – і пра музыку, гэтак жа як і Алёна Івашка, ведае шмат. А яшчэ яна запісвае адказ – і гэта таксама важная рэч.

– Мы не толькі здаём адказ журы, але і дубліруем яго ў сваіх запісах. Гэта таксама вельмі добра: бачыш, як ты выступіў, а пры неабходнасці потым можна разабраць гульню з сябрамі, – працягвае Аліна Вайшнаровіч. – Мы любім павесяліцца. А падчас гульні гэта можа закончыцца вельмі дрэнна, і таму я заўсёды стараюся трымаць каманду – і да мяне прыслухоўваюцца.

– А вось Аліна Мацкевіч у нас добра валодае рэлігійнай тэматыкай – яна выдатніца ў рэлігіёзнай школе і з лёгкасцю бярэ пытанні на гэтую тэму, – расказвае пра сваіх выхаванцаў Аляксандра Мікалаеўна. – Арына Букель і Аліна Вайшнаровіч займаюцца англійскай мовай, і таму краязнаўчая тэматыка, звязаная з Англіяй – а такіх пытанняў таксама шмат, – іх канёк. А яшчэ мае выхаванцы шмат падарожнічаюць – і гэта таксама дапамагае ў гульні.


Пра пытанні

– Калі мы гулялі ў Мінску, то вядучы нам сказаў, што 80% адказу крыецца ў самім пытанні – трэба толькі яго раскруціць. Вось такія пытанні нам падабаюцца, – амаль хорам “выдаюць” дзяўчаты.

– А пытанні на раённым турніры часта бываюць на канкрэтныя веды. Нас зарання папярэджваюць, на якія тэмы будзе гульня: мы чытаем літаратуру, завучваем нейкія факты, лічбы, падзеі, аднак такая гульня не прыцягвае, у ёй няма ізюмінкі. А вось тое, што кожная раённая гульня заканчваецца ўзнагароджваннем, нам падабаецца. Раённыя гульні – гэта стымул гуляць добра.

– Канешне, здараецца, каб не здаваць чысты лісток, мы пішам абы-што – і пападаем пальцам у неба, – усміхаюцца дзяўчаты. – Нам неяк Фёдар Шведаў сказаў: “Калі не ведаеце, што пісаць, – пішыце “лапата”. Так і робім.


Пра перамогі

За час удзелу ў раённых турнірах каманда сабрала цэлы яблыневы сад – у дзяўчат ужо ёсць тры яблыкі. А акрамя іх – падарункі і цэлая папка грамат і дыпломаў.

Дарэчы, вельмі часта перад пачаткам гульні на іншых турнірах да дзявочай каманды сур’ёзна не адносяцца.

– Мы чулі, як на асінхронным чэмпіянаце ў Ашмянах нас назвалі “маляўкі” – аднак, калі мы сталі выйграваць, намі зацікавіліся. І гэта прыемна, – гаворыць Аліна Вайшнаровіч.

– І на раённым чэмпіянаце да нас таксама спачатку адносіліся вельмі насцярожана. Многія лічылі, што раз мы прадстаўляем Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, які якраз і з’яўляецца арганізатарам дзіцячых гульняў, значыць, мы ведаем адказы на пытанні, – працягвае Арына Букель.

– Аднак нам гэта не трэба. Тады ніякага драйву ад гульні не атрымаеш. Для нас больш важна дакапацца да адказу самім – і атрымаць ад гэтага задавальненне. Але паверылі ў нас толькі тады, калі мы выйгралі ў вобласці, – менавіта тады адносіны да нас змяніліся, – амаль у голас сцвярджаюць дзяўчаты.

– А яшчэ ў нас ёсць своеасаблівы рытуал, які дапамагае перамагаць, – таямніча паведамляе Аліна Вайшнаровіч. – Толькі гэта сакрэт. Вось атрымаем перамогу на рэспубліцы – тады і раскажам.


Пра “Савяня”

Рэспубліканскі турнір сярод вучняў 5-7 класаў праходзіў у сталічным Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Сёлета на яго сабралася 47 дзіцячых каманд з усёй краіны.

– У мінулым годзе мы ўжо ездзілі на гэты турнір, – расказвае Аляксандра Мікалаеўна. – Тады мы сталі трынаццатымі з 33 каманд. А сёлета паставілі перад сабой задачу ўвайсці ў дзясятку мацнейшых.

І трэба адзначыць, што ў дзяўчат гэта атрымалася: заняць 4 месца з 47 каманд – нядрэнны вынік. І гэта пры тым, што турнір быў не з лёгкіх.

Спачатку дзяўчаты адыгралі “Сваю гульню”: 15 тэм па пяць пытанняў – і ў выніку 10 месца. А потым пачалося “Што? Дзе? Калі?”, дзе неабходна было адказаць на 36 пытанняў, прычым палову з іх дзяўчаты “ўзялі” – аднак да трэцяга месца не хапіла аднаго правільнага адказу – і ў выніку астраўчане сталі чацвёртымі.


--------------------------------------

Сакрэты інтэлектуалаў выведвала Алена ЯРАШЭВІЧ.

Фота аўтара.