Островецкие школьники встретились в Малях, чтобы определить лучших интеллектуалов
Другая гульня раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў, арганізатарам якой выступіў раённы аддзел адукацыі, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, раённыя арганізацыі БРПА і БРСМ, прайшла ў Мальскім сельскім Доме культуры.На гэты раз заяўкі на ўдзел у “Што? Дзе? Калі?” падалі 13 школьных каманд. На жаль, на гульню змаглі прыехаць толькі 12 з іх: “Дзяўчаты” з Рытанскага НПК, “Пазітыў” з СШ №1 г. Астраўца, “Сіла розуму” з Кямелішак, “KLEVER” з гімназіі №1, “Арыенцір” са Спондаў. Каманда “Радзімічы” прадстаўляла Міхалішкаўскую школу, “Спектр” – Гудагайскую, варнянскія школьнікі ўвайшлі ў “215 дывізію”. Рымдзюнскую сярэднюю школу з літоўскай мовай навучання прадстаўляла каманда “Дружба”, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – каманда “СОУС”, “Вундэркінды” прыехалі з Падольцаў, а каманду Альхоўскай школы прадставіла “Вікторыя”.
Лістападаўская гульня была прысвечана 70-ай гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
З аднаго боку, гуляць было прасцей – усе пытанні былі прысвечаны адной тэме, з другога – складана, бо на гульню былі запрошаны каманды, узрост удзельнікаў якіх не перавышаў 14 гадоў. Большасць школьнікаў яшчэ не вывучала тэму Вялікай Айчыннай вайны ў школьным курсе гісторыі, як вынік – колькасць правільных адказаў была невялікай.
Не вельмі прыемны сюрпрыз чакаў каманду “Вікторыя” з Альхоўскай сярэдняй школы: з-за ўзросту сваіх удзельнікаў – тут сабраліся вучні старэйшых класаў – яна вымушана была гуляць па-за конкурсам.
І тым не менш, гульня прайшла цікава. На гэты раз інтэлектуальны турнір складаўся з 20 пытанняў. Упэўнена, што ў дарослых каманд і нават старэйшых школьнікаў гэтыя пытанні не выклікалі б цяжкасцей, а вось сярэднім школьнікам гуляць было складана. Прынамсі, так здалося членам журы, да таго ж пра гэта сведчылі адказы, якія давалі каманды.
І тым не менш, яны трымаліся. Не было нават так званых “трунаў”. Хаця на многія пытанні толькі адна каманда давала правільны адказ.
У цэлым жа гульня пачалася нядрэнна. На першае пытанне, у якім неабходна было назваць горад, пад якім у 1941 годзе наша армія ўпершыню выкарыстала “кацюшы”, пяць каманд з 12 далі правільны адказ “Орша”, астатнія чамусьці палічылі, што гэта быў Брэст.
Затое ўсе школьнікі далі правільны адказ пра байца, які страляе трапна. Гэта і не дзіўна, пра майстэрства снайпера ведаюць нават дашкольнікі.
Амаль усе каманды далі правільныя адказы на пытанні пра подзвіг лётчыка Мікалая Гастэлы і пра Берлін, дзе савецкія войскі прымянілі 140 пражэктараў і тым самым асляпілі войскі праціўніка.
Здзівіла, што школьнікі зусім не ведаюць папулярных савецкіх песень пра Вялікую Айчынную і Грамадзянскую войны. Так, на пытанне пра краіну, у якой стаіць вядомы помнік “Алёша”, узведзены ў гонар рускіх салдат, якія загінулі пры яе вызваленні ад фашыстаў, толькі “СОУС” з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі даў адказ “Балгарыя”. Для астатніх гэтае пытанне аказалася тайнай за сямю замкамі. А вось вывучалі б музыку да сёмага класа, як гэта было раней, магчыма, і песню б ведалі, і адказ правільны далі б. Толькі “СОУС” і школьнікі з Альхоўкі правільна адказалі пра тачанку – павозку для кулямёта, якая праслаўляецца ў вядомай песні пра Грамадзянскую вайну.
Толькі альхоўскія школьнікі ведалі правільны адказ пра савецкага ваеннага начальніка Васілеўскага, які таксама, як Сталін і Жукаў, быў двойчы кавалерам ордэна “Перамогі”. А вось каманда гімназістаў палічыла, што гэта быў Ленін. Дзіўна?! Ці прычына ў тым, што школьнікі пакуль што не ўмеюць слухаць пытанне?!
Толькі пераможцы кастрычніцкай гульні – каманда “Пазітыў” з СШ №1 дала правільны адказ пра Пік Перамогі – самую высокую вяршыню Цянь-Шаня, якая была названа так у гонар завяршэння Вялікай Айчыннай вайны.
У цэлым жа гульня для некаторых каманд закончылася даволі нядрэнна. Найбольшая колькасць правільных адказаў – 12, найменшая – 2.
У выніку першае месца заняла каманда “СОУС” з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Школьніцы былі ўзнагароджаны “яблыкам азарэння” ад спонсара гульні – Астравецкай раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, які юным інтэлектуалам уручыла першы сакратар раённага камітэта Аксана Паўлаўна Лазарава. 8 балаў набралі ажно чатыры каманды – “Пазітыў” з СШ №1, спондаўскі “Арыенцір”, рымдзюнская “Дружба” і альхоўская “Вікторыя”, якая гуляла па-за конкурсам і таму не магла прэтэндаваць на ганаровае званне прызёра лістападаўскай інтэлектуальнай гульні. Першыя тры названыя каманды і падзялілі другое месца. На трэцяй прыступцы інтэлектуальнага п’едэсталу апынуліся школьнікі з Гудагая. Усе пераможцы раённага этапу былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі. Астатнія каманды атрымалі Падзякі за актыўны ўдзел у гульні.
Наступная гульня раённага чэмпіянату сярод школьных каманд пройдзе ўжо ў снежні. І зноў выявіць мацнейшую інтэлектуальную каманду раёна сярод школьнікаў.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
