Островецкие школьники состязаются в знаниях за право стать лучшей интеллектуальной командой района
У мінулым годзе ў раёне стартаваў дзіцячы чэмпіянат па гульні “Што? Дзе? Калі?”. Якраз напярэдадні Новага года прайшла апошняя гульня мінулага чэмпіянату, удзельнікамі якой сталі школьнікі рознага ўзросту, якіх журы па гэтай прычыне падзяліла на тры групы.Тады пераможцамі гульні сярод юніёраў стала каманда Альхоўскай школы “Вікторыя”, першае месца сярод старэйшых ювеналаў заваявала каманда “Пазітыў” СШ №1, а перамогу ў групе малодшых ювеналаў святкавала “Умка” з Альхоўскай школы.
Тады ж школьнікі вырашылі працягваць інтэлектуальную справу ў наступным годзе. І ў мінулую суботу юныя інтэлектуалы зноў сабраліся ў Мальскім сельскім Доме культуры, каб яшчэ раз пазмагацца за права стаць самым інтэлектуальным інтэлектуалам.
На гэты раз першая гульня школьнага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях супала з раённым завочным сінхронным турнірам рэспубліканскага чэмпіянату па гульні “Што? Дзе? Калі?” сярод піянерскіх дружын. А паўдзельнічаць у гульні вырашылі 11 ужо вядомых каманд: “Пазітыў” з СШ №1 Астраўца, “KLEVER” з гімназіі №1, “Арыенцір” са Спондаў, каманда “Міхалішкі – 6” прадстаўляла Міхалішкаўскую школу, “Спектр” – Гудагайскую, варнянскія школьнікі ўвайшлі ў “315 дывізію”, Рымдзюнскую сярэднюю школу з літоўскай мовай навучання прадстаўляла каманда “Дружба”, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – каманда “СОУС”, Гервяцкую СШ – каманда “Шанс”, “Успышка” прыехала з Падольцаў, а каманду Альхоўскай школы прадставіла “Умка”.
Гульня насіла назву “Мая Радзіма – Беларусь”, таму пытанні, на якія неабходна было адказаць інтэлектуалам, былі прысвечаны Беларусі.
Многія каманды паказалі даволі добрыя веды, і інтэлектуальных “трун” у гульні не аказалася. Самымі складанымі для школьнікаў сталі пытанні пра Пушкіна, які слыў сябрам Адама Міцкевіча, пра беларускі лён, які надае моц еўрапейскай валюце, і пра тэлевізар, які аб’ядноўвае такое паняцце, як гарызонт, і адважнага і доблеснага воіна-віцязя – адказы на іх далі, адпаведна, толькі інтэлектуалы з “Пазітыва”, “Умкі” і “СОУСа”.
Астатнія пытанні больш-менш дружна браліся амаль усімі камандамі знатакоў. І ў выніку найбольшую колькасць балаў – 14 з 20 – набралі каманды “Арыенцір” са Спондаўскай школы, “СОУС” з Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і “Пазітыў” з СШ №1. На другім месцы з 13 баламі апынуліся знатакі каманд “Klever” з гімназіі №1 і “Успышка” з Падольскага НПК, на трэцім – “Міхалішкі-6”, якія далі правільныя адказы на 12 пытанняў. Як і падчас мінулагодніх гульняў, пераможцы былі ўзнагароджаны Дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму.
У наступным месяцы школьныя каманды знатакоў зноў сустрэнуцца ва ўтульнай зале інтэлектуальных гульняў Мальскага сельскага Дома культуры, каб пазмагацца за права стаць лепшай школьнай інтэлектуальнай камандай раёна.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
