Интеллектуальные игры: островецкие команды не вошли в тройку лидеров
Раённыя інтэлектуалы жывуць найперш падзеямі свайго раённага чэмпіянату. Але тры апошнія туры яго, нагадаем, праводзіліся ў рамках абласнога асінхроннага турніру па гульні “Што? Дзе? Калі?” Гэта значыць, што нашы 13 каманд разам з мацнейшымі інтэлектуаламі з Гродна, Ваўкавыска, Ліды, Ашмян на працягу трох тураў адказвалі на адны і тыя ж пытанні і высвятлялі, хто з іх мацнейшы.
Хачу парадаваць нашых знатакоў: ніхто з іх не замкнуў турнірную табліцу: апошняя па выніках гэтых трох тураў з астравецкіх каманд толькі на 38 месцы з 44 удзельнікаў. І адначасова засмуціць: у тройку лідараў ніхто з нашых таксама не ўвайшоў.
Лепшая з астравецкіх каманд – “Востраў шанцавання” з 37 ачкамі – на сёмым месцы. У дзясятку мацнейшых каманд вобласці ўвайшоў і “Magnum ignotum” – ён дзявяты з 35 ачкамі. “Astra” – на 18 месцы, “ЦэРэБрал” – на 19, “Ніка” – на 24, “Антрацытавае сонца” – 25, “Ядзерны востраў” – на 26, “Аднакашнікі” – на 29, “Гульні розуму” – на 32, “Оптымум” – 34, “Надзея” – 36, “Праметэй” – 37, “А’крэм” – 38 месца.
Нашы знатакі могуць пацешыцца яшчэ і тым, што з нашых традыцыйных “заклятых сяброў” абагнала Астравец толькі ашмянская “Гасіла” – у каманды Фёдара Шведава пятае месца. Смаргонская “Оксна” – 11, ашмянская “У дзясятачку” – 13, ашмянскі “Inside” –27.
Так што “работа ў семестры” – рэгулярныя трэніроўкі падчас чэмпіянату – усё ж даюць свой вынік.
Ніна АЛЯКСЕЕВА.