Молодые люди с ограниченными физическими возможностями играли в интеллектуальные игры
Нездарма інтэлектуальную гульню “Што? Дзе? Калі?” параўноўваюць са своеасаблівым “наркотыкам”, які распаўсюджваецца і захоплівае ў палон усё больш сваіх прыхільнікаў. Ваўсю кіпяць жарсці раённага чэмпіянату, рэгулярна збіраюцца і спаборнічаюць у ведах і кемлівасці школьнікі… А нядаўна за сталамі знатакоў паспрабавалі сілы маладыя людзі, якія па волі лёсу абмежаваны ў сваіх фізічных, – але не інтэлектуальных! – магчымасцях.Арганізаваць такую гульню вырашылі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пры фінансавай падтрымцы раённай ар-ганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. На запрашэн-не паспрабаваць сябе ў ролі знатакоў адгукнуліся не толькі астраўчане, але і госці з суседніх раёнаў. Дарэчы, у камандзе гулялі не толькі маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, але і некалькі работнікаў ТЦСАН, якія таксама ніколі пакуль не спрабавалі сябе ў ролі інтэлектуалаў. Такім чынам на гульню сабраліся ашмянскі “Энерджайзер”, “Жыццё без межаў” са Смаргоні і дзве астравецкія каманды “Маланка” (ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”), дзе пытанні штурмавалі Аляксандр і Таццяна Лянкевічы, Валерый Ляховіч, Марына Лукашэвіч, Генадзь Памецька і Паша Букель, і “Сузор’е” (ТЦСАН), у склад якой увайшлі Максім Налівайка, Яўген Янушкевіч, Віталій Дамуць, Таццяна Ваховіч, Аксана Свірская і Рэната Янульчык.
Пачынаць штосьці новае заўсёды складана. Адна справа сядзець ля тэлевізара і дапамагаць адказваць знатакам – і зусім іншая самому знаходзіцца ў крэсле іграка, адчуць адрэналін і хваляванне на ўласнай скуры, спраўляцца з блытанінай і сумбурам у галаве падчас адказнага моманту і выбару адной-адзінай са шматлікіх праўдападобных версій адказу. Таму, каб удзельнікі хутчэй адаптаваліся і настроіліся на гульню, за кожнай з каманд быў замацаваны спецыяльны трэнер – ігрок каманд-удзельніц раённага чэмпіянату. Менавіта трэнер, бо ён не прымаў удзел у гульні ў складзе каманды, не абмяркоўваў пытанні і не падказваў адказы, а тлумачыў, дапамагаў, накіроўваў і настройваў удзельнікаў на гульню. У якасці такіх гуру выступілі Валянціна Дземеш (“Magnum Ignotum”), якая ўзяла апеку над камандай смаргонцаў “Жыццё без межаў”, Аляксандра Букель (“Міраж”) – яна шэфствавала над ашмянскім “Энерджайзерам”, астравецкай “Маланцы” дапамагаў Вадзім Лебядзевіч (“6 чалавек”), а “Сузор’е” натхняў Антон Мальшэўскі (“Востраў шанцавання”).
Гульня “Што? Дзе? Калі?” была прысвечана ваеннай тэме. Як звычайна, былі больш лёгкія пытанні, адказы на якія ляжалі літаральна на паверхні, і больш складаныя, некаторыя з якіх мінусам адлюстраваліся ў турнірнай табліцы для ўсіх каманд.
І вельмі цікава было назіраць за ігракамі. Спачатку было бачна, што, нягледзячы на падтрымку трэнераў, яны хвалююцца – і гэта перашкаджала сканцэнтравацца на гульні. Але з кожным пытаннем, з кожным новым абмеркаваннем версій яны ўсё больш уваходзілі “ў смак” працэсу, шчыра радаваліся правільным адказам і лічылі памылкі. Дарэчы, ужо пасля першага тура (6 пытанняў) вызначыліся фаварыты. Крок у крок, плюс у плюс ішлі дзве каманды – смаргонская “Жыццё без межаў” і астравецкая – “Сузор’е”. Не істотна перамяніла-ся і далейшая гульня. Лёс пераможцаў вызначалі парачка правільных адказаў, але інтрыга захоўвалася амаль да фіналу.
І ўсё ж пераможцамі, усяго толькі на тры ачкі абагнаўшы астравецкае “Сузор’е”, стала смаргонскае “Жыццё без межаў”: яны “ўзялі” 19 з 24 пытанняў. Менавіта ў суседні раён адправіўся і галоўны прыз турніру – беларускі сімвал міру і дабра: птушка бусел, якую ўручыла камандзе старшыня РА ГА “Белая Русь” Наталля Сянюць. А салодкія падарункі і прыгожыя сувеніры атрымалі ўсе каманды.
Назіраючы за задаволенымі ўсмешкамі ўдзельнікаў гульні без слоў было зразумела, што гульня ім спадабалася. Таму, спадзяёмся, гэта быў толькі пачатак. І не за гарамі той час, калі ў раённы чэмпіянат дабавіцца яшчэ адна (а можа, і не адна?) каманда інтэлектуалаў. Тым больш хочацца спадзявацца, што падобныя міжраённыя сустрэчы будуць працягвацца і стануць традыцыйнымі.
----------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.
