Кто победит интеллектуальный "СОУС"?
Чарговы турнір па інтэлектуальных гульнях сярод школьных каманд прайшоў у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.На гэты раз прадэманстраваць веды і інтэлект тут сабралася 11 каманд, у якіх гулялі вучні 8-9 класаў старэйшыя ювеналы.
– Гэта была другая гульня нашага раённага турніра, – расказвае вядучая «Што? Дзе? Калі?» Дзіяна Вайдак. – Каб захапіць інтэлектуальнымі гульнямі як мага больш школьнікаў рознага ўзросту, мы вырашылі, што кожны месяц па чарзе будуць іграць розныя катэгорыі дзяцей. Як правіла, у інтэлектуальным руху дзіцячыя каманды падзелены на малодшых і старэйшых ювеналаў, а таксама юніёраў – і ўсе яны прадстаўлены ў нашым раённым чэмпіянаце.
У лістападзе галоўнымі ігракамі на школьнай інтэлектуальнай пляцоўцы сталі старэйшыя ювеналы з каманд «Сяброўства» (Рымдзюнская школа з літоўскай мовай навучання), «СОУС» (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі), «Сябры» (Варнянскі НПК), «Іскра» (Гервяцкая СШ), «МІГ» (Спондаўскі НПК), «Актава» (Альхоўская СШ), «Пазітыў» (СШ №1), «Успышка» (Падольскі НПК), а таксама каманда Гудагайскай школы, якая на гэты раз гуляла па-за конкурсам, бо складалася з юніёраў.
Як і штомесяц, хлопчыкаў і дзяўчат чакала тры туры і трыццаць пытанняў на самыя розныя тэмы. Многія з іх браліся лёгка, каб знайсці адказы на іншыя, давялося папацець. І калі, напрыклад, усе школьнікі далі правільны адказ на разміначанае пытанне, чаму рэвалюцыя 1917 года называецца Кастрычніцкай, то на пытанне пра Антошку, якога прадставілі як неадбыўшагася сельскагаспадарчага работніка і музыканта, у якога былі істотныя прабелы ў сістэме адукацыі, ніхто не адказаў.
Такімі ж «трунамі» сталі пытанні пра біялагічную сістэму аховы з функцыямі распазнавання «Свой – чужы», якой быў абсталяваны жылы аб'ект у адной рускай народнай казцы і якая прыводзілася ў дзеянне гукавым паролем «Козлятушки, ребятушки! Ваша мать пришла….» і пра прыбор, які французы называюць літаральна «ўдыхацель” (пыласос).Згодна з правіламі школьнага «Што? Дзе? Калі?» вынікі тут праводзяцца за кожны тур, у якіх вызначаюцца пераможцы. Безумоўным пераможцам кожнага з іх стала каманда Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «СОУС» – менавіта гэтыя інтэлектуальныя дзяўчынкі далі найбольшую колькасць правільных адказаў і сталі першымі па выніках усёй гульні. На другім месцы аказалася гервяцкая «Іскра», на трэцім – «МІГ» са Спондаўскай школы. Каманды-пераможцы былі ўзнагароджаны «яблыкамі азарэння» і дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Ужо ў снежні ў інтэлектуальных паядынках сустрэнуцца каманды юніёраў.
--------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.
