Команда-участница районных интеллектуальных игр "кРООна": "Хотелось бы после игры остаться, обсудить вопросы..."

5
Працягваем знаёміць чытачоў “Астравецкай праўды” з камандамі – удзельніцамі раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях. Сёння мы завіталі ў госці да інтэлектуалаў з каманды аддзела адукацыі “кРООна”.

– Давайце пазнаёмімся. Раскажыце крыху пра кожнага вашага іграка.


Юлія Альбінаўна Ражко: Капітан нашай каманды – дырэктар Рымдзюнскай сярэдняй школы з беларускай мовай навучання Віктар Віктаравіч Спірыдон. Калі раней у нас пыталіся, хто гуляе ў нашай камандзе, то мы з таямнічым выглядам адказвалі: Віктар Віктаравіч (на той час загадчыкам аддзела адукацыі быў Віктар Віктаравіч Млечка – аўт.). Адразу значнасць нашай каманды ў вачах педагагічнай грамадскасці павышалася – і больш пытанняў не ўзнікала.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Працягваем знаёмства з камандай. Алег Іванавіч Тухта, нягледзячы на тое, што сёння працуе ў арганізацыі, якая не мае ніякага дачынення да аддзела адукацыі, застаўся ў нашай камандзе.
Алег Іванавіч Тухта: Пасля таго, як перайшоў працаваць у аўтапарк №4, нават і думкі не ўзнікла, каб перастаць гуляць. Мне цікава. А самае галоўнае – падабаецца наш калектыў, маю на ўвазе нашу каманду.
Аляксандра Мікалаеўна Букель: Гісторыя, геаграфія, спорт, ваенная тэматыка – гэта пытанні Алега Іванавіча.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Калі пасля адказу на пытанне Алег Іванавіч дадае слова “жалезна”, ніякіх сумненняў не ўзнікае – і адказ адразу ж запісваецца на паперу.
Юлія Альбінаўна Ражко – метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Яна адказвае за пытанні пра псіхалагічныя ўзаемаадносіны і па замежнай літаратуры. А яшчэ яна ў нас “пісарчук”.
Алег Іванавіч Тухта: Па праўдзе кажучы, у нас два пісарчукі. Юлія Альбінаўна запісвае сэнс пытання. А Вольга Анатольеўна Альфер – фармуліроўку пытання. На першых парах здаралася такое, што мы ведалі правільны адказ, але з-за таго, што не чулі пытання, адказ давалі няправільны. Таму і прынялі такое рашэнне аб двух “пісарчуках”.
Юлія Альбінаўна Ражко: “Канёк” Віктара Віктаравіча – гэта казкі і мультфільмы. Ён у нас самы малады тата, і таму гэтая тэма яму блізкая.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Я сапраўды люблю мультфільмы. І падчас студзеньскіх гульняў, калі ў “Сваёй гульні” адна з тэм была прысвечана мультфільмам, адказы даваў, не дачакаўшыся заканчэння пытання.
Своеасаблівая “ізюмінка” калектыва – Аляксандра Мікалаеўна Букель. Яна – генератар ідэй і адказвае за шырокі спектр пытанняў. А яшчэ на гульню яна ніколі не прыносіць ручку (усе смяюцца – аўт.).
Аляксандра Мікалаеўна Букель: Да жніўня ў нашай камандзе гуляў Артур Іванавіч Сяргей. Ён адказваў за музыку і мастацтва. Але пасля таго як ён ажаніўся і выехаў у Ваўкавыск, нам стала не хапаць аднаго чалавека.
Юлія Альбінаўна Ражко: Падчас мінулай гульні ў нашай камандзе гуляла Наталля Валер’еўна Блахіна – спецыяліст карэкцыйнага цэнтра.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Дарэчы, яна сама прапанавала сваю кандыдатуру. Як бачыце, усе мы гуляем таму, што нам гэта падабаецца.


– Помніце сваю першую гульню?


Віктар Віктаравіч Спірыдон: Мы – адна з маладых каманд. Гуляць пачалі з верасня мінулага года. Ідэя стварыць каманду аддзела адукацыі прыйшла “зверху”. “Нізы” яе падтрымалі – і так на інтэлектуальным небасхіле з’явілася наша каманда. Спачатку ў раённым чэмпіянаце мы ўдзельнічалі па-за конкурсам. І шчыра кажучы, тады гульня ў нас ішла значна лепш.
Аляксандра Мікалаеўна Букель: Напэўна, навічкам заўсёды шанцуе…
Юлія Альбінаўна Ражко: На першай гульні мяне ўразіла атмасфера. Тады гульні праходзілі ў “Галактыцы”. Усё было размерана і спакойна. Ніхто ні на каго не глядзіць. Усе атрымліваюць задавальненне проста ад таго, што сустрэліся.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Тады мы нават “Ніку” абыйшлі – “узялі” 12 пытанняў з 24. Радаваліся, як дзеці.
Алег Іванавіч Тухта: Гульня, што называецца, пайшла. Затое ў студзені і лютым былі апошнімі…


– Дарэчы, як вам новая зала?


Віктар Віктаравіч Спірыдон: Калі мы перайшлі ў новую залу, гульня стала больш афіцыйная. У “Галактыцы” было неяк па-дамашняму ўтульна, але цесна: пакуль сам устанеш з месца – усіх суседзяў давядзецца падняць.
Юлія Альбінаўна Ражко: У СШ №1 нам не вельмі падабалася гуляць: школьны “груз” давіў на плечы. Тут усё прыгожа, стыльна, акуратна. Толькі сталы крыху велікаватыя. А ў час гульні хочацца быць бліжэй адзін да аднаго – і нам часам ледзь не на стол даводзіцца залазіць.
А цяпер, калі яшчэ і гімн гучыць… Уражанні словамі не перадаць.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: А якую эмацыянальнасць гульні надаў звон!.. Усё супер!


– А да раённай гульні хто-небудзь з вас захапляўся інтэлектуальнымі гульнямі?


Віктар Віктаравіч Спірыдон: Я ў інтэлектуальным руху, калі гэта можна так назваць, з 2000 года. Тады яшчэ вучыўся ў сярэдняй школе №2. Гуляў у школьнай інтэлектуальнай камандзе “Моцны арэшак”, якую трэніравала Галіна Віктараўна Внуковіч. Удзельнічаў у інтэлектуальных гульнях, калі вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. А калі прыйшоў працаваць у гімназію №1, мне прапанавалі стаць членам гімназічнай “Астры”. Канешне, я згадзіўся. А пазней трапіў у “кРООну”.
Юлія Альбінаўна Ражко: Аляксандра Мікалаеўна таксама гуляла ў “Што? Дзе? Калі?” яшчэ да нас.
Аляксандра Мікалаеўна Букель: Галіна Віктараўна Внуковіч на базе цэнтра творчасці трэніравала дзве каманды – дзіцячую і дарослую. Вось тады я трохі і гуляла ў “Астры”. Калі “Астра” перабазіравалася ў гімназію, я засталася без каманды. А потым, калі была створана каманда аддзела адукацыі і ім не хапала аднаго чалавека, на гарызонце з’явілася мая асоба.
Алег Іванавіч Тухта: А я толькі па тэлевізару глядзеў…
Юлія Альбінаўна Ражко: І я таксама. Калі не лічыць інтэлектуальныя гульні, якія праходзілі ў піянерскіх летніках.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Але па нашых іграках гэтага не скажаш – усе адукаваныя. Ды і за год, што гуляем, мы ліквідавалі ўсе прабелы і назапасілі вопыт. А яшчэ мы – самая прыгожая каманда.
Аляксандра Мікалаеўна Букель: Гэта сапраўды так. Калі не “бяром” пытанне, мы сябе супакойваем: “Няхай мы не самыя разумныя – затое самыя прыгожыя”.


– Дарэчы, чаму “кРООна”?


Віктар Віктаравіч Спірыдон: Паколькі мы прадстаўляем аддзел адукацыі, то хацелася, каб і ў назве каманды праходзіла абрэвіятура – РОО (па-руску – аўт.).
Юлія Альбінаўна Ражко: Над назвай мы думалі доўга, адшуквалі словы, у якіх было б спалучэнне РОО – напрыклад, “коРООна”, “воРООна”. Хацелася нешта арыгінальнае, накшталт “Magnum ignotum”. Ды толькі такая каманда ўжо была….
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Усё ж такі ў раённым чэмпіянаце ўдзельнічаюць больш за 20 каманд, таму на іх фоне хацелася выдзеліцца хаця б назвай.
Юлія Альбінаўна Ражко: Напрыклад, аб’яўляюць “Ядзерны востраў” – і адразу разумееш, што гэта каманда атамшчыкаў, “Зямляне” – сельская гаспадарка, “ЦэРэБрал” – бальніца, і гэтак далей. І выбраная намі назва “кРООна” нас цалкам задаволіла – адразу зразумела, што гэта каманда раённага аддзела адукацыі.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Наша каманда маладая, але дружная. І ў нас нават з’явілася традыцыя – 23 лютага і 8 сакавіка мы абмяняліся падарункамі. У нас увогуле шмат агульнага. Напрыклад, у мяне і Аляксандры Мікалаеўны Букель день нараджэння ў адзін дзень. І гэты дзень мы правялі, гуляючы ў “Што? Дзе? Калі?”.
Аляксандра Мікалаеўна Букель: Але ёсць у нас і мінусы. На гульню мы прыходзім адразу з працы і, каб падсілкаваць “мазгі”, прыносім шмат шакаладак і цукерак. І менавіта таму часта ў нашых адказах фігурыруюць ласункі – напрыклад, булачкі бачацца ва ўсім.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: І калі судзіць па выніках і па тым, што часам ляжыць у нас на стале, то складваецца ўражанне, што на гульню прыходзім, каб паесці.


– Калі звярнуцца да статыстыкі, то па выніках дзесяці тураў вы займаеце 14 месца. Прычым, 12 – у размінках і 16 – у “Што? Дзе? Калі?”. Чаму так адбываецца?


Алег Іванавіч Тухта: Перамога для нас – не мэта. Нам проста падабаецца гуляць.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Часта мы прапускаем пытанне, якое маглі б “узяць”, а за ім і наступнае, толькі таму, што расперажываліся з-за першага. І адразу гульня не ідзе. Хаця, калі аналізаваць нашу гульню, мы заўсёды прыходзім з добрым настроем, і, незалежна ад выніку, пакідаем залу з такім жа зарадам эмацыянальнасці і радасці.
Юлія Альбінаўна Ражко: Часам нават наадварот: прыйдзем з дрэнным настроем, а пакідаем залу з добрым.
Аляксандра Мікалаеўна Букель: Асабліва складана нам гуляць у маі – канец навучальнага года накладвае адбітак на ўсё. Хаця перад намі ніхто не ставіць задачы выйграць.
Алег Іванавіч Тухта: Мы прыходзім і гуляем, таму што нам гэта падабаецца.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Гульня – гэта цудоўная магчымасць атрымаць задавальненне. Выключаеш тэлефон – і няхай на дзве гадзіны, але адключаешся ад усіх паўсядзённых праблем. Толькі ты, каманда і гульня.


– Вы перажываеце за вынік? Што адбываецца, калі каманда згуляла не так добра, як хацелася?


Юлія Альбінаўна Ражко: Паўтаруся, мы гуляем не дзеля вынікаў. І гэта праўда. Мы ідзём на гульню, каб адпачыць.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Рашэнне прымае капітан, і, як правіла, ён вінаваты, калі каманда згуляла не так добра, як хацела.
Аляксандра Мікалаеўна Букель: І калі капітан прыняў няправільнае рашэнне, то і дастаецца ж яму! Папінаем пад сталом нагамі, пашчыпаем… (усе смяюцца – аўт.)
Віктар Віктаравіч Спірыдон: У цэлым жа аналізаваць гульню пачынаем толькі праз тыдзень, калі атрымліваем “Астравецкую праўду”. У гэтым сэнсе нам не хапае зносін з іншымі камандамі. Хацелася б пасля гульні застацца, абмеркаваць пытанні… Нават у перапынках паміж гульнямі мужчыны выходзяць на вуліцу не для таго, каб перакурыць, а для таго, каб абмеркаваць гульню. Дарэчы, чаму б на сайце “Астравецкай праўды” не арганізаваць блог, дзе друкаваліся б вынікі гульні, ішло б яе абмеркаванне. І вам добра – наведвальнікаў стала б больш. І нам нядрэнна – можна пагутарыць, выказаць свае думкі. Канешне, добра, што ёсць камісія па ўрэгуліроўцы ўсіх спрэчных пытанняў, але вы, як прэса, павінны разумець, што такое свабода слова. Людзям хочацца выказацца – і сайт у інтэрнэце ці блог гульні на сайце “Астравецкай праўды” для гэтага вельмі падыходзіць.
Аляксандра Мікалаеўна Букель: А як было б добра пасля каляднай гульні арганізаваць калядны баль! Уявіце: жанчыны ў вячэрніх туалетах, мужчыны – з “бабачкамі”. Усе такія галантныя…
Час, каб падрыхтавацца да каляднага турніру, яшчэ ёсць, і было б цудоўна, каб штосьці з прапанаванага намі ажыццявілася.


– Як вы лічыце, якая каманда на нашым чэмпіянаце самая лепшая?


Алег Іванавіч Тухта: Безумоўна, “Гасіла”.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Калі не браць у разлік “Гасілу”, то мне падабаецца “Ядзерны востраў”. Да гульні яны падыходзяць вельмі адказна. Я б сказаў – па-спартыўнаму.
Юлія Альбінаўна Ражко: У чэмпіянаце шмат моцных каманд – райвыканкам, рэдакцыя, бальніца.
Аляксандра Мікалаеўна Букель: А на мой погляд, павагі заслугоўвае каманда пракуратуры. Яны ўвесь час гуляюць у няпоўным складзе і робяць гэта вельмі добра.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: І “Гульні розуму” таксама. І не таму, што гэта каманда педагогаў. Штомесяц яны прыязджаць на гульню за 30 кіламетраў. Ды і склад у іх цяпер непастаянны – мінулы раз утраіх гулялі. Словам – малайцы! Але яны, у адрозненні ад нас, працуюць на вынік. Заўсёды сабраныя і сур’ёзныя. Ніколі не чуў, каб яны смяяліся.
Ды і мы, напэўна, заслугоўваем добрых слоў у свой адрас. Падчас мінулагодняга чэмпіянату старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька пажадаў нам атрымаць “яблык азарэння” ў наступным годзе. Разумеем, што пакуль што не заслужылі, – але, можа, хоць надкусаны?


– Гульні раённага чэмпіянату набліжаюцца да фіналу. У наступным годзе мы з вамі ўбачымся?


Усе: Канешне!
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Рана нас яшчэ спісваць! Цудоўна, што ёсць дзе гуляць і з кім гуляць!


– А што б хацелі пажадаць сабе і сваім сапернікам?


Аляксандра Мікалаеўна Букель: Сабе – росту. Каб хаця б да пяцёркі лідараў наблізіцца. А сапернікам – не апускацца ніжэй.
Юлія Альбінаўна Ражко: Атрымліваць ад гульні такія ж пазітыўныя эмоцыі, якія атрымліваем мы.
Віктар Віктаравіч Спірыдон: Адказнасці. Каб журы не даводзілася нагадваць пра здачу адказаў.


– А вам –поспехаў і ў будучыні абавязкова атрымаць адзін з “яблыкаў азарэння”!


-------------------------------------------
Выведаць сакрэты астравецкіх інтэлектуалаў спрабавала Алена ЯРАШЭВІЧ.