Итоги 6 тура районного чемпионата по интеллектуальным играм
Раённы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях ушчыльную падышоў да свайго экватара: з трынаццаці заяўленых у палажэнні тураў згуляна шэсць. І гэты пераломны момант раённая каманда знатакоў сустрэла шэрагам новаўвядзенняў у яго арганізацыі.
Па-першае, як ужо гаварылася, па аб’ектыўных прычынах нас пакінула ранейшая нязменная вядучая і аўтар пытанняў на кожную гульню Ларыса Каханоўская. У шостым туры ў якасці вядучай дэбютавала Ірына Радкевіч – і трэба сказаць, што першы блін атрымаўся зусім не камяком: Ірына Фёдараўна вельмі хутка справілася з першым хваляваннем і, нягледзячы на тое, што з пытаннямі знаёмілася непасрэдна падчас гульні, новыя для сябе абавязкі вядучай выканала паспяхова.
Новы працэс дастаўкі пакета пытанняў на гульню, апрабаваны ў чэрвені – яшчэ адно з новаўвядзенняў апошняга тура. Да гэтага іх прывозіла аўтар, Ларыса Каханоўская. Цяпер Ларыса Яўгенаўна, якая па-ранейшаму трымае пад сваім патранажам астравецкіх інтэлектуалаў, падрыхтавала пакет пытанняў на абедзве гульні – “Сваю гульню” і “Што? Дзе? Калі?”, пераслала іх на астравецкую пошту – і ў залу запаветны канверт быў дастаўлены кур’ерам і адкрыты вядучай на вачах ва ўсіх знатакоў непасрэдна перад пачаткам гульні. Калі ў каго і заставаліся падазрэнні наконт таго, ці не ведаў хто з ігракоў пытанняў зараней, то цяпер яны павінны рассеяцца, як дым ці ранішні туман. Хоць і раней гэта было не больш чым апраўданнем уласнай не вельмі ўдалай гульні. Кодэкс гонару сапраўднага ШэДэКашніка проста не дазваляе “карыстацца шпаргалкамі”, хоць бы таму, што з-за гэтага губляецца ўвесь сэнс гульні – а менавіта ён прыцягвае амаль сотню чалавек з усяго раёна кожны трэці панядзелак месяца ў Дом культуры “Галактыка”.
Яшчэ адной навіной, асабліва прыемнай для шчырых прыхільнікаў інтэлектуальнага руху, стала паведамленне, што ў нашым палку прыбыло! Да трынаццаці ранейшых удзельнікаў раённага чэмпіянату дадаўся яшчэ адзін: калектыў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на чале з начальнікам Андрэем Уладзіслававічам Янчэўскім выставіў каманду з сімвалічнай назвай “Зямляне”. І, забягаючы наперад, трэба адзначыць, што навічкі ўжо ў першай гульні паказалі, што з’явіліся на чэмпіянат зусім не ў якасці статыстаў. У “Сваёй гульні” яны, праўда, моцна “намінусавалі” – традыцыйная памылка пачынаючых – і не змаглі набраць вялікую колькасць балаў. Затое ў “Што? Дзе? Калі?” гулялі вельмі ўдала і з 9-цю баламі і прыстойным рэйтынгам занялі пачэснае шостае месца, пакінуўшы ззаду многія моцныя каманды і прапусціўшы наперад толькі яўных лідараў. Так трымаць, “Зямляне”! Канешне, за перамогу ў агульным заліку ім змагацца пазнавата – усё ж амаль палова чэмпіянату мінула – і пагэтаму яны будуць пакуль па-за конкурсам. Але падчас гульняў навічкі змогуць набрацца вопыту і да каляднага турніру і наступнага чэмпіянату падысці ва ўсеўзбраенні.
А непрыемным сюрпрызам стала чарговая адсутнасць на турніры “Антрацытавага сонца” – юрысты з-за сваёй занятасці вымушаны былі зноў прапусціць тур.
У цэлым гульня была даволі роўнай. “Сваяк”, праўда, даваўся нашым знатакам цяжкавата: лепшы вынік “Вострава шанцавання” ў 660 ачкоў – гэта не колішняя тысяча “з хвосцікам” “Ядзернага вострава”.
Дарэчы, у выніковых месцах у “Сваяку” адбыліся змены. Пасля гульні капітан “ЦэРэБрала” Уладзімір Мажэйка змог даказаць Ларысе Каханоўскай, якая па-ранейшаму застаецца нашым галоўным суддзёй, што не толькі шафран, але і куркума афарбоўвае рыс у аранжавы колер – і такім чынам адсудзіў 60 ачкоў, прычым не толькі для сваёй каманды, але і для ўсіх іншых, што далі такі ж адказ на гэтае 30-ці ачковае пытанне. Пасля гэтага расстаноўка месцаў у першай гульні крыху памянялася ў параўнанні з той, якая агучвалася падчас гульні – гэта бачна з табліцы.
А тыя, хто спрабаваў дабіцца залічэння ў гэтым пытанні яшчэ і адказу “кары”, задавальнення сваіх прэтэнзій не атрымалі. Ларыса Каханоўская параіла ўважліва слухаць, а яшчэ лепш – запісваць вядучага: пытанне было пра прыправу, якая афарбоўвае рыс у аранжавы колер, а кары – гэта сумесь прыпраў, хай сабе і на аснове куркумы.
У “Што? Дзе? Калі?” каманды гулялі вельмі роўна, калі не лічыць відавочнага і незразумелага правалу “Нікі”: лепшы вынік – 12 ачкоў, горшы – 8, у “Нікі” – 5 балаў. І большасць каманд зноў разводзіў па месцах Яго Вялікасць Рэйтынг. Менавіта ён другую гульню запар з двух лідараў з аднолькавай колькасцю балаў – “Вострава шанцавання” і “Magnum ignotum” – выводзіць на першае месца “Востраў …”. Ды і ўсе іншыя ігракі, напэўна, ужо зразумелі, як дорага каштуе азарэнне – правільны адказ тады, калі не адказвае ніхто. Так, да прыкладу, “Аднакашнікі” адзіныя здагадаліся, якую літару і ў якую песню Балбеса трэба даставіць, каб атрымаўся рэкламны слоган мэблевага салона – “Пока еще не поздно нам сделать обстановку”. Адна “Astra” ведала ці здагадалася пра выказванне Сталыпіна аб тым, што працівіцца будаўніцтву Амурскай чыгункі – гэта тое ж самае, што адсекчы адну галаву двухгаловаму арлу на гербе Расіі. Толькі “ЦэРэБрал” правільна “ўпісаў” прозвішчы Пушкіна і Дантэса ў артыкул пра перамогу расійскіх футбалістаў над французскімі. “Востраў шанцавання” адзіны здагадаўся, што фантасты канца пазамінулага стагоддзя памыляліся ў тэрміне дзеяння бязважкасці – яна існуе не месяц, як меркаваў Жуль Верн, а пастаянна…
Але былі чатыры пытанні, на якія ніхто не даў правільнага адказу: надта ж мудрагеліста былі зашыфраваны харомы; ні ў адной камандзе не ўзгадалі італьянскі горад Імперыю; ніхто не “даціснуў” пытанне пра Марата і Шарлотту Брантэ. І, як ні дзіўна, ніводная каманда не дала правільнага адказу пра нескладанае ўвогуле пытанне аб Ноевым каўчэгу, імем якога кулінары жартам называюць зборную салянку – у гэтым выпадку, напэўна, многіх збіла з панталыку азначэнне “збудаванне”, і знатакі цэлую хвіліну шукалі падыходзячыя пад салянку архітэктурныя формы…
Вынікі гульні і шасці тураў бачны з табліцы.

(У сувязі з тым, што ў выніковай табліцы за пяць тураў былі дапушчаны недакладнасці, сёння мы паўторна змяшчаем і яе.)

Як бачна, істотна змяніць канчатковыя вынікі ў шостым туры нікому не ўдалося – пры існуючай сістэме падліку вынікаў гэта ўвогуле зрабіць даволі складана. Хоць і магчыма. Праўда, пры дзвюх адначасова дзеючых умовах: калі твая каманда гуляе вельмі добра, а бліжэйшыя сапернікі – вельмі дрэнна. Ці наадварот…
Але трынаццаты тур і ануляванне вынікаў адной з гульняў усё ж, напэўна, “падкруціць” інтрыгу напрыканцы чэмпіянату… Пакуль жа ва ўсіх каманд адна агульная задача: кожны тур гуляць як мага лепш.
Гэтага ўсім і жадаем!
Ніна РЫБІК.
