"Игры разума" – интеллектуалы из Ольховки
Працягваем знаёміць чытачоў “Астравецкай праўды” з камандамі – удзельнікамі раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях. Сёння мы завіталі ў госці ў Альхоўскую сярэднюю школу да настаўнікаў з каманды “Гульні розуму”.
Альхоўскія інтэлектуалы далучыліся да ўдзельнікаў раённага чэмпіянату толькі сёлета. Але за гэты час не прапусцілі ніводнай гульні.
– Спачатку давайце пазнаёмімся.
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Наша каманда, напэўна, самая малаколькасная – нас толькі пяць. Чаму? Усё вельмі проста: столькі чалавек можа сесці ў легкавую машыну.
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: А яшчэ мы самая далёкая – маю на ўвазе адлегласць ад Альхоўкі да Астраўца – каманда чэмпіянату.
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Сапраўды. Ад Альхоўкі да Астраўца – 50 кіламетраў. Пахваліцца гэтым крытэрыем можам толькі мы – нават да Ашмян і Смаргоні бліжэй.
Алена Валер’еўна Клімашэўскіс: І таму мы не згодны з камандай “Антрацытавае сонца”, якая прапануе перанесці гульні чэмпіянату на 6 гадзін вечара. Для нас гэта ўжо позна – пакуль адгуляем, назад вернемся...
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: І ўсё ж давайце знаёміцца. Таццяна Мікалаеўна Ждановіч – настаўніца фізікі і матэматыкі, адпаведна яна і адказвае за пытанні гэтага накірунку.
Ганна Уладзіміраўна Уласік – настаўніца пачатковых класаў. Ёй бліжэй кінафільмы, казкі, літаратура.
Алена Валер’еўна Клімашэўскіс – таксама матэматык. Але яе пытанні звязаны з музыкай, мультфільмамі.
Ганна Уладзіміраўна Уласік: Усё, што звязана з Гары Потэрам, таксама стыхія Алены Валер’еўны. Без яе гэтыя пытанні мы не ўзялі б.
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Аляксандра Аляксандраўна Міхайлава працуе ў школе сакратаром-лабарантам. У недалёкім мінулым яна – наша выпускніца, на яе ліку – не адна прадметная алімпіяда. Аляксандра Аляксандраўна цікавіцца гісторыяй і міфамі – гэта яе канёк.
Ганна Уладзіміраўна Уласік: А наш дырэктар і адпаведна капітан каманды – Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч – наш мясцовы Алесь Мухін, які ведае ўсё.
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: Але нягледзячы на гэта, – ці, можа, якраз з-за гэтага? – часам затоптвае нашы версіі. Хоць, напэўна, мы самі вінаваты – не ўмеем даказваць сваё. Але вучымся!
– Як узнікла думка прыняць удзел у раённым чэмпіянаце па інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?”?
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Некалькі гадоў таму, калі ў раёне быў арганізаваны першы турнір па гульні “Што? Дзе? Калі?”, мяне запрасілі паўдзельнічаць у зборнай камандзе аддзела адукацыі. Тады, калі не памыляюся, мы нават занялі трэцяе месца. На наступны год пра мяне паспяхова забыліся, а я не рашыўся пра сябе нагадаць. Але жаданне згуляць яшчэ раз пастаянна жыло недзе ў душы. У мінулым годзе вырашыў прапанаваць нашым педагогам паўдзельнічаць у калядным турніры…
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: Я тады чамусьці вырашыла, што гуляць павінны дзеці, а тут нам, дарослым, прапануюць іх замяніць. На гульню паехала, але без асаблівага энтузіязму. Згулялі, здаецца, нядрэнна. А ў панядзелак “загрузіла” пытаннямі гульні нашых старшакласнікаў. Яны малайцы – добра адказвалі!
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Прыйшоў студзень – зноў прапанаваў паспрабаваць сілы. Зноў сабралася каманда – так усё пачалося.
– Ёсць які-небудзь прынцып, па якім вы збіралі каманду?
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Напачатку – добраахвотна-прымусова (смяецца – аўт.). Жартую, канешне. Але першы раз давялося ўгаворваць. Наш цяперашні склад сабраўся дзесьці да трэцяй гульні. А цяпер і ўгаворваць не трэба – самі нагадваюць: “Вы не забыліся, што мы сёння гуляем?” Ды хіба такое забудзеш?
Ганна Уладзіміраўна Уласік: Ніякага прынцыпу няма. Едуць тыя, каму гэта падабаецца. У калядным турніры гуляла мая дачка. Прыехала з гульні і пачала задаваць мне пытанні: на адны я адказала, на другія – не. Але Жэня зрабіла выснову: “Мама, трэба абавязкова паспрабаваць!” Вось і паспрабавала.
– Дарэчы, чаму “Гульні розуму”?
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: Ну, гэтае пытанне да Сяргея Анатольевіча.
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Проста падалося, што гэта назва якраз падыходзіць для нашай каманды.
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: Гэта надзея на перамогу.
Ганна Уладзіміраўна Уласік: У назве зашыфраваны працэс: здаецца гуляем, але ў той жа час і думаем.
– А вопыт удзелу ў падобных гульнях у вас ужо быў?
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: Першы – на калядным турніры. І гэта быў шок. Іншым словам перадаць мой стан не атрымаецца. Разнастайныя пытанні, некалькі гульняў… Думала – больш не паеду. А потым паехала на першую гульню бягучага года. Вось пасля яе з’явілася задавальненне. А цяперашнія пачуцці ўвогуле цяжка з нечым параўнаць.
Раней я займалася падрыхтоўкай дзіцячых каманд. Дарэчы, Ганна Уладзіміраўна таксама працавала з нашымі юнымі інтэлектуаламі – вопыт ёсць. Але адна справа рыхтаваць дзяцей, і зусім іншая – гуляць самім.
Аляксандра Аляксандраўна Міхайлава: А я некалі ў дзясятым класе сама ўваходзіла ў склад школьнай каманды.
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: …І гуляла, дарэчы, вельмі добра.
Алена Валер’еўна Клімашэўскіс: А я? Гады работы намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце кругагляд значна расшырылі, таму і вырашыла паспрабаваць сябе ў інтэлектуальных гульнях.
Ганна Уладзіміраўна Уласік: Глядзіш гульню па тэлевізары – і ўсё здаецца вельмі простым. А на справе – усё па-іншаму.
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Сапраўды, “Брэйн-рынг” глядзіш – і здаецца: парваў бы ўсіх! Але…
– Да гульні вы рыхтуецеся?
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Канешне, кожны раз медытыруем (смяецца – аўт.).
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: Географа ў нашай камандзе няма, таму я перад гульнёй геаграфічны атлас праглядаю – і ўсё спадзяюся, што нешта можа патрапіць. Хаця за ўвесь час, што мы цяпер гуляем, толькі адзін раз патрапілася пытанне, якое, памятаю, разглядалі са школьнікамі, рыхтуючыся да адной з гульняў дзіцячага чэмпіянату.
Ганна Уладзіміраўна Уласік: Калі ёсць час – зазірну ў інтэрнэт. А яшчэ люблю глядзець канал “Навука” – там шмат цікавай пазнавальнай інфармацыі можна пачуць і ўбачыць.
Алена Валер’еўна Клімашэўскіс: Дзіця любіць глядзець навукова-пазнавальную праграму “Галілеа” – часам і я затрымаюся каля тэлевізара.
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Але мы ніколі не ставілі сабе за мэту – знайсці тое, што можа спатрэбіцца падчас гульні.
Аляксандра Аляксандраўна Міхайлава: Хаця сесці разам і патрэніравацца было б нядрэнна.
– Па выніках пяці тураў вы займаеце 9 месца сярод 13 каманд. Вынікам сваёй гульні задаволены?
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Гэта дрэнны вынік. Думаем, што мы дастойныя лепшага. Вельмі часта адказ ведаем, але лічым, што ён занадта просты.
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: Проста мы яшчэ не набраліся вопыту.
Алена Валер’еўна Клімашэўскіс: Няма ў нас яшчэ той упэўненасці, якая ёсць у вопытных ігракоў.
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: З’явіцца якая-небудзь праўдападобная версія – і мы адпачываем.
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: А яшчэ часта ў апошні момант замест правільнага адказу, які абмяркоўвалі цэлую хвіліну, запішам няправільную версію.
Алена Валер’еўна Клімашэўскіс: Але ў нас няма такога, каб мы вінавацілі каго-небудзь у няправільным адказе. Гэта не катастрофа, можна перажыць.
Ганна Уладзіміраўна Уласік: І ўсё ж хочацца на фоне астатніх выглядаць лепш. А што не дацягнулі, крыўдаваць у першую чаргу трэба на сябе.
– А прыкметы на добрую гульню у вас ёсць?
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: Я заўважыла, калі надвор’е дрэннае, то гульня ў нас ідзе лепш. І наадварот.
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: А мінулы раз чорны кот перайшоў нам дарогу…
Алена Валер’еўна Клімашэўскіс: А яшчэ мы не на сваім месцы сядзелі…
Аляксандра Аляксандраўна Міхайлава: А яшчэ нумар нашай каманды – 13.
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Але гэта ніяк не адбіваецца на нашай паспяховасці ці наадварот – непаспяховасці – удзелу ў гульні.
– Кожны месяц ехаць з Альхоўкі на гульню ў Астравец – амаль што подзвіг. Не надакучыла?
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Мы як ні прыедзем – усе здзіўляюцца: зноў прыехалі!? Ёсць жаданне – вось і едзем!
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: Сяргей Анатольевіч на сваёй машыне возіць. Мы, дарэчы, толькі на апошняй гульні даведаліся, што ёсць узносы з удзельнікаў гульні. Высветлілася, што ўвесь гэты час Сяргей Анатольевіч сам нас не толькі вазіў, але яшчэ і грошы за нас плаціў. Цяпер будзем наганяць упушчанае!
– І ўсё ж, чаго вы чакаеце ад гульні?
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Хацелася б трапіць у лік прызёраў!
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: Хаця б у сярэдзінку – скажам, 6-ае месца нас бы задаволіла.
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Не, другое-трэцяе, не ніжэй!
Ганна Уладзіміраўна Уласік: А як прыемна было пачуць ад Сяргея Анатольевіча: “Вы на пятым месцы.” Гэта было пасля трэцяй гульні.
Аляксандра Аляксандраўна Міхайлава: А для мяне галоўнае – атрымаць добрыя эмоцыі і ўражанні.
Алена Валер’еўна Клімашэўскіс: “Што? Дзе? Калі?” – гэта ўсё: і эмоцыі, і драйв, і ўзрушванне мазгоў. І зразумела – вынік.
Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч: Мы атрымліваем задавальненне нават ад таго, што знаходзімся ў зале і абмяркоўваем пытанне.
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч: Вельмі добра, што такая гульня арганізавана ў раёне. Многія мае сваякі, якія жывуць за межамі Астравеччыны, ужо ведаюць, калі будзе чарговая гульня, і пасля яе тэлефануюць, цікавяцца нашымі вынікамі. І ўсе гавораць: “Якія ж вы малайцы!”. Таму вельмі хацелася б, каб гульня працягвалася!
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
