Гудогайские школьники заняли второе место на Международной интернет-олимпиаде "Эрудиты планеты"
Сотні прачытаных кніг і падручнікаў, назіральнасць, лагічнае мысленне, інтуіцыя спрацоўваюць у імгненне, калі за 30 секунд трэба даць правільны адказ, хоць ты не ўяўляеш, з якой галіны ведаў ён будзе. Пятнаццаць хвілін – трыццаць пытанняў, прычым за датэрміновыя адказы можна атрымаць дадатковыя балы. Усё гэта – інтэлектуальная анлайн алімпіяда «Эрудыты планеты».На працягу трох месяцаў, пачынаючы з 14 кастрычніка, каманда вучняў 8 “А” педагагічнага класа Гудагайскай СШ пад назвай “Emerald” прымала ўдзел у XIII Міжнароднай інтэрнэт-алімпіядзе “Эрудыты планеты-2014”.
Тры этапы і 18 тураў – і ўсё ў анлайн рэжыме. У зручны для сябе час кожная каманда заходзіла на асабістую старонку афіцыйнага сайта алімпіяды і выконвала заданні чарговага тура.
Падчас першага і другога этапаў да кожнага пытання даваліся чатыры адказы, і толькі адзін з іх быў правільным. Трэці праводзіўся па ўскладненай схеме – варыянтаў адказаў не было.
Каб адказаць на 20 пытанняў, камандзе адводзілася 120 хвілін заліковага часу. Праўда, падчас выканання заданняў можна было карыстацца любымі даступнымі крыніцамі інфармацыі: энцыклапедыямі, даведнікамі, пошукавымі сістэмамі ў сетцы інтэрнэт, тэлефоннымі запытамі і іншымі. За правільны адказ камандзе налічваліся 3 балы. А за кожныя сэканомленыя 5 хвілін удзельнікі алімпіяды атрымлівалі па аднаму прэміяльнаму балу.
Заданні ўтрымлівалі пытанні розных катэгорый складанасці з гісторыі, геаграфіі, літаратуры, фізікі, біялогіі, матэматыкі, спорту, палітыкі, мастацтва, медыцыны, прыродазнаўства, эканомікі, бізнесу, прадпрымальніцтва, астраноміі, вынаходніцтва і іншых дысцыплін.
Вучні настолькі захапіліся ўдзелам у інтэлектуальным спаборніцтве, што з нецярпеннем чакалі аўторка
і чацвярга – менавіта ў гэтыя дні праходзіла алімпіяда.
У нашай узроставай групе прымалі ўдзел 23 каманды з розных куткоў Расіі і 2 каманды з Беларусі. Барацьба была вельмі напружанай, але больш за ўсё нас парадаваў вынік: у XIII Міжнароднай інтэрнэт-алімпіядзе “Эрудыты планеты-2014” каманда педагагічнага класа Гудагайскай школы “Emerald” заняла другое месца.
-------------------------------------------------
Ірына ЖАЛТОК, класны кіраўнік 8 “А” класа Гудагайскай СШ.
