У островецких интеллектуалов появилась "Альтернатива"

1
Каманда Варнянскай школы далучылася да раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях нядаўна – са студзеня бягучага года. Сёння ў яе склад уваходзяць шэсць педагогаў: філолаг Наталля Гендрыкаўна Адула, псіхолаг Вера Генадзьеўна Шпакоўская, географ Уладзімір Віктаравіч Саленік, настаўнік фізікі Аляксандр Барысавіч Павіраеў, хімік Сяргей Мар’янавіч Свіркоўскі і настаўніца гісторыі Аксана Францаўна Юркойць.
Маладая каманда – у тым плане, што гуляць яны пачалі зусім нядаўна, – вельмі хутка адаптавалася сярод “старажылаў” і пакідаць раённы чэмпіянат – прынамсі, пакуль што – не збіраецца. Сённяшняе інтэрв’ю з прадстаўнікамі варнянскай “Альтэрнатывы” якраз і прысвечана іх гульні і планам на будучыню.

– Найперш – давайце пазнаёмімся. Раскажыце крыху пра кожнага вашага іграка.


Наталля Адула: У нашай камандзе шэсць ігракоў. Вера Генадзьеўна Шпакоўская – капітан.
Аляксандр Павіраеў: Самы галоўны чалавек у камандзе.
Аксана Юркойць: Яна, як ніхто іншы, умее падтрымаць. Калі мы “разыдземся”, Вера адразу гаворыць: “Так, супакоіліся, сабраліся, настроіліся на гульню”. І гэта дзейнічае!
Уладзімір Саленік: Словам, псіхолаг. І гэтым усё сказана.
Аксана Юркойць: Наталля Гендрыкаўна Адула – чалавек ураўнаважаны.
Вера Шпакоўская: Яе рашэнні заўсёды правільныя, лаканічныя.
Наталля Адула: Уладзімір Віктаравіч Саленік – інтэлектуал.
Аксана Юркойць: Ён – наша галава.
Наталля Адула: Бачылі б вы, як ён з красвордамі і сканвордамі распраўляецца!
Уладзімір Саленік: Ну, красворды – гэта адно, а “Што? Дзе? Калі?” – гэта зусім іншае.
Аксана Юркойць: Аляксандр Барысавіч Павіраеў – аналітычны цэнтр нашай “шасцёркі”. Ён усе нашы прапановы ўважліва выслухае, а потым гаворыць, які адказ трэба запісаць.
Уладзімір Саленік: Аксана Францаўна Юркойць – душа нашай каманды.
Вера Шпакоўская: Ад яе мы зараджаемся добрым настроем і пазітыўнымі эмоцыямі.
Аксана Юркойць: Сяргей Мар’янавіч Свіркоўскі – спецыяліст па так званых маладзёжных пытаннях.
Аляксандр Павіраеў: І па мультфільмах.
Вера Шпакоўская: Яму блізка тое, што нам далёка.


– А як у вас размяркоўваюцца абавязкі?


Аляксандр Павіраеў: Як у добрай сям’і, у нашай камандзе – раўнапраўе.
Наталля Адула: У нас няма размеркавання па сферах і пытаннях.
Вера Шпакоўская: Мы не падслухоўваем абмеркаванне іншых каманд.
Сяргей Свіркоўскі: Абапіраемся на свае веды.
Наталля Адула: Аксана Францаўна запісвае і здае адказы.
Вера Шпакоўская: А Наталля Генрыхаўна – трымае “форму” пытання.


– Як вы трапілі на “Што? Дзе? Калі?”? Помніце вашу першую гульню?


Уладзімір Саленік: Праўду сказаць? (Усе смяюцца).
Аляксандр Павіраеў: Калі па праўдзе, то інтэлектуальнымі гульнямі мы цікавіліся даўно. Хто чытае “Астравецкую праўду”, той, напэўна, не прамінуў ніводнага артыкула, які датычыцца гэтай тэмы. Таму не дзіўна, што гэтым зацікавіліся і мы – і, як вынік, вырашылі стварыць сваю каманду.
Вера Шпакоўская: На агульным сходзе абмеркавалі гэтае пытанне – і сышліся на тым, што ў каманду павінны ўвайсці людзі з розных сфер ведаў. Сёння ў нас іграюць настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, геаграфіі, фізікі, хіміі і  гісторыі. У студзені мы ўпершыню рашыліся праверыць сябе і прыехалі ў Астравец на гульню.
Наталля Адула: Было страшна, вельмі хваляваліся. Думка была толькі адна: толькі б не апошнія!
Аляксандр Павіраеў: Мы, канешне, адразу ж зразумелі, што ў зале сабраліся людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. І, канешне ж, было цікава памерацца з імі сіламі і даведацца, чаго варты мы.
Аксана Юркойць: На першую гульню амаль уся школа збіралася ехаць нас падтрымліваць, але, дзякуй богу, нам удалося іх адгаварыць ад гэтага.


– Дарэчы, чаму “Альтэрнатыва”?


Аксана Юркойць: Каб цяжка было здагадацца, што гэта каманда Варнянскай школы.
Уладзімір Саленік: Спачатку хацелася прыдумаць нешта прыгожае. Была нават прапанова назвацца “Агора”.
Аляксандр Павіраеў: А потым сама сабой прыйшла назва “Альтэрнатыва”. Ёсць каманды-пераможцы – значыць, павінна быць і “Альтэрнатыва” для іх. У нас стабільны склад – цяпер засталося паказаць, чаго мы варты на самой справе.


– А што адбываецца, калі каманда згуляла не вельмі добра?


Аляксандр Павіраеў: Стараемся падтрымаць адзін аднаго.
Аксана Юркойць: Аналізуем, чаму і што не атрымалася.
Вера Шпакоўская: Хаця пакуль што гуляем мы стабільна.
Аксана Юркойць: Пастукайце па дрэве (звяртаецца да членаў сваёй каманды – і працягвае), калі згуляем дрэнна, то нічога пра нас не пішыце. (Гутарка адбывалася перад пачаткам сакавіцкай гульні – А.Я.).


– Дарэчы, вы параўноўваеце вынікі сваёй гульні з вынікамі іншых каманд?


Наталля Адула: Ну канешне! Гэта, бадай, і хвалюе больш за ўсё, пакуль не выйдзе раённая газета. Самі вынікі іншых каманд мы не запісваем і не падлічваем, якія ў рэйтынгу.
Аксана Юркойць: Спачатку глядзім, як згуляла каманда аддзела адукацыі, потым цікавімся вынікамі астатніх школ і іншых каманд.
Вера Шпакоўская: Па праўдзе кажучы, сваім вынікам пакуль што мы задаволены.
Аксана Юркойць: А аднойчы пачулі ад адной з каманд: “О, селі! З аднаго боку – бальніца, з другога – Варнянская школа!” Для нас гэта быў такі камплімент!


– Шостае месца ў другім туры “ШДК”, выніковае дзявятае месца за два туры раённага чэмпіянату сярод 19 каманд – даволі добры вынік для навічкоў. Як удаецца ўсяго гэтага дасягнуць?


Наталля Адула: Не ўрачыце нас! (Зноў усе смяюцца).
Вера Шпакоўская: Мы стараемся.
Аксана Юркойць: Жанчыны прапануюць версіі, мужчыны ўважліва нас слухаюць, часам перашэптваюцца паміж сабой – і выносяць прысуд, мы – запісваем. І ўсё. Прасцей не прыдумаеш.
Наталля Адула: Праблема ў тым, што часам мы шукаем не там, дзе трэба. І тады, як правіла, “засыпаемся” на лёгкіх пытаннях – здаецца, што адказ павінен быць складаным, невядомым. А потым – шкадуем.
Аксана Юркойць: Напэўна, нам пакуль рана гаварыць пра добрыя вынікі.
Наталля Адула: Вы з намі сустрэньцеся праз год – тады, трэба думаць, зможам вам больш расказаць.


– Давайце ўявім такую сітуацыю: Вам прапанавалі прыняць удзел у “Брэйн-рынгу” ці запрасілі ў вышэйшую лігу інтэлектуальных каманд. Якім будзе ваша рашэнне?


Аксана Юркойць: Не!!! Дзе мы – і дзе вышэйшая ліга?!
Аляксандр Павіраеў: А чаму б не? Можна паспрабаваць!
Уладзімір Саленік: Галоўнае, каб запрасілі!
Аксана Юркойць: Настаўнікам увогуле вельмі складана ўдзельнічаць у спаборніцтвах рознага тыпу. Хочаш гэтага ці не, у кожнага з іх прысутнічае “сіндром выдатніка”. Ім заўсёды хочацца быць лепшымі. А гэта складана. І тады пачынаецца: “А раптам я не ведаю правільнага адказу? А раптам я саб’ю сваёй версіяй з вернага шляху? А нашто мне гэта трэба?”
Наталля Адула: А ўвогуле, “Што? Дзе? Калі?” – вельмі добрая трэніроўка для розуму. І здорава, што ў нас ёсць такая  магчымасць.


– Што для кожнага з вас значыць гэта гульня?


Аксана Юркойць: Кожны месяц мы чакаем гэты дзень.
Наталля Адула: Раз мы тут – значыць, яна для нас вельмі важная.
Аксана Юркойць: Пасля першай гульні мы вырашылі, што абавязкова будзем гуляць, нягледзячы ні на што.
Сяргей Свіркоўскі: Гэта цікавае і карыснае баўленне часу.
Вера Шпакоўская: Змена дзейнасці, што вельмі важна для чалавека.
Уладзімір Саленік: Адзінае, што хацелася б, каб гульня пачынася крыху раней – гадзіны, скажам, у тры ці чатыры. Вечарам гуляць складана.


– А што б хацелася пажадаць вашым сапернікам – камандам-удзельніцам раённага чэмпіянату?


Уладзімір Саленік: Поспеху.
Аксана Юркойць: Перамогі (і з вінаватым выглядам), толькі не заўсёды. Нам таксама хочацца заняць хоць раз першыя радкі турнірнай табліцы!
Сяргей Свіркоўскі: Здаровага саперніцтва.
Уладзімір Саленік: Праўдзівай гульні.
Наталля Адула: І ўсё ж – імкнення да перамогі!


– Дзякуй за гутарку. Поспехаў і перамогі вам у гульні!


----------------------------------------
Гутарыла Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.