"Репортёр выходит в свет". "Скажи, что ты читаешь..."

Як сказаў вядомы драматург Джозэф Адзісан, “чытанне для розуму – тое ж, што фізічныя практыкаванні для цела.” Наколькі і чым “трэніруюць” розум жыхары і госці Астраўца, высвятлялі нашы карэспандэнты напярэдадні Дня беларускага пісьменства і прапаноўвалі сустрэчным пытанне: творчасць якіх беларускіх і замежных пісьменнікаў вам даспадобы?

Людміла Сакалоўская, г. Астравец:
– Мне больш падабаецца чытаць празаічныя творы, хаця сама, прызнацца, часам пішу вершы. З нашай беларускай прозы найбольш уразілі “Аблава”, “Сотнікаў” Васіля Быкава і “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра. З сучасных аўтараў аддаю перавагу творам Андрэя Федарэнкі.
Увогуле лічу, што ёсць творы, якія варта і карысна перачытваць у розныя гады жыцця, бо разумееш іх заўсёды па-новаму, крыху інакш, чым нават за год да гэтага.


Анатоль Арцёменка, Магілёўская вобласць:
– Беларускіх аўтараў чытаў толькі ў школе, але мяне яны не зацікавілі. Ды і пра сучасных пісьменнікаў мала ведаю. Думаю, праблема ў тым, што іх творы не папулярызаваныя. Куды больш прыхільнікаў рускай і замежнай літаратуры.
Мне з замежных пісьменнікаў падабаюцца Джэймс Олівер Кервуд і Патрык Зюскінд.


Наталля Субач, г. Астравец:
– Мне чамусьці адразу ўспамінаецца Іван Шамякін і яго “Сэрца на далоні”. Кранальны, вельмі цікавы твор. Але я зараз чытаю больш тое, што чытае сын. Яму 12 гадоў, таму мы разам спазнаём свет, развіваемся, чытаючы, напрыклад, “Вясёлку”. Для дзяцей гэта вельмі добрае беларускамоўнае выданне. Ну а для сябе на беларускай мове я чытаю “Астравецкую праўду” і, ведаеце, мне падабаецца.


Юрый Палятаеў, в. Быстрыца:
– У маладосці, напэўна, як і многія нашы людзі, асабліва любіў чытаць творы савецкіх пісьменнікаў – Мікалая Ганчарова і Валянціна Пікуля. Амаль усё іхняе перачытаў. Калі гаварыць пра больш сучасную літаратуру, то магу ўзгадаць рускага пісьменніка Міхаіла Веллера. Аднак зараз шмат чытаць не хапае часу – усё справы нейкія. Я больш тэлебачанне гляджу. Напэўна, у многіх такая ж сітуацыя, бо галоўная праблема сёння, як мне падаецца, – гэта недахоп часу.


Паліна Андралойць, г. Астравец:
– Я хаджу ў другі клас, пра беларускіх аўтараў чую на ўроках літаратуры. Але пакуль ніводнага ўзгадаць не магу. Можа, як буду ў трэцім класе, то тады і буду ведаць.


-----------------------------
Адэлька БАЙЦЭВІЧ.
Фота Антона ЧЫКА.