"Репортёр выходит в свет". Верите ли вы астрологическим прогнозам и гороскопам

Не адно тысячагоддзе чалавецтва глядзіць у неба – і на зоры. А некаторыя нават робяць спробы прадказаць па іх сваё жыццё, лёс ці хаця б бліжэйшую будучыню. А тлумачаць гэта тым, што месцазнаходжанне зорак на небасхіле ў момант нараджэння чалавека накладвае адбітак на ўсё яго жыццё.

Ці так гэта? Ці давяраюць астраўчане астралагічным прагнозам і гараскопам? З гэтымі пытаннямі звяртаўся да прахожых на вуліцах райцэнтра наш карэспандэнт.


Сяргей Новікаў, зваршчык:

Па гараскопу – Рак. Астролагі сцвярджаюць, што галоўная якасць прадстаўнікоў гэтага знака – пачуццёвасць. Ракам адкрыты вялікія таямніцы, пагэтаму часта яны выглядаюць занадта загадкава,  іншым падаюцца дзіўнымі і незразумелымі. Для іх вялікае значэнне мае дом – гэта панцыр, які дазваляе адчуваць сябе ў бяспецы. Таму так важна ўладкаваць сваё месца пражывання камфортна. Ад настроя, які пануе ў доме, залежыць і стан душы Рака.

– Усё ж, напэўна, схіляюся да таго, што зерне праўды ў гараскопах ёсць. Калі перачытваю старыя гараскопы на мінулы тыдзень ці месяц, упэўніваюся, што некаторыя з прадказаных момантаў здзейсніліся. Але, хто шукае – той заўсёды знойдзе.

Апісанне майго характару больш-менш адпавядае праўдзе, але вось сумяшчальнасць знакаў – няпраўда. Пішуць, што Ракі не могуць быць у саюзе з Блізнятамі, аднак жонка ў мяне нарадзілася пад гэтым знакам – і жывём мы з ёй душа ў душу.


Кірыл Бугай, вучань 5 класа Гудагайскай СШ:

Шалі адрозніваюцца ад іншых знакаў сваім уменнем ўладжваць канфлікты. Аднак часам такія якасці шкодзяць. Гэты знак задыяку адрозніваецца тактоўнасцю і прыроднай ветлівасцю. Шалі здольныя прыстасавацца да любой сітуацыі, знайсці станоўчыя бакі для сябе нават у нявыгадным, здавалася б, становішчы. Нягледзячы на ўяўную прыхільнасць да суразмоўцы, Шалі ўмеюць захоўваць дыстанцыю. І ў гэтым няма нічога дзіўнага: галоўнае значэнне знака – раўнавага. Таму і ў жыцці для Шаляў з’яўляецца важнай гармонія паміж сабой і знешнім светам.

– Я не вельмі цікаўлюся рознымі прагнозамі і прадказаннямі, аднак веру, што нешта такое можа быць. Я звычайна міралюбівы, але час ад часу магу і “ўзарвацца”. А яшчэ я не вельмі ўседлівы: асабліва ў школе на  занятках. Мне больш падабаецца актыўны лад жыцця – я люблю вандраваць, пазнаваць нешта новае ўвачавідкі, а не з кніг.



Алёна Масевіч з дачкой Надзеяй, у дэкрэтным адпачынку:

Цялец: яго сімвал – Зямля – дапамагае лепш зразумець характарыстыку знака. У характары красавіцка-

майскіх людзей праяўляецца мяккасць, спакой, вытрымка, трываласць. Сімвал знака нясе ў сабе мацярынства як аснову жыцця.

– У мяне наконт гараскопаў дваякае меркаванне: і веру, і не веру. Час ад часу, вядома, чытаю ў нашай “раёнцы” ці ў якіх-небудзь часопісах – і нешта з прадказанага здзяйсняецца. Асабліва з гадавым гараскопам у “Астравецкай праўдзе” было вельмі шмат супадзенняў.

З мужам-“львом” мы ўвогуле розныя палюсы – але неяк ужываемся. А вось дачка ў нас Казярог. Па апісаннях у гараскопах яна нас абодвух дапаўняе і робіць лепшымі. Так і ёсць.


Алена Шлынава, загадчыца магазіна “Вернісаж”:

Цялец: Дзякуючы сувязі з прыроднай энергіяй Цялец вылучаецца спакоем і вытрымкай. Выразна ўбачыўшы мэту, Цялец упэўнена да яе ідзе, не заўважаючы перашкод і тым самым нажываючы нядобразычліўцаў. Да таго ж гэта творчыя людзі, здольныя ва ўсім бачыць прыгажосць і ствараць яе вакол сябе. Людзі-цяльцы ласкавыя, мяккія, далікатныя, душэўныя. Ім уласцівыя абаяльнасць, вернасць, грунтоўнасць.

– Мне здаецца, што чалавек сам каваль свайго шчасця. Трэба верыць у сябе, а не ў нейкія прароцтвы. Хаця варта прызнаць, што гараскопы складаюць разумныя людзі, таму пры жаданні нейкія супадзенні ў іх адшукаць можна. Галоўнае – верыць у свае сілы, а не ў нейкія прадказанні, бо з сябе яшчэ можна спытаць, а з зорак – не атрымаецца.


Андрэй Касінскі, вадзіцель:

Стралец: знак задыяку з няўхільнай  верай у будучыню. Гэтыя людзі заўсёды ведаюць, што не за гарамі вясна, новыя эмоцыі, светлая паласа ў жыцці. Паказвае гэта і сімвал Стральца – страла, накіраваная ўвышыню. Аднак ўнізе яе можна заўважыць крыжавіну, якая не дае чалавеку адарвацца ад зямлі, ад мірскіх клопатаў і жаданняў. Задача жыцця Стральца – знайсці свой шлях, які вядзе да святла.

– Не заўсёды, але перыядычна гараскопы не-не, ды патрапяць у цэль. Асабліва радуе, што ў сваёй большасці

прадказанні выпадаюць на шчаслівыя моманты. А вось у гараскопах на месяц усё так размыта, што людзі проста самі сябе ўпэўніваюць, што збылося тое, што ім было прадказана.

Можна, канешне, глядзець яшчэ і Ўсходні гараскоп. У адпаведнасці з ім я, напрыклад, Пацук, а жонка ў мяне – Тыгрыца, вось і жывём, як кошка з мышкай (смяецца). Можам і пасварыцца часам, але часцей у нас мір і згода. А па задыяку яна – Шалі, і тут у нас поўнае супадзенне.


-------------------------------------

Антон Чык, фота аўтара.