"Репортёр выходит в свет". В какое время года вы любите отдыхать?
Лета ў самым разгары. Дзіцячыя садкі і школы пераходзяць на больш свабодны рэжым работы. А разам з імі і іншыя шматлікія ўстановы і арганізацыі. Гэта значыць, што хваля масавых адпачынкаў не прымусіла сябе доўга чакаць.З гэтай нагоды карэспандэнты “Астравецкай праўды” вырашылі запытаць у жыхароў і гасцей Астраўца аб тым, якой пары года яны аддаюць перавагу для адпачынку і чым падчас яго яны займаюцца.
– Калі зыходзіць з таго, што я працую з дзецьмі, то лета для мяне вельмі складаны час: выхаванне дзяцей – праца адказная. Мне выгадней ісці ў адпачынак зімой, бо летам, нават падчас майго адпачынку, мяне могуць выклікаць на якое-небудзь мерапрыемства.
– Мне зручней браць адпачынак у маі-чэрвені або жніўні-верасні, калі і на рыбалку можна схадзіць, і ў лес за грыбамі ці па ягады выправіцца. А зімой ісці ў адпачынак неяк бессэнсоўна: проста дома сядзець – некамфортна і няўтульна: холадна, рана змяркаецца.
– Калі і браць водпуск, то лепш, канешне, летам. У вёсцы ў гэты час заўсёды знойдзецца якая-небудзь неадкладная работа: то бульбу трэба абагнаць, то дроў на зіму нарыхтаваць – адпачываць асабліва і не даводзіцца. Але ў мяне раз на раз не прыходзіцца – як атрымліваецца, так і іду ў водпуск.
– Безумоўна, найбольш прывабны час для адпачынку – канец жніўня-верасень. Гэта менавіта тая пара года, калі можна і ўраджай з агароду сабраць, і нарыхтоўкамі заняцца.
Калі ўся хатняя работа зроблена, свой вольны час аддаю любімай справе – вязанню. Гэта адпачынак для душы.
– Калі ж яшчэ, як не ў летнюю пару, адпраўляцца ў адпачынак?! Летам, лічу, кожнай працавітай жанчыне клопатаў хапае: то з першымі пеўнямі ў лес збіраешся, то нарыхтоўкі на зіму робіш... А яшчэ ж трэба паспець агарод з кветнікам у парадак прывесці.
Я люблю “разбавіць” хатнія клопаты чытаннем якой-небудзь цікавай кнігі. Усё хочацца паспець, а час пралятае хутка.
----------------------------
Кацярына СЯРГЕЙ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.





