"Репортёр выходит в свет". В какие "окна" смотрит ваша душа?

Англійскі мастак Рычард Вільсан некалі сказаў: “Кнігі – гэта вокны, праз якія душа глядзіць на свет”.

У якія вокны “глядзяць” астраўчане і госці нашага райцэнтра і якую кнігу, на іх погляд, трэба прачытаць кожнаму? Гэта і высвятляў наш карэспандэнт.


Алёна Блашкавіч, аператар машыннага даення СВК “Варняны”:

– Мне здаецца, што з усіх кніг кожны беларус павінен прачытаць кнігу пра Беларусь. Цяжка сказаць, якую, але ў ёй павінны праўдзіва і сумленна адлюстроўвацца і наша гісторыя, і сучаснасць – не толькі перамогі і дасягненні, але і тыя моманты, за якія нам можа быць сорамна.

І, лічу, кожнаму трэба прачытаць нешта пра сапраўднае каханне, каб было з чым параўноўваць і каб ведаць, як сапраўды трэба кахаць.


Караліна Комар, аператар свінакомплекса СВК “Варняны”:

– Я апошнім часам, калі выдаецца вольная хвілінка на рабоце, чытаю народныя казкі. Ведаеце, гэта сапраўды кніга для ўсіх – і малых, і дарослых, і старых. У ёй і ў сталым узросце кожны можа знайсці нешта для сабе. Гэта народная мудрасць, якая не старэе.


Станіслаў Бабіч, пенсіянер:

– Лічу, што кожны чалавек павінен прачытаць кнігу кніг – Біблію. Мне сорамна, бо я яе не чытаў, але мне хапае таго, што ў нас у касцёле падчас імшы цудоўна расказвае ксёндз Раман Ялоўчык. Чаму не чытаў? Раней за работай часу не было – працаваў у калгасе ад ранку і да цямна, а як яшчэ на кранаўшчыка вывучыўся – дык увогуле не стала ні выхадных, ні свят. Мо як-небудзь зараз збяруся і прачытаю.


Васіль Купрыяненка, мастацкі кіраўнік Варнянскага сельскага дома культуры:

– Сучасныя беларусы дрэнна ведаюць сваю гісторыю – таму, напэўна, кожнаму трэба чытаць адпаведныя кнігі. Паспрабуйце запытацца ў шкаляра, хто такі Ян Чачот, – толькі плячыма паціснуць. Мала часу ў школе адводзіцца роднай гісторыі, і чытаем мы пра яе мала.


Аліна Вашчанка, часова беспрацоўная:

– Кніга павінна быць цікавай. Для некага гэта – гісторыя, для іншага – дэтэктыў, для трэцяга – фантастыка… Я параіла б усім прачытаць “Маленькага Прынца” Экзюперы – кніга вучыць дабрыні і жыццю, і ўвогуле ў ёй шмат незвычайных момантаў і крылатых выразаў. Я гэтую кнігу ўжо чатыры разы прачытала – кожны раз нешта новае для сябе знаходзіла.

Ну, а яшчэ пачытайце раман Булгакава “Майстар і Маргарыта” – бессмяротны твор.


--------------------------------------

Антон ЧЫК, фота аўтара.