"Репортёр выходит в свет". В чём заключается секрет "погоды" в доме?

2
Менавіта гэта некалі назвала галоўным складаемым сямейнага шчасця расійская спявачка Ларыса Доліна і дадавала: “А ўсё астатняе – мітусня…”

Так гэта ці не, вырашыў высветліць наш карэспандэнт у людзей на вуліцах нашага горада, а заадно запытацца ў іх, у чым жа сакрэт гэтага самага “надвор’я” ў шчаслівай і дружнай сям’і і якая сям’я можа называцца шчаслівай.

Ганна Дудава з дачкой Палінай, у дэкрэтным адпадынку:

– Чым іншым можа быць шчаслівая сям’я, як не дзецьмі? Зразумела, што і паразуменне паміж мужам і жонкай не на апошнім месцы. Хоць і павінны быць у кожнага нейкія свае інтарэсы, неабходны стрыжань, які іх яднае. Свой дрэнны настрой таксама не варта несці з работы дадому, а калі вы бачыце, што вашай палавінцы дрэнна, – будзьце да яе ласкавай і пяшчотнай, дайце выгаварыцца, не перабівайце. Нават калі ў вас розныя погляды на нейкае пытанне, заўсёды шукайце кампраміс, а не стойце на сваім. Моцным і дужым трэба быць на чужых людзях, а з хатнімі больш гнуткімі.

Віталь Спірыдон, індывідуальны прадпрымальнік:

– Нехта з вялікіх сказаў: сям’я не можа быць шчаслівай, калі дома не гучыць дзіцячы смех. Нават калі ў маладосці вам разам добра і весела, але адзін з вас не жадае заводзіць дзяцей – з-за кар’еры ці таму, што сам яшчэ дзіцё і не нагуляўся, – то з гадамі, лічу, адсутнасць дзяцей усё ж выйдзе вам бокам. Так, з’яўленне дзіцяці ў многім абмяжоўвае: ужо не паедзеш, куды захочаш, ад нечага трэба будзе адмовіцца, але гэта пройдзе.

Канешне, паміж бацькамі павінна быць духоўная еднасць. А на матэрыяльных каштоўнасцях сумеснага шчасця не пабудуеш: нехта заўсёды будзе галоўным, а нехта падначаленым. У сям’і ж усе павінны быць роўнымі.

Людміла Бандарык, пенсіянерка:

– Наконт шчасця не адкажу – гэта даволі філасофская тэма, і, як гаворыцца, кожная сям’я шчаслівая па- свойму. А вось чаму няма шчасця… Мне здаецца, таму, што не вызначыліся людзі, якое яно, іх асабістае шчасце. Чаго дзяўчына чакае ад замужжа? Шмат грошай, вялікую кватэру, каштоўны аўтамабіль?

Тады не наракайце, што муж увесь час на рабоце, а калі прыходзіць дамоў, то злы і грубы. Ці, скажам, хлопцы чакаюць, што жонка будзе як матуля – накорміць, напоіць, у хаце прыбярэ, у магазін злётае, дзяцей вырасціць.

Трэба разумець, што няма ніводнага на сто працэнтаў станоўчага чалавека – у кожным з нас ёсць нешта добрае і нешта злое. Гэта трэба разумець. З гэтым трэба ўмець ужывацца.

Ігар, Ала і Ева Пефці:

Ігар, электразваршчык, трэст “РасСЭМ”:

– Якая сям’я шчаслівая? Наша! Простая і яркая, лагодная і шчаслівая. Тая, якая можа сабрацца і, не будуючы ніякіх планаў, пайсці гуляць па горадзе, пасядзець каля фантана, паесці марожанага і папіць соку. У сям’і кожны павінен любіць свайго роднага, час ад часу ісці на ўступкі і слухаць, што гаворыць кожны член яго сям’і. А самае галоўнае – слухаць, што кажуць дзеці. Даволі часта яны значна лепш разумеюць свет, чым дарослыя. Памятайце: з вуснаў дзіцяці гучыць ісціна. Нельга не звяртаць увагі на дзіця, бо яно гэтага не даруе.

Ала, памочнік выхавацеля ў дзіцячым садку №1:

– Я цалкам згодна з мужам. Сапраўднае шчасце – гэта калі ў сям’і ёсць дзеці, калі яны здаровыя і разумеюць, што іх любяць.

Зараз нямала з выгляду шчаслівых сямей, якія насамрэч глыбока няшчасныя. Чаму так? Напэўна, таму, што яны былі яшчэ не гатовыя да гэтага важнага кроку. Як можна ствараць сям’ю і спадзявацца, што яна будзе шчаслівая, калі вы знаёмы “без году тыдзень”? А яшчэ часта атрымліваецца, што пажаніліся, дзіця нарадзілі, а ім пагуляць хочацца, па дыскатэках “тусіць” ці вучыцца трэба. А тут ужо іншая адказнасць, ды і само жыццё ўжо іншае. Вядома, выключэнні бываюць заўсёды, таму я б параіла дзяўчатам, якія збіраюцца замуж, слухаць сваё сэрца – але і пра розум не забываць.

Антон ЧЫК, фота аўтара.