"Репортёр выходит в свет". "Спасибо вам, учителя!"
Школьныя гады прамінулі хуткакрылай птушкай, пакінуўшы ў памяці светлыя ўспаміны аб залатым і бесклапотным часе: цікавых уроках і гуллівых перапынках, першым каханні і любімых настаўніках… Напэўна, у кожнага з нас быў педагог, які не толькі выкладаў свой прадмет так, што час спыняў свой бег, але і адкрываў свет, быў яскравым прыкладам чалавекалюбства, мудрасці і дабрыні.Напярэдадні Дня настаўніка мы вырашылі пацікавіцца ў астраўчан, каму ў гэты дзень яны адрасуюць словы шчырай удзячнасці за веды і жыццёвы прыклад.
Наталля Анатольеўна Ромаш, Астравец:– Нарадзілася я не на Астравеччыне, пагэтаму хадзіла ў школу не тут. А вось мае дзеці вучыліся ў Астраўцы. Дачка Кацярына школу скончыла з залатым медалём. Нам шанцавала на добрых настаўнікаў, якія ў першую чаргу цанілі ў дзецях асобу. Гэта педагогі Анатоль Анатольевіч і Святлана Пятроўна Бацюлевы, настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Якаўлеўна Строк… Я ведаю іх не толькі як настаўнікаў, але і як Людзей з вялікай літары.
Алена Чаславаўна Пясецкая, інжынер па ахове працы ДЛГУ “Астравецкі лясгас”:– Я з усмешкай успамінаю свае школьныя гады, аднакласнікаў і настаўнікаў. Тады мы глядзелі на свет знізу ўверх, а зараз глядзім яму ў вочы, навучыліся перажываць і радасці, і няўдачы. Мне здаецца, у гэтым вялікая заслуга настаўніцы беларускай мовы і літаратуры былой сярэдняй школы №2 Астраўца (а зараз гімназіі) Марыі Іванаўны Дземяшкевіч. Яна навучыла нас, як правільна ісці па жыцці. Яе мудрыя парады я ўспамінаю і зараз.
Валерый Георгіевіч Лапцеў, Астравец:– Якраз еду ад дачкі, якая працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі, – Ганны Валер’еўны Лапшэвіч. Дачка самастойна выбірала сваю прафесійную дарогу, а душа ў яе ляжала да педагогікі. Залаты медаль, атрыманы за паспяховае заканчэнне школы, дазволіў Ганне здаваць на ўступных іспытах адзін экзамен, з якім дачка таксама справілася на выдатна. Наколькі ведаю, яна ніколі не шкадавала аб сваім выбары, а любоў вучняў, напэўна, самы яскравы прыклад таго, што з прафесіяй дачка не памылілася.
Вольга Міхайлаўна Балунда, галоўны спецыяліст па харчаванні і аздараўленні аддзела адукацыі, спорту і турызму:– Па спецыяльнасці я – настаўніца замежнай мовы. Паўтара гады вучыла дзяцей пісаць і размаўляць па-англійску ў Варнянскім навучальна-педагагічным комплексе, а зараз працую галоўным спецыялістам. Чаму я вырашыла стаць “англічанкай”? (Задумалася) Са школьных гадоў мяне захапляла англійская мова, напэўна, дзякуючы нашай настаўніцы Тарэсе Станіславаўне Лукошка. Яе больш няма з намі, але след, які яна пакінула, не знікне ніколі. Настаўнік – гэта не прафесія, а прызванне!
Вучні 7 “Б” класа СШ №1 г.Астравец (адказваюць хорам):– Самая лепшая ў свеце настаўніца – гэта наш класны кіраўнік Вольга Іванаўна Грынцэвіч! Яна вельмі добрая і разумная.
– Не крычыць на вас, калі шкодзіце?
– А мы так не робім! Наадварот заўсёды яе слухаем. А зараз ідзём віншаваць заслужанага педагога, ветэрана працы Ядвігу Каятанаўну Шаблінскую з прафесійным святам… Гэта нам Вольга Іванаўна падказала. Яна ў нас самы класны класны кіраўнік!
-------------------------------------------
Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
