"Репортёр выходит в свет". Сколько стоит 1 сентября?

Штогод бацькі, дзеці якіх першага верасня ідуць у школу, рыхтуюцца да гэтай падзеі загадзя: прыглядваюцца да цэн, збіраюць грошы і паступова прыкупліваюць тое-сёе.

Вось і вырашыў карэспандэнт “АП” высветліць у гараджан, як ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года.


Алёна Белая, спецыяліст па інфармацыйнай рабоце і сувязі з грамадствам РУП “БелАЭС”:


– У мяне трохгадовая дачка, таму на сённяшні дзень пытанне падрыхтоўкі да школы асабліва не хвалюе. Хаця дзіця ў садку таксама патрабуе вялікіх клопатаў і немалых фінансавых “уліванняў”. Але ў нас усё пад кантролем. Да новага навучальнага года падрыхтавалі толькі канцылярскія прыналежнасці, таму што адзенне і абутак абнаўляць даводзіцца на працягу ўсяго года. На жаль, часта кошт рэчаў не адпавядае якасці, але мы аддаём перавагу беларускім маркам, якія нам падабаюцца ў суадносінах якасць-цана: “Шагавіта”, “Бэль Бімба”, “Калінка”.


Лілія Кімса з сынам Мішам:


– Міша ў гэтым годзе ідзе ў першы клас. Сёння рабілі апошнія закупкі, у асноўным – канцылярскія тавары.

Нам яшчэ ў чэрвені, калі пісалі заяву, далі паперку-дапаможнік, у якой надрукаваны спіс усяго небходнага, што павінна быць у першакласніка. Па гэтым спісе і арыентаваліся.

Асноўная маса рэчаў ужо даўно куплена: абутак, “зменка”, касцюм школьніка, спартыўны касцюм – дзесьці два с паловай мільёны патрацілі на ўсё.


Мубарыз і Святлана Мехціевы, будаўнік і хатняя гаспадыня, з сынамі Муратам і Валянцінам і дачкой Эльвірай:


– Мы ўжо даўно пакрыху “закупляемся”. Сыны ў нас – школьнікі, а дачушка яшчэ ў садок ходзіць. Па нашых падліках выйшла, што для збораў даушкі ў садок давядзецца ўкласці фінансаў нават больш, чым сыноў – у школу. Можа таму, што дзяўчаты заўсёды большых укладанняў патрабуюць? (смяюцца).

У гэтым годзе дарагавата атрымліваецца дзяцей сабраць у школу. Але самае галоўнае мы ўжо набылі. Спадзяёмся, што дзесьці ў два мільёны ўкладзёмся.


Вікторыя Варановіч, выкладчыца мастацкага класа дзіцячай школы мастацтваў:


– Магу сказаць бацькам, чые дзеці ходзяць у школу мастацтваў: рыхтуйцеся да пастаянных фінансавых укладанняў. Увогуле, творчыя захапленні, акрамя маральных намаганняў і пастаяннай працы, патрабуюць грошай. Пэндзлі і фарбы, папера, розныя сангіны і пастараль… І хоць асабліва жорсткіх рамак і абмежаванняў няма, аднак, несумненна, больш прыемна працаваць з прафесійнымі мастацкімі матэрыяламі, якія, адпаведна, і каштуюць даражэй. Напрыклад, за тую ж прафесійную гуашавую фарбу можна аддаць амаль 200 тысяч рублёў.


Эдуард Свірыд, кіраўнік группы інфармацыйнай работы і сувязі з грамадствам РУП “БелАЭС”:


– Як правіла, да першага верасня школьнікам купляюць усё новае. Мне зараз прасцей, бо ў маім доме школьнікаў ужо няма, але застаўся яшчэ адзін студэнт. А студэнты на абноўку ды абутак не прэтэндуюць, ім і старога, надзейнага хапае. Так што сёлета, спадзяюся, падчас падрыхтоўкі да новага навучальнага года крэдыты браць не буду (смяецца), сваімі сіламі спраўлюся. Сэнсу даваць з сабой шмат прадуктаў таксама не бачу: у сталіцы ўсё значна танней, ды і выбар там большы. Таму грошы – асноўны “прадукт”, які варта даваць з сабой.


Антон ЧЫК