"Репортёр выходит в свет". Что происходит в Украине?
У апытанні, якое змешчана на сайце нашай газеты ostrovets.by, мы прапанавалі людзям адказаць: чаго яны баяцца? На першым месцы апытаныя ставяць вайну – хоць, напэўна, яшчэ год назад лідзіравалі б павукі і змеі… Літаральна за паўгода нашы адносіны да вайны змяніліся кардынальна – гэта ўжо не жудасныя баі, смерці і пакуты, якія адбываліся 70 гадоў назад і пра якія зараз пішуць кнігі і здымаюць кіно, і нават не хроніка навін аб падзеях ў Лівіі ці Сірыі. Сапраўдная вайна ідзе на тэрыторыі нашай братняй славянскай краіны, нашай суседкі – Украіны.Як адносяцца да падзей ва Украіне жыхары Астравеччыны, хто, на іх думку, вінаваты ў тым, што адбываецца – з гэтымі пытаннямі рэпарцёр выйшаў на вуліцы горада.
Іван Бароўка:
– Кожны раз вельмі сумна і трывожна чуць пра навіны з Украіны. Палітычныя “разборкі”, у выніку якіх гінуць людзі – такога не павінна быць. Сёння практычна немагчыма даведацца дакладна, што на самой справе адбываецца і хто вінаваты ў бедствах: інфармацыя з экранаў тэлевізараў і дынамікаў радыёпрыёмікаў вельмі супярэчлівая. Вызначыць, што праўда, няпроста. Ведаю сям’ю з украінскага Міргарада, якой зараз прыходзіцца ўцякаць, пакідаючы ўсё, што засталося там, на радзіме. Тое, што адбываецца – гэта жах. Цэнтр Еўропы – і самая сапраўдная вайна, і яе прычынай з’яўляецца чыёсьці папушчэнне. Мяркую, ёсць людзі, якія нажываюцца на гэтым горы.
Дзяніс Лушчык:
– Вядома, я, як і ўсе зараз, сачу за тым, што адбываецца ва Украіне. Звычайна кіруюся інфармацыяй з інтэрнэт-парталаў і навін тэлебачання – пяцьдзесят на пяцьдзесят. Маё асабістае меркаванне наконт становішча Украіны такое: алігархі давялі краіну да такога стану – а народ пажынае плачэўныя вынікі. Новы прэзідэнт не прымае канкрэтных мер для ўрэгулявання сітуацыі – грамадзянская вайна працягваецца па сённяшні дзень, гінуць людзі, у тым ліку і мірныя жыхары.
Люцыя Мацкевіч:
– Бязмерна шкада людзей. Становішча, у якім апынуліся украінцы, нельга назваць інакш, як безвыходнасць. Сёння, займаючыся паўсядзённымі справамі, злавіла сябе на думцы: вось я – і вось маё мірнае, спакойнае жыццё. А дзесьці там, зусім побач – вайна. Людзі вымушаны пакідаць сваё жыллё, увесь свой нажытак і ўцякаюць ад вайны, у нікуды – да гэтага немагчыма ставіцца раўнадушна. Маіх знаёмых і родзічаў сярод бежанцаў няма. Але тая карціна, што прадстаўляецца тэленавінамі, друкаванымі СМІ, сапраўды жудасная. Хтосьці ж вінаваты ў гэтых няшчасцях?! Нам, беларусам, сёння, як ніколі, трэба цаніць мірнае жыццё ў нашай краіне.
Алена і Андрэй (адмовіліся фатаграфавацца)
Андрэй:
– Калі сказаць адным словам – жудасна. Украіна – наша найбліжэйшая суседка. І так хочацца міру і пакою для ўсіх нас. Канешне, шчыра хвалюемся за знаёмых і родных, што знаходзяцца там, ва Украіне. Версій аб тым, хто правы і хто вінаваты, існуе шмат. Але бачыць 16-гадовых юнакоў-бандэраўцаў, што страляюць у свой народ, мабыць, не ўсведамляючы, што робяць – жудасна. Ваююць свае са сваімі – хіба можна гэта лічыць нармальным?
Алена:
– Я працую на граніцы, і таму часта прыходзіцца чуць меркаванні людзей, што едуць да нас з замежжа. Адзін чалавек пераконваў нас, што малазійскі Boeing-777 быў збіты таму, што планавалася пакушэнне на прэзідэнта Расіі, самалёт якога незадоўга курсіраваў побач з месцам падзення лайнера. Версій шмат.
Не падабаецца, што Амерыка ўмешваецца ў ход падзей ва Украіне – ёй якая справа да таго, што адбываецца там? І ўвогуле – мы супраць вайны!
Кацярына СЯРГЕЙ.
Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА.
