"Репортёр выходит в свет". С какими странами должна дружить Беларусь?
Наша краіна знаходзіцца амаль у цэнтры Еўропы, таму і краін, з якімі мы мяжуемся, “перасякаемся” ў розных стасунках, шмат.З якімі краінамі і чаму варта сябраваць Беларусі, высвятляў у астраўчан і гасцей горада наш карэспандэнт.
Дзмітрый Восараў, вядучы інжынер-энергетык:– Сябраваць, лічу, трэба з усімі: гэта і на становішча нашай краіны на сусветнай арэне станоўча паўплывае, і на нас саміх добра адаб’ецца – перадавыя тэхналогіі, інавацыі, уліванні ў нашую эканоміку замежных сродкаў.
А можа, праз колькі гадоў і межы з іншымі краінамі стануць больш празрыстымі, што таксама няблага – лягчэй будзе некуды з’ездзіць адпачыць усёй сям’ёй.
Марыя Навіцкая, страхавы агент:– Мы сябруем з усімі, хто хоча сябраваць з намі. Беларусы, лічу, увогуле вельмі пазітыўныя людзі – мы кожнаму працягваем руку для прывітання.
Увогуле ўсе людзі ад нараджэння добрыя па сваёй сутнасці, проста з часам многія мяняюцца. А вось беларусы нейкім чынам умеюць захаваць у сабе прыродную дабрыню. Па рабоце часта сутыкаюся з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, якія прыязджаюць да нас, але беларусаў заўсёды пазнаю беспамылкова.
Аляксандр Афрыкантаў, цясляр:– У мяне ў Расіі жывуць родзічы, у якіх я часта бываю.
У многіх беларусаў ёсць родзічы за мяжой – у Літве, Латвіі, Украіне, Польшчы… Не раз за гісторыю нашы краіны аб’ядноўваліся, каб разам перамагчы нейкія навалы, – так і павінна быць. Нам неабходна ўзаемадапамога, давер і сяброўства.
Таму сябраваць нам трэба з усімі краінамі – і блізкімі, і далёкімі!
Сяргей Пятровіч, вучань 8-га класа СШ №2:– З нашымі бліжэйшымі суседзямі нас аб’ядноўвае агульная гісторыя, таму, калі часам узнікаюць нейкія непаразуменні, мы не павінны хавацца за зачыненымі дзвярыма. Трэба шукаць кропкі судакранання і паразумення, часам ісці на нейкія ўступкі, толькі каб захаваць гэтае сяброўства.
З больш дальнімі краінамі – Германіяй, Велікабрытаніяй ці нават Іранам, Венесуэлай і Кітаем – нам таксама трэба сябраваць: сяброў шмат не бывае.
Ганна Пяткевіч, у дэкрэтным адпачынку:– Мне здаецца, што Беларусь і так сябруе з усімі. Часам, канешне, узнікаюць нейкія канфліктныя моманты, аднак гэта хутчэй гульні палітыкаў.
Я некалькі разоў была за мяжой: ва Украіне, Літве і Польшчы – таму смела магу заяўляць, што нас, беларусаў, там ведаюць і добра да нас адносяцца.
Я Беларусь і тых людзей, што тут жывуць, люблю за нашу добразычлівасць, шчырасць і дабрыню.
-------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.
