"Репортёр выходит в свет". С каким деревом вы себя ассоциируете?
2
Як часта ў размове мы карыстаемся параўнаннямі, падгледжанымі ў прыроды: моцны, як дуб; стройная, як асінка; пусты, як бамбук…А з якімі дрэвамі і чаму параўноўваюць сябе астраўчане і госці горада? Гэта высвятляў наш карэспандэнт.
Ірына Карней, у дэкрэтным адпачынку:– Самае любімае маё дрэва – вішня, на яе падобнай быць і хацела б: стройная, прыгожая, асабліва калі цвіце, ягады хоць і салодкія, але з прыемнай кіслінкай.
Увогуле, станоўча адношуся да ўсіх фруктовых дрэў – і карысць ад іх, і прыгажосць. А вось іх лясных “братоў” менш паважаю, за выключэннем хіба што бярозы.
Ірына нарадзілася 29 ліпеня. Па гараскопу друідаў дрэва-ахоўнік тых, хто нарадзіўся ў гэты дзень, – кіпарыс (26 ліпеня – 4 жніўня). Жанчыны-кіпарысы летуценныя і часта плывуць па цячэнні, маюць гнуткі характар і небалбатлівыя. Яны даражаць сяброўствам і роднаснымі сувязямі, шануюць добрае стаўленне да сябе, за што ўмеюць быць удзячнымі.
Вольга Лукашэвіч, бухгалтар, і Віталь Тумаш, рознарабочы:Вольга:
– Я ў адным з гараскопаў прачытала, што маё дрэва – ясень. Па задыяку я – скарпіён. Муж кажа, што я талковая і лагодная, аднак, калі патрэбна, магу даць “ад варот паварот”. Што ў ва мне ад ясеня? Прывабная знешнасць, фізічная сіла, нядрэнны характар...
Віталь:
– Ну, а я тады, напэўна, клён ці бэз. Чаму? Жонка ў мяне разумная, ну а я, атрымліваецца, – прыгожы (смяецца). Шчыра кажучы, мне клён заўсёды падабаўся, яшчэ ў школе, калі нам патрэбна было для розных вырабаў набраць лісця – я збіраў выключна кляновае.
На самой справе па гараскопу друідаў Вольга нарадзілася пад знакам грэцкага арэха (24 кастрычніка – 2 лістапада). Яму ўласцівы ўпэўненасць у сабе, аптымізм, упартасць, працавітасць, цікавасць да жыцця. Такія жанчыны любяць ускладняць сваё жыццё і быць у цэнтры ўвагі. Іх ўчынкі залежаць ад настрою.
А вось Віталь – жасмін (3 лістапада – 11 лістапада). Ён рэдка дэманструе навакольным свае эмоцыі, не пазбаўлены адчувальнасці, але ў грамадстве стараецца быць стрыманым і ўраўнаважаным. Родных і блізкіх такія людзі імкнуцца перавыхаваць; рана пачынаюць зарабляць і ўсё жыццё імкнуцца да матэрыяльнай незалежнасці. Мужчына-жасмін павольна прымае рашэнні, узважвае кожны свой крок і перш за ўсё разлічвае на ўласны розум.
Дзмітрый Вайцяховіч, вучань 9-га класа гімназіі №1:– Мне б хацелася быць падобным на дуб – вялікі і моцны, каб ніколі не скардзіцца на здароўе, вытрымліваць ўсе непагадзі на жыццёвым шляху і нікому не скарацца. А яшчэ, як і дубу ў чыстым полі, мне хочацца свабоды!
Дзмітрый нарадзіўся пад знакам піхты (5 ліпеня – 14 ліпеня). Мужчыны-піхты выдатныя тэарэтыкі, але няважныя практыкі. У большасці выпадкаў іх розум мяжуе з геніяль-насцю, але прымяніць свае веды ў іх атрымліваецца не заўсёды. Такія людзі часта ўскладняюць сабе жыццё і доўга змагаюцца з перашкодамі, якіх магло б і не быць.
Наталля Дубіцкая, у дэкрэтным адпачынку:– Першае, што прыйшло ў галаву, – асіна. Стройная, падцягнутая. Што яшчэ? Бяроза, напэўна, не... Чаму? А яе ўсе любяць – і гэта мне не падабаецца. Лепш ўжо быць навагодняй ёлкай: дарыць усім святочны настрой і радасць – многім гэтага так не хапае, асабліва зараз, восенню, – а ў добрым адчуванні, лічу, закладзены поспех ва ўсіх справах, здароўе і бадзёрасць.
Ляшчына, пад знакам якой нарадзілася Наталля (24 верасня – 3 кастрычніка), здаецца нічым не адметнай, але мае велізарны жыццёвы патэнцыял. Жанчыны-ляшчыны вельмі адданыя і здольныя прысвяціць іншаму чалавеку ўсё сваё жыццё, ахвяруючы ўласнымі інтарэсамі і захапленнямі. Непрадказальныя – усё іх жыццё залежыць ад настрою, але пра свае дзеянні яны ніколі не шкадуюць.
Антон ЧЫК. Фота аўтара.
