"Репортёр выходит в свет". С каким цветком вы ассоциируете себя?

У свеце існуе шмат гараскопаў, самыя вядомыя – задыякальны і ўсходні. Але ёсць яшчэ гараскопы грашовыя, імянныя, лічбавыя і нават кветкавыя. Да апошняга мы і вырашылі звярнуцца.

Наш карэспандэнт высвятляў у людзей на вуліцах Астраўца, з якой кветкай яны сябе асацыіруюць і чаму. І што на самой справе пра іх гаворыць кветкавы гараскоп.


Таццяна Юцкевіч, повар:

– Я ў сябе дома вырошчваю архідэі. Гэта мая любімая кветка, з ёй я сябе і параўноўваю – лічу сябе яркай, незвычайнай і, як і яна, нясу людзям радасць. Для мяне архідэі звязаны са шчасцем. Так было не заўсёды, але ў апошні час у маім жыцці з’явіўся чалавек, побач з якім я сябе адчуваю самай шчаслівай ў свеце.

Дзень нараджэння 13 кастрычніка. Па кветкаваму гараскопу народжаныя ў гэты дзень – камеліі. Ім уласціва прыемная знешнасць, вытанчанасць, і пры ўсім гэтым – мужнасць. У паводзінах шмат дзіцячага. Прыродай у яе закладзены артыстычныя здольнасці.



Яна Нікіценка, жыхарка г. Мінск:

– Я многія кветкі люблю: васілёк, рамонак, цюльпан, дзьмухавец, незабудка… А на якую я падобная? Нават і не ведаю. Мама кажа, што я – як ружа, гэткая ж калючая. Я сапраўды не люблю ўсялякія там абдымашкі і пацалуначкі. Ды і да кветак, шчыра кажучы, адношуся роўна.

Нарадзілася 13 лістапада. Гараскоп сведчыць, што Яна  – півоня. Хуткаплыннае жыццё ў півоні-кветкі – але пiвонi-чалавеку можна не баяцца за здароўе. Ён усё вытрымае. Вядома, пры ра-зумных перапынках у працы. Пiвонi трэба быць больш стрыманай i менш расказваць пра свае планы.


Андрэй Монід, слесар па кантролю вымяральных прыбораў і аўтаматыцы:

– Якая я кветка? Дзьмухавец (смяецца)! Гэткі ж непераборлівы і лёгкі на пад’ём.

Шчыра прызнаюся, кветкі мне падабаюцца, дома я імі займаюся. Яны гэта адчуваюць і добра ў мяне на панадворку растуць і цвітуць. Калі некалькі гадоў таму пераехаў на Астравеччыну, то пасадзіў невялікі расток ружы каля дома. А зараз там такі куст вымахаў! Так што кветкі ў нас дома ёсць заўсёды. Ды і жонцы я стараюся кветкі дарыць як мага часцей.

З’явіўся на свет 17 ліпеня. Па гараскопу – фіялка. Прыцягвае да сябе ўсеагульную ўвагу. Чалавек-фіялка звычайна хаваецца ў цяні, але заўсёды гатовы выйсці на сонца i ўзяць тое, што яму належыць. І тады толькі – трымайцеся!


Юліяна Урбановіч, вучаніца 2 класа СШ №2:

– Я, напэўна, падобная на васілёк. Гэткая ж простая, непераборлівая і непатрабавальная. Хаця мая любімая кветка, напэўна, усё ж цюльпан – вельмі ён прыгожы!

У нас дома часцей за астатнія кветкі цюльпаны дорыць тата. Я яму таксама перыядычна збіраю букецікі. Звычайна з палявых кветак.

Дзень нараджэння 15 студзеня. Па гараскопу – чартапалох. На яго ніхто не звяртае ўвагі, таму ён увесь час «выклікае агонь на сябе». Выдумляе падчас непасільныя для сябе заняткі, ад якіх, крыху падумаўшы, можа адмовіцца па любой прычыне. Такія паводзіны дэзарыентуюць іншых людзей, і яны не заўсёды могуць разглядзець асноўную рысу чартапалоху – дабрыню. Ён выдатны сябар, добры работнік і сем'янін.


Валерый Васілеўскі, часова беспрацоўны:

– Хто я? Трэба падумаць… Я магу быць як мяккім, так і жорсткім – у залежнасці ад таго, як да мяне ставяцца людзі: на дабро адказваю дабром, а на негатыў магу і жорсткасць праявіць. Так што, хутчэй за ўсё, я – ружа. Магу і ўкалоць!

А якая расліна самая любімая? Грашовае дрэва – вельмі ў яго плады добрыя (смяецца).

Нараджэнне – 23 сакавіка. Кветкавы гараскоп сцвярджае, што гэта – наперстаўка. У адрозненне ад непрыкметнай светла-жоўтай кветкі, людзі, народжаныя пад гэтым знакам, рашучыя. Галава ў іх працуе, як ЭВМ – выразна і хутка, знаходзячы правільнае выйсце нават з самай заблытанай жыццёвай сітуацыі. Ніколі не разгубяцца. Аднак ім трэба берагчы нервы.


-------------------------------------

Антон ЧЫК, фота аўтара.