"Репортёр выходит в свет". Пожелание молодёжи

1
2015 год у нашай краіне абвешчаны Годам Моладзі. І гэта правільны накірунак, таму што гэта наша надзея, наша будучыня.

Чаго жадаюць маладым людзям Астравеччыны чытачы нашай газеты, высвятляў карэспандэнт “АП”.

Кацярына Сяргей, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:

– Што пажадаць? Шчырай дзіцячай цікавасці і вопыту мудраца – тады ў вашым жыцці атрымаецца штосьці цікавае! Жывіце сёняшнім днём, стварайце сваю гісторыю!

А яшчэ, жывіце больш у рэальнасці, бо ў віртуальнай прасторы наша моладзь рызыкуе сябе згубіць. Не страчвайце сябе на старонках вэб-сайтаў. Больш чытайце кніг і менш глядзіце тэлевізар, асабліва фільмы, якія нічога добрага нам не даюць – упэўнена, ад масавай поп-культуры ізвіліны становяцца прамымі.

Вольга Руднік, старшыня РА «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа»:

– Па-першае, пажадаць хачу здароўя, бо здароўе дапамагае дасягнуць пастаўленай мэты – а ў каго, як не ў моладзі, павінны быць грандыёзныя планы і доўгатэрміновыя задачы.

А таксама хачу пажадаць маладым людзям нашага краю не ведаць такіх слоў як “спайс” і “мікс”, бо ў апошні час медыкі Астравеччыны ўзмоцнена працуюць над гэтай праблемай. Памятайце, што здароўе вельмі лёгка згубіць, таму беражыце яго з маладосці.

Мікалай, інжынер:

– Хачу пажадаць нашай моладзі больш пазітыву і менш скуголення над сваім жыццём і лёсам. Глядзіце на свет рэальна, а не праз ружовыя акуляры, схавайце свае амбіцыі ў глыбокую скрыню і мацней закусіце цуглі. Хочаце шмат мець – прывыкайце шмат працаваць. А калі вы лічыце, што вы самы лепшы, адзіны і непаўторны, то ведайце, што так лічыць кожны. Толькі аб чалавеку мяркуюць па яго справах, а не па яго словах. Маладосць мінае хутка, а разам з ёй пралятае і час сапраўдных спраў, якімі вы заслугоўваеце павагу ў сваіх супрацоўнікаў і ў сяброў.

Таму больш усміхайцеся жыццю і працуйце – тады ў вас абавязкова ўсё атрымаецца.

Эмілія Комар, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы:

– Мы, маладыя, – соль зямлі! Жадаю кожнаму з нас знайсці сваю дарогу, сваё прызначэнне ў жыцці! Не шукаць добрых і дрэнных, а шукаць сябе. Трэба больш варушыцца, больш шукаць, каб потым ажыццяўляць. Жадаю не баяцца жыцця і быць нават трошку вар’ятам. Больш шчырасці, менш ныцця – і наперад, скараць свет.

Таксама жадаю веры – у сябе, у сваю справу, у сваю краіну і ва ўзаемазалежнасць рэчаў у свеце. А самае галоўнае – любіце, цаніце блізкіх і кажыце ім пра гэта штодня. Сям’я – самае галоўнае, што робіць чалавека шчаслівым.

Жадаю ўсім умець быць шчаслівымі!

Антон Чык.