"Репортёр выходит в свет". Покупайте белорусское!

Напачатку снежня 23 беларускія прадпрыемствы трапілі пад абмежаванні з боку расійскага сельскагаспадарчага нагляду. Асноўны ўпор і прэтэнзіі рабіліся на якасць беларускай прадукцыі. Рассельгаснагляд забракаваў амаль усё беларускае мяса – знайшоў нібыта ў ім шкодныя мікраарганізмы. Пры гэтым беларускія лабараторыі ніякіх адхіленняў ад норм не выявілі, – як і іншыя паўсотні краін, куды экспартуецца прадукцыя нашых мясакамбінатаў. Пазней эмбарга для некалькіх вытворцаў было знята, але праблема ў цэлым не вырашана.

А таварамі чыёй вытворчасці запоўнены халадзільнікі нашых грамадзян? Ці ёсць прэтэнзіі да беларускіх прадуктаў харчавання ў жыхароў і гасцей нашага раёна? З гэтымі пытаннямі выйшаў на вуліцы райцэнтра наш рэпарцёр.


Наталля Грышанава, спецыяліст Астравецкага бюро Ашмянскага філіяла дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру:

– Перавагу аддаю мясцовым вытворцам: Ашмянскаму мясакамбінату, Астравецкаму хлебазаводу і Смаргонскаму малочнаму заводу. Прадукты нашы, лічу, знаходзяцца на належным узроўні і па суадносінах якасць-кошт лепшыя за многія імпартныя. А ўсе гэтыя забароны і выдуманыя праблемы з якасцю беларускіх прадуктаў – гэта нейкія палітычныя гульні, якія ніякім чынам не звязаны з характарыстыкай нашай прадукцыі.


Тадэвуш Кацінель, пенсіянер:

– Малачко, яечкі, кефірчык – усё наша, астравецкае купляю. А вось каўбасы ашмянскія даспадобы – і смачныя, і недарагія. Ну, да свята яшчэ, можа, каньячку прыкуплю ці шампанскага. Але таксама беларускага!

А што нашы прадукты і тавары дрэнныя – хлусня! Добрае наша ўсё. Брат жонкі ў Польшчы жыве, дык кажа, што нашы прадукты значна лепшыя за польскія, хаця цэны, канешне, у іх ніжэйшыя.


Анатоль Тарасенка, электрагазазваршчык:

– Асабліва не задумваюся, чые прадукты набываю, – купляю тое, што пажадае душа.

А чаму нашы прадукты на Расію не ідуць, не разумею. У нас вунь колькі расіян на будоўлі працуе – і ўсіх нашы прадукты харчавання задавальняюць. Асабліва “малочку” і сыры хваляць.


Вольга Крукава, у дэкрэтным адпачынку:

– Мне нашы беларускія тавары вельмі падабаюцца. Да мясцовых прадуктаў увогуле адношуся з павагай і любоўю – купляю ўсё выключна астравецкае. Хаця трэба адзначыць, што часам нейкія заўвагі з’яўляюцца, асабліва па хлебу. Напэўна, з-за нейкіх памылак на вытворчасці хлеб бывае то недапечаным, то кіславатым, то падгарэлым. А вось з некаторымі катэгорыямі – напрыклад, харчаванне для дзяцей – у нас напружана. У раёне адзін “Беллакт” на ўсіх паліцах стаіць, а калі захочаш нешта іншае купіць – усе ногі стопчаш, пакуль знойдзеш.

А наконт “харчовых войнаў” утрымаюся ад каментарыяў, бо, на мой погляд, гэта нейкія палітычныя гульні, зусім не звязаныя з якасцю нашых прадуктаў.


Ганна Штура, пенсіянерка:

– У мяне на паліцах у халадзільніку прадукты розных вытворцаў, але ў асноўным усё беларускае, мясцовае: каўбасы – ашмянскія, мяса – варнянскае, малако – смаргонскае, хаця часам і ваўкавыскае бывае. Абавязкова рыбку купляю раз на тыдзень – трэба ж харчавацца правільна.

Наконт імпартных прадуктаў харчавання скажу так: у мяне некалі дзеці ездзілі ў Польшчу на шопінг, дык прывезлі іхніх каўбас ды мяса – мне не спадабалася, смак зусім нязвыклы. У нас усё натуральнае, а там, мусіць, адны араматызатары і смакавыя дабаўкі. Не ведаю, якія зараз на самой справе прычыны таго, што нашы прадукты не ідуць на Расію і Еўропу, але прычына тут зусім не ў якасці нашых прадуктаў. Мы ж ядзім – і смачна!


-------------------------------------

Антон Чык, фота аўтара.