"Репортёр выходит в свет". Почему вы остались жить и работать в Островце?

островец історія
У свеце шмат гарадоў, пры наведванні якіх шчэміць сэрца і займае дух. Кожны непаўторны па-свойму. У якім горадзе жыць і працаваць, кожны чалавек вырашае сам.

Аднаму падабаюцца экзатычныя гарады, другому – “гістарычныя”, трэцяму – мегаполісы.
А чаму многія застаюцца жыць і працаваць на Астравеччыне? Гэта і высвятляў карэспандэнт “АП” на гэтым тыдні.

репортер ОвсюкевичГанна Аўсюкевіч, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі СШ №2:
– Я родам з Літвян. Пасля школы закончыла ўніверсітэт, а калі прыйшоў час размяркоўвацца на працу, выбрала Астравеччыну, хаця мне прапаноўвалі працаваць і ў сталіцы, і ў Гродна. Ды і зараз час ад часу тэлефануюць і прапаноўваюць. Але я лічу, што дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся.
Два гады я адпрацавала ў Кямелішках, а зараз у Астравец перабралася.
Чаму менавіта Астравеччына? Не ведаю. Цягне мяне сюды, нешта тут трымае.

репортер ЛазовскийКанстанцін Лазоўскі, начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці на аб’ектах АЭС:
– У Астравец з Брэста я трапіў, можна сказаць, дзякуючы брату. Ён неяк знайшоў у інтэрнеце артыкул “Расійскія выратавальнікі дапамогуць сваім беларускім калегам у навучанні работнікаў АЭС”. Паказаў мне. Мяне зацікавіла магчымасць пайсці працаваць на першую Беларускую атамную электрастанцыю. Запісаўся на прыём да начальніка абласнога кіраўніцтва, прыехаў на сустрэчу. І ўжо тры гады тут, на Астравеччыне, працую. Калектыў у нас цудоўны, кіраўніцтва – граматнае, заўсёды дапамагае вырашаць тое ці іншае пытанне. А дома бацькі задаволены, родзічы – ганарацца.

репортер ЛянцеваВольга Лянцава, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета:
– Я і мой муж з Гродна. Здаецца, не такі ўжо і вялікі абласны горад, аднак нават там нам хацелася спакою і цішыні. Выбіралі паміж Іўем, Смаргонню і Астраўцом.
Перабраліся мы на Астравеччыну ў 2010 годзе, калі пра атамную станцыю ніхто і не чуў. Я ў той год якраз заканчвала вучобу і сама папрасіла размеркаванне на Астравеччыну. Накіравалі мяне ў Рымдзюны, дзе я адпрацавала два гады. А зараз ў Астраўцы жывём. Цудоўны, невялікі, дагледжаны гарадок, быццам з казкі. Усё, што патрэбна: школа, садок, магазіны, – тут пад бокам. Лепшы горад для таго, каб гадаваць нашых дзвюх дачок.

репортер ОрловскийЯўген Арлоўскі, участковы інспектар Астравецкага РАУС:
– Я нарадзіўся і ўсё юнацтва пражыў у Астраўцы, таму, як сказаў наш першадрукар Францыск Скарына, “да гэтага месца вялікую ласку маю”.
Пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ўладкаваўся на працу ў міліцыю ў сталіцы, аднак душа да вялікага горада не ляжала. Да таго ж жонка Алёна з Астравеччыны, з Белай Вады, таму мы з ёй параіліся і вырашылі вярнуцца на радзіму.
Перавёўся ў Астравецкі РАУС, пасяліліся ў Міхалішках – гэта прыкладна пасярэдзіне паміж Астраўцом і Белай Вадой, каб нікому крыўдна не было (смяецца). У нас тут ціха, спакойна і ўтульна. Мне падабаецца.

репортер пашук АнастасияАнастасія Пашук, настаўніца фізічнай культуры гімназіі №1:
– Калі я заканчвала вучобу ва ўніверсітэце фізічнай культуры, мне прапаноўвалі працу ў Мінску, Гродна, аднак Астравецкі раён – гэта мая радзіма. А дома, як гаворыцца, і сцены дапамагаюць. Ды і іншыя фактары сваю ролю адыгралі. Па-першае, тут жыве мой самы дарагі, блізкі і любімы чалавек – мая маці, і я не магу пакінуць яе тут адну – старэйшыя браты даўно выраслі і раз’ехаліся.
А па-другое, мая другая палавінка таксама з Астравецкага раёна – яшчэ адзін аргумент, каб вярнуцца дадому.

-------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.