"Репортер выходит в свет". Островетчина стародавняя и современная

дизайн гервяты1На гэтым тыдні наш карэспандэнт вырашыў высветліць у астраўчан і гасцей райцэнтра, у якіх мясцінах яны раілі б пабываць сябрам і знаёмым, якія ўпершыню трапілі на Астравеччыну?

Алдона Ахрамовіч, госця з Літвы:

– Я ўпершыню пасля распаду СССР прыехала сюды. Тое, што памятаю з тых часоў, што зараз убачыла, – гэта зямля і неба: чыста, прыгожа, акуратна, людзі ўсе ветлівыя, усмешлівыя, калі з пытаннем звернешся, то і раскажуць, і пакажуць. А ў паліклініку завітала, дык, скажу вам, у вас урачы да пацыентаў вельмі ветліва і ўважліва адносяцца.
А наконт мясцін, якія я наведала, дык пакуль толькі па Астраўцы гуляла, але вельмі мне раілі завітаць у Гервяты і хаця б здалёк на будучую АЭС паглядзець.

Марыя Мальдзіс, кладаўшчыца (без фотаздымка):
– Нам, астраўчанам, вельмі пашчасціла з месцам нараджэння. Па-першае, амаль з кожнай вёсачкай у нас асацыіруецца нейкая гістарычная асоба ці падзея: Трокенікі, Гудагай, Барані, Варняны, Міхалішкі ўвесь час на слыху.
Па-другое, у нас будуецца першая Беларуская АЭС. Тут кожны дзень кіпіць і віруе работа. Аднак пры ўсім гэтым “віраванні” горад застаецца чыстым і ўтульным – у чым ужо заслуга саміх астраўчан.

Галіна Чарняўская, у дэкрэтным адпачынку:
– Можна, канешне, зрабіць экскурсію па храмах, але гэта вандроўка, лічу, на адзін раз, а пастаянна ездіць па адным і тым жа маршруце – хутка надакучыць.
Калі гаварыць пра дзяцей, то на розум нічога не прыходзіць – ні музеяў, ні паркаў забаў, ні палацаў спорту, якія б працавалі кожны дзень, – у нас няма. Летам можна і ў лесапарку прагуляцца – а зімой куды падацца?

Генрых Навіцкі, жывёлавод:
– Прызнаюся шчыра, я не вельмі люблю “каменныя лабірынты” – мне больш да душы адпачынак на ўлонні прыроды. Таму, калі да мяне прыязджаюць родзічы ці сябры, – мы смажым шашлыкі.
А калі ўжо з’явіцца патрэба нечым здівіць гасцей, то адзінае, што прыходзіць на розум, – гэта нашы касцёлы.

Валерый Бянько, рознарабочы:
– Калі гаварыць пра знакамітыя мясціны, то тут кожны вам скажа, што трэба ехаць у Гервяты да ксяндза Несцюка – там і з Вялікабрытаніі, і з Францыі, і з Германіі пастаянна госці бываюць.
А калі трэба ўразіць сучаснасцю – то, калі ласка, на “атамку”: туды вас, канешне, не пусцяць, аднак можна хаця б здалёк ацаніць маштабы будоўлі. Яшчэ можна па Астраўцу праехацца – паказаць новыя мікрараёны, якія ўзведзены ўсяго за некалькі гадоў.



Антон ЧЫК