"Репортёр выходит в свет". Нужно ли делать заготовки на зиму?

canned tomatoes and pickled cucumbers, homemade preserved vegetaЛета – не толькі час адпачынку, але і пара, калі многія займаюцца нарыхтоўкамі на зіму. Нездарма ж кажуць, што летні дзень год корміць. Галоўнае – не ленавацца, тады кансервамі-марынадамі можна забяспечыць сям’ю  на цэлы год.

А як робяць хатнія нарыхтоўкі астраўчане і ці лічаць вартым імі займацца, высвятляў наш карэспандэнт.

репортер заготовки Русецкі3Леанід Русецкі,  спецыяліст  упраўлення па  працы, занятасці  і сацыяльнай  абароне:

– Мы з бацькамі нарыхтоўкі робім са сваіх, хатніх, прадуктаў. У нас каля дома ўчастак – з яго і жывем. Вядома, займацца нарыхтоўкамі часам даволі складана і марудна – можна цэлыя выхадныя на гэта адвесці, аднак без дамашніх агуркоў ці памідораў зімой стол зусім не глядзіцца.

Шкада, што сёлета надвор’е часта перашкаджала таму, каб выбрацца ў лес па грыбы і ягады. Аднак паскардзіцца не магу: нешта насушылі, нешта – замарозілі.

 репортер заготовки Вінічак2Валянціна  Віннічак,  педагог  дадатковай  адукацыі  ЦТДіМ:

– Раней я вельмі любіла і на сваім агародзе папрацаваць, і ў лес выбрацца, каб назбіраць грыбоў і ягад на зіму ці потым іх здаць і зарабіць нейкі рубель. Аднак зараз дзеці мне забаранілі так напружвацца, кажуць: “Паберажы сваё здароўе. Мы купім усё, што ты захочаш”.

Таму адзінае, што я сёлета нарыхтоўвала – гэта жытняя і пшанічная саломка для заняткаў па саломапляценню.

Я ведаю шмат людзей, для якіх летні збор ягад і грыбоў – гэта заробак. Напрыклад, мой вучань Руслан гэтым летам на дарах лесу больш за 500 рублёў зарабіў – і апрануўся, і абуўся, і да школы самастойна падрыхтаваўся.

репортер заготовки Ваховіч і СвірскаяНасця Ваховіч, вучаніца СШ №1,  Карына Свірская, вучаніца СШ №2:

Насця:

– У нас дома сезон нарыхтовак ідзе поўным ходам: ставім агуркі, памідоры, варэнні, кампоты...

Удзел у гэтым прымаюць усе члены сям’і: хто перабірае садавіну і гародніну, хто мые і наразае, а дарослыя закатваюць слоікі.

Зараз, калі летнія грыбы і ягады адышлі, а восеньскіх яшчэ малавата, у асноўным у справу ідуць прадукты з уласнага агарода.

Карына:

– У нас нарыхтоўкамі займаюцца жанчыны: я, мама і сястра. Мы дружна дапамагаем адна другой.

Ужо шмат чаго закаталі на зіму, але ў асноўным займаемся “салодзенькім” – кампотамі і варэннем. Хапае грыбоў і гародніны. Таму зімой будзе чым самім паласавацца і гасцей пачаставаць.

репортер заготовки Грымашэўская2Лілія Грымашэўская,  санітарка  Астравецкай  ЦРБ:

– Як можна ўявіць сабе свята без дамашніх салатаў, перцаў ці капусткі?!

Мы з маці ўжо не адзін слоік закаталі: агуркі, салаты, памідоры, кабачкі… У асноўным агародніна са свайго участка, аднак нешта даводзілася дакупляць на нашым рынку.

Антон ЧЫК.


Фота Лізаветы ДРЭМА.