"Репортёр выходит в свет". Нужен ли декретный отпуск папам?
Па законе адпачынак па догляду за дзіцём можа аформіць не толькі мама, але і бацька, а таксама іншыя блізкія члены сям'і. Галоўная ўмова – наяўнасць працоўнага месца ў таго, хто хоча даглядаць за малым. Цяпер у нашай краіне разглядаецца пытанне аб увядзенні абавязковага дэкрэтнага адпачынку для татаў.
Ці патрэбны, на думку астраўчан і гасцей горада, змены ў дзеючым заканадаўстве, высвятляў наш карэспандэнт.
Мікалай Фурманаў, начальнік участка ТАА “Белгазналадка”:– Я лічу, што калі некаму гэта патрэбна, то няхай будзе магчымасць такога вырашэння пытання. Калі
я быў малы, ніякіх дэкрэтных адпачынкаў не было ні для жанчын, ні для мужчын.
Калі дзяржава клапоціцца пра сваіх грамадзян: павялічвае матэрыяльныя выплаты, паляпшае медыцынскае абслугоўванне, – гэта дае станоўчыя вынікі. А пытанні догляду і выхавання маленькіх грамадзян нашай краіны павінны быць асноўным пунктам.
Ірына Жвірыдоўская, шматдзетная маці:– Думаю, што большасць бацькоў падобны закон не зразумеюць і не пагодзяцца з ім.
Калі, напрыклад, адпачынак дзяліць на дваіх, то ўсё роўна будзе дадатковая нагрузка на маці: адпрацаваць на рабоце, потым ляцець дамоў гатаваць, карміць, прыбіраць...
Ні адзін тата не заменіць маму. Як займаецца выхаваннем большасць татаў? Дадуць цацкі, паставяць вакол вазоны з кветкамі, а самі – у камп’ютар ці ў тэлевізар…
Калі ўжо нешта змяняць, то лепш павялічыць адпачынак па догляду за дзіцём да пяці гадоў.
Лілія Кімса з сынам Аляксандрам, у дэкрэтным адпачынку:– Магчыма, такі закон і патрэбен, аднак не ў абавязковым парадку, а па жаданні. Бо выпадкі ў
жыцці бываюць розныя і да кожнага патрэбен індывідуальны падыход.
Я ўпэўнена, што мой муж лёгка справіўся б і з дзецьмі, і з хатнімі справамі. Ён гэта пацвердзіў, пакуль я знаходзілася ў раддоме.
Канешне, дзяржава шмат зрабіла для маладых маці, аднак не трэба спыняцца на дасягнутым.
Сяргей Грыгарчук, прыватны прадпрымальнік (без фота):
– Не трэба выдумляць “веласіпед”. Дастаткова паглядзець на Еўропу і ўзяць у іх дзейнічую схему. Але рабіць гэта трэба такім чынам, каб заахвоціць людзей да бацькоўства, а не адбіць у іх такое жаданне.
А ў пытанні падзелу адпачынку па догляду за дзіцём, лічу, што сапраўдны мужчына ў яго не пойдзе. Ён павінен зарабляць грошы для сваёй сям’і, а не адпачываць.
Галіна Кошур, загадчыца дзіцячага сада г. Гродна (без фота):
– Тры гады адпачынку па догляду за дзіцём да трох гадоў, па сваім вопыце ведаю, – зашмат. Цяпер дзеці ўжо ў два годзікі самастойныя.
Займацца ж выхаваннем павінны і тата, і мама. Аднак тата – гэта матэрыяльная складаючая, і ён павінен зрабіць так, каб маці – духоўны складальнік – ні ў чым не абмяжоўвала сябе і дзіця.
Антон ЧЫК, фота аўтара.
