"Репортёр выходит в свет". Настоящий учитель – какой он?

День учителя фотоНастаўнік – гэта адна з тых прафесій, выбіраць якую варта не розумам, а сэрцам. Настаўнік не толькі навучае і тлумачыць, ён прасвятляе і натхняе.
А які сэнс укладваюць у паняцце “сапраўдны настаўнік” астраўчане і госці нашага райцэнтра? Гэта і высвятляў наш карэспандэнт.

репортер Дрывицкая2Наталля Дрывіцкая, спецыяліст па продажу паштовых паслуг:
– Сапраўдны настаўнік у кожнага свайго вучня ўкладае ўсю душу, шукае і знаходзіць з ім агульную мову, каб перадаць свае веды.
Ці быў на маім шляху такі настаўнік? Так. Мая настаўніца беларускай мовы Ядвіга Каятанаўна Шаблінская. Яна была і застаецца для мяне прыкладам таго, якім павінен быць ідэальны настаўнік.

репортер СарачынскиСтаніслаў Сарачынскі, пенсіянер:
– Настаўнік – гэта граматны чалавек. Ён ніколі не памыляецца, хіба што ў нейкіх дробязях. Настаўнікам быць можа не кожны. Я так лічу: адзін ад нараджэння ўмее камандаваць, другі – працаваць на заводзе, трэці – лячыць жывёлу. А ў настаўніка з маленства павінна праяўляцца цяга да ведаў і ўменне патлумачыць нешта іншым. Так што настаўнікамі нараджаюцца.

Наталля Сядлоўская, інжынер ВТА (без фота):
– Настаўнік – гэта той, хто вучыць дзяцей у школе, а педагог – гэта той, хто вучыць іх ужо у тэхнікумах, сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Здавалася б, справа адна і тая ж, аднак і падыход да вучняў, і спосаб выкладання матэрыялу, і шляхі зацікаўлення прадметам зусім розныя. Але і настаўнікі, і педагогі павінны быць сапраўднымі людзьмі, з якіх смела можна браць прыклад у паўсядзённым жыцці.

репортер Кляпцоу2Уладзімір Кляпцоў, пенсіянер:
– Настаўнікаў вельмі мала, у асноўным педагогі. Настаўнік – гэта той, хто настаўляе на шлях спасціжэння ведаў.
Я з пятага класа ў аркестры іграю, нават зараз на пенсіі гэтай справы не пакінуў. Дык вось, такую любоў да музыкі мне прывілі мае настаўнікі, за што ім вялікае дзякуй: Раман Карвэль, які мяне ў духавы аркестр і зазваў, Мікалай Алейнік і былы дырэктар музычнай школы Стаціна.

репортер Шнельцле2Ірына Шмельцле, швяя:
– Сапраўдны настаўнік – гэта ідэал. Гэта не проста чалавек, які вучыць дзяцей, гэта – прыклад ва ўсім: у паводзінах, ладзе жыцця. Мала валодаць пэўным “багажом” ведаў, трэба ўмець іх данесці і падзяліцца імі.
Сапраўдны настаўнік не проста вучыць, ён яшчэ і сам вучыцца разам са сваімі вучнямі. Быць такім настаўнікам можа не кожны! Трэба любіць сваю прафесію, дзяцей і мець вялікі запас цярпення.

--------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.