"Репортёр выходит в свет". На что вам не хватает денег?
“Шчасце не купіш” – некалі сказаў адзін паэт. А другі дадаў: “Але грошы дапамагаюць да яго наблізіцца”. Апошнім часам ад людзей толькі і чуеш: тое хачу, гэта жадаю, але фінансаў не хапае.Вось і вырашыў карэспандэнт раённай газеты запытацца ў гасцей і жыхароў Астраўца, на што ім не хапае грошай.
– Скардзіцца няма на што – грошай хапае, не бядуем. Мой муж добра зарабляе, хоць работа яго цяжкая і складаная. Адзінае, на што хацелася б з часам накапіць, – на сумесную вандроўку ўсёй сям’ёй куды-небудзь на мора.
– Адзінае, напэўна, на што не хапае – гэта на ажыццяўленне запаветнага жадання. А мары… Яны розныя бываюць. Зараз я хачу новую мэблю, зрабіць адпаведны рамонт. І разумею, што магу сабраць неабходную суму ў пэўны час, але не хачу. Павінна ж у мяне быць нейкая мара (смяецца).
– Здаецца, на ўсё хапае. Хаця куды асабліва ў маім узросце грошы траціць? Хіба што на медыкаменты. У нас хоць медыцына і бясплатная, але некаторыя лекі каштуюць столькі, што з пенсіі не купіш. Вось каб пенсія яшчэ падрасла... Ды і на дзяцей, унукаў, праўнукаў нейкая капейчына адкладваецца – усім трэба дапамагчы.
Калі б на што і стала адкладваць грошы, дык на які-небудзь санаторый, а то за ўсё жыццё ні разу там не была. Можа, з кім пазнаёмлюся і яшчэ раз замуж выйду (смяецца)?
– На ўсё не хапае! Ды і калі такое было, каб грошай хапіла на ўсё, што жадаеш, ды яшчэ і засталося? Да таго ж, якія ў нас зараз пенсіі? Хапае, каб не бедаваць, але каб жыць на шырокую нагу – аб гэтым можна толькі марыць. І дзецям жа, і ўнукам дапамагчы трэба. У сваёй хаце трэба рамонт неяк зрабіць, але пакуль гэта толькі ў планах.
– На ўсё хапае! Вядома, часам на нейкіх дробязях даводзіцца эканоміць, але можна сказаць, што грошы не асабліва лічым. Муж Анатоль у мяне добры, лічыць, што калі нешта неабходна – то значыць трэба купляць і няма чаго грошы ў панчоху складваць. Калі я чаго хачу, то ён купляе або сама іду ў магазін.
Адзінае, на што хацелася б пачаць збіраць грошы, – на адпачынак, каб паехаць куды-небудзь на некалькі тыдняў: можа, да сястры ў Навагрудак, а мо на гістарычную радзіму – у Паўночна-Казахстанскую вобласць.
--------------------------------------
Антон Чык, фота аўтара.





