"Репортёр выходит в свет". Можно ли прожить без автомобиля?

машина маздаАўтамабіль для многіх даўно не раскоша, а неад’емная частка жыцця, ад якой немагчыма адмовіцца. Ці ўсё ж такі магчыма? Як доўга вы можаце абыходзіцца без аўтамабіля? – з такім пытаннем мы звярнуліся да астраўчан і гасцей райцэнтра.

репортер Филиппов про машиныЮрый Філіпаў, часова беспрацоўны:
– Зараз у большасці грамадзян ёсць уласны транспарт, але я лічу, што аўтамабіль патрэбны, калі неабходна перамяшчацца на вялікія адлегласці – напрыклад, у іншы горад ці краіну. У невялікіх жа гарадах, падобных на Астравец, спакойна можна ўсюды дайсці і на “сваіх дваіх”. Пешыя прагулкі на свежым паветры яшчэ нікому не зашкодзілі. Ды і экалогія, калі б людзі часцей адмаўляліся ад штодзённых паездак на аўтамабілі, была б лепшай.

репортер Миклис про машиныВалянціна Мікліс, пенсіянерка:
– А як жа ад яго адмовішся, калі раптам тэрмінова некуды даехаць трэба? Я вось, напрыклад, свой “мерседэс” (паказвае на веласіпед, які трымае ў руках) ні на што не змяню. Ён мне верным памочнікам служыць і куды патрэбна своечасова даставіць. А аўтамабіль? У гады маёй маладосці мала хто вучыўся на тыя правы – грошай не было. Ды і пабаялася б я, напэўна, сесці за руль – мой двухколавы транспарт больш надзейны. Сёння без аўтамабіляў людзям нельга: трэба куды – сеў і паехаў.

репортер Борко про машиныЯўген Барко, будаўнік:
– Без аўтамабіля можна абысціся, але не пастаянна. Я, напрыклад, сам не ваджу, але жонцы купіў машыну – яна мяне і дастаўляе куды трэба. Бывае, сябры выручаюць. Напэўна, многае залежыць яшчэ і ад звычкі – камфортна заўсёды мець транспарт пад рукой. З іншага боку, нічога дармовым не бывае – аўтамабіль патрабуе догляду і на вадзе не паедзе. Словам, ёсць свае плюсы і мінусы, але поўнасцю адмовіцца аўтамабіля немагчыма. Ну не ў каменным жа стагоддзі жывём!

репортер Васильчик про машиныАлена Васільчык, прадавец-кансультант магазіна “Рамашка-Торг”:
– Назаўсёды адмовіцца ад аўтамабіля нельга. Зараз гэта не паказчык дабрабыту ці “крутасці”, а зручны спосаб перамяшчэння. У жыцці могуць узнікнуць розныя экстрэмальныя сітуацыі, калі ўсё вырашаюць хвіліны – і машына тут акажа неацэнную паслугу. Аднак можна жыць без транспартнага фанатызму – напрыклад, у працоўныя дні я цудоўна абыходжуся без аўтамабіля. У Астраўцы можна спакойна дабірацца на работу і пехатой. Іншая справа, калі трэба пад’ехаць у суседні горад за пакупкамі, падарожнічаць ці з’ездзіць на адпачынак за мяжу – на аўтамабілі гэта можна зрабіць хутчэй, зручней і больш камфортна.

репортер Стреха про машиныАлена Стрэха, часова беспрацоўная:
– Ужо другі год я кірую аўтамабілем і зараз проста не ўяўляю, як раней жыла без яго! Гэта вельмі зручна: трэба ў банк – пара хвілін, на прыём да ўрача – ніякіх праблем, за пакупкамі ў магазін – загрузіў і паехаў. Уласны транспарт эканоміць час і дазваляе зрабіць больш спраў. А калі ў цябе маленькае дзіця – гэта вялікі плюс. Адмовіцца ад аўтамабіля? Нізавошта! Хіба толькі на адзін дзень.

--------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.