"Репортёр выходит в свет". Лето зовёт!
Чэрвеньскае сонейка не шкадуе сваіх пацалункаў. Нарэшце можна выбрацца на прыроду ці вячэрні праменад! Школьнікаў клічуць летнікі, перад абітурыентамі расчыняюць свае дзверы навучальныя ўстановы...
Мы вырашылі пацікавіцца ў астраўчан і гасцей горада іх планамі на лета.
Яўгенія Раткевіч, настаўніца англійскай мовы гімназіі №1:
– Разам з дзеткамі з Гомельскай і Магілёўскай вобласці ў якасці валанцёра-перакладчыка паеду на месяц у Італію. Дзеці будуць жыць у сем’ях, аздараўляцца і спазнаваць новую для сябе культуру – а я дапамагаць ім у стасунках з італьянцамі. Частку жніўня правяду дома з роднымі, а пасля рвану ў Польшчу – у горы! Акрамя актыўнага адпачынку, разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі мы будзем супольна маліцца.
Віталь Валер’евіч Несцяровіч, РАНС:
– У адпачынак збіраюся ў кастрычніку. Чым буду займацца падчас яго, яшчэ не вырашыў. А летам буду працаваць у літаральным сэнсе закасаўшы рукавы, таму што гэта самы пажаранебяспечны перыяд.
Аксана Севасцей, вучаніца Альхоўскай СШ; Таня Сліж, абітурыентка; Яна Юркойць, вучаніца Варнянскага НПК:
Аксана: Не магу дачакацца, калі пачне працаваць палатачны летнік. На працягу дзевяці дзён, калі не памыляюся, будзем жыць у палатках. Рамантыка…Калі толькі не лічыць камароў (усміхаецца).
Таня: А ў мяне лета, у адрозненне ад дзяўчат, сёлета чакаецца напружаным: буду паступаць. Вось прыехала ў Астравец, каб прайсці медыцынскую камісію. Дакументы збіраюся падаваць у Смаргонскае прафтэхвучылішча на маляра-тынкоўшчыка.
Яна: У нас ў Варнянскай школе будзе працаваць летнік “’Эка-краязнаўца” – разам з сяброўкамі будзем там адпачываць. Толькі вельмі ж хочацца, каб лета выдалася цёплым, сонечным і багатым на ягады і грыбы!
Максім Папоў і Кірыл Станулевіч, вучні 9 класа гімназіі №1 г. Астраўца:
– Нарэшце адпачнём ад школьных заняткаў!
– Галоўнае – экзамены добра здаць. З матэматыкай і рускай мовай ужо справіліся (усміхаецца).
– Мы – стрыечныя браты, пагэтаму адпачываць летам будзем разам. Бацькі плануюць паехаць да сваякоў у Калінінград на цэлы месяц… Вось здорава! Цэлымі днямі можна будзе плаваць у Балтыйскім моры, загараць, гуляць у валейбол…
– А канец лета правядзём ў летніку “Вясёлка” разам з сябрамі.
Ніна Аляксандраўна Кіндар, выхавацель Трокеніцкага дзіцячага садка:
– У адпачынак – ён у мяне 42 дні – пайду з першага ліпеня. Ехаць нікуды не збіраюся. Буду адпачываць, калі можна так сказаць, на градах, пад астравецкім сонейкам.
Тадэвуш Часлававіч Міхалоўскі, упакоўшчык-укладчык на хлебазаводзе:
– Сёлетняе лета не будзе адрознівацца ад астатніх. Адпачынак пакуль не планую: прайшло толькі два месяцы, як уладкаваўся на працу. Хоць жыву ў прыватным доме, але гаспадаркі не трымаю, пагэтаму штодзённы летні маршрут будзе з дому на работу і назад.
-----------------------------------------
Распытвала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара і з сайта superdeal.com.ua.
