"Репортёр выходит в свет". Купляем беларускае?!

3
Тавары чыёй вытворчасці любяць і купляюць жыхары і госці Астраўца – гэта высвятлялі нашыя журналісты.

Людміла з унукамі Усцінай і Ягорам, пенсіянерка:
– Асаблівых пераваг у мяне няма. І наша, і імпартнае бяром прыкладна аднолькава, зыходзячы выключна са свайго густу.
З прадуктамі харчавання ўсё проста: на стол ставім звычайна тое, што вырашчана на сваім агародзе. Але так атрымалася, што грады ў гэтым годзе не садзілі – не да іх было. А з магазіннага: мяса, каўбасы, як правіла, – ашмянскія, хлеб – мінскі з семачкамі, рыбка – сольская.
Адзенне і абутак у магазінах купляем таксама айчынныя – гэта добрае спалучэнне кошту і якасці.

Ганна Ваховіч, пенсіянерка:
– Мне шмат новых рэчаў не трэба. Асабліва адзення і абутку – старое даношваю. Калі што і бяру, то перавагу аддаю айчыннаму – замежнае не прываблівае. Хаця варта адзначыць, што цэны ў астравецкіх магазінах часцяком “кусаюцца” – з маёй пенсіяй асабліва не павыбіраеш!
Бульба, зеляніна ў нас свае. За іншымі прадуктамі хаджу ў суседнія магазіны: у “Мясную лаўку”, “Кулінарыю”, “Гермес”… Таксама купляю выключна беларускае: смаргонскія малочныя прадукты, ашмянскае мяса, астравецкі хлеб – “цаглінку”. Дарэчы, на мой погляд, наш хлеб куды смачнейшы за мінскі ці лідскі.

Іван Пляўга, намеснік начальніка аддзела МТЗ БелАЭС:
– Прамысловыя тавары я выбіраю, зыходзячы з крытэрыяў надзейнасці, якасці і цаны. Не абавязкова купляць імпартныя тавары – шмат беларускіх фірм таксама працуюць на высокім узроўні. Напрыклад, абутак я набываю, як правіла, фірмы “Marko”. Лічу, што беларускі вытворца пры пэўным старанні можа рабіць натуральны і якасны прадукт. Няхай сабе часам ён і будзе крыху даражэйшы, але я адназначна выберу наша, а не замежнае.
А наконт прадуктаў харчавання неяк не задумваўся – бяру тое, што падабаецца, гледзячы на тэрмін вытворчасці і захоўвання, а не на назву.

Таццяна Руновіч, студэнтка Мінскага медыцынскага каледжа (без фота):
– Мне прасцей з прадуктамі харчавання: я мяса не ўжываю ўвогуле, харчуюся выключна садавінай і гароднінай.
А вось у адзенні і абутку выбіраю брэндавыя тавары вядомых фірм “Mango”, “Vero Moda”, “Terranova”. Жывучы ў Мінску, гэта зрабіць прасцей – дастаткова проста зайсці, напрыклад, у той жа гандлёвы цэнтр “Сталіца”.

Наталля Усціменка, лабарант:
– Як сапраўдная патрыётка свайго краю, прадукты харчавання і прамысловыя тавары я стараюся купляць нашы. Імпартнае бяру, калі няма беларускага аналага.
Так, з адзення мне вельмі падабаюцца рэчы, якія прапаноўвае “Світанак”.
Сярод “прадуктовых” вытворцаў у мяне таксама ёсць свае лідары: ласункі фірмы “Камунарка”, малако смаргонскае, зяляніна астравецкая. А вось хлеб наш некалькі разоў паспрабавала – не спадабаўся.

-----------------------------------------
Антон ЧЫК.
Фота Кацярыны СЯРГЕЙ.