"Репортёр выходит в свет". Куда и с кем вы бы отправились в путешествие?
Лета – тая пара, калі хочацца сабраць рэчы ў вялікі чамадан ці заплечнік і адправіцца ў падарожжа. Куды? Ды хоць куды! Найлепш, вядома ж, у “кругасветку”. Асабліва, калі ёсць з кім… Які чалавек павінен быць побач падчас кругасветнага падарожжа, чаму і куды з ім адправіліся б падарожнічаць астраўчане, высвятляў наш карэспандэнт.
Валерый Мілаш, майстар СВК “Гервяты”:– У кругасветнае падарожжа ўзяў бы лепшага сябра – там патрэбен чалавек, якому больш за ўсіх давяраеш. Напэўна, адправіліся б з ім у горы. Вельмі ж яны прыгожыя! Таксама ёсць мара – адпачыць на Гоа. Можа, і туды б зазірнулі з сяб-рам.
Улад Васілеўскі, вучань CШ №2: – Я лічу, што лепш за ўсё падарожнічаць з сям’ёй. Каб разам былі і бабулі, і дзядулі, і бацькі. І вось такой дружнай кампаніяй мы б заехалі ў Італію. Надта ж там піца смачная! І ў Францыю хачу – пафатаграфавацца каля Эйфелевай вежы – што можа быць лепей?
Вітольдас Петрыкас, пенсіянер:– Нарадзіўся ў Беларусі. Жыў некаторы час ў Літве. Зараз мая малая радзіма – вёска Петрыкі. І ведаеце, не трэба мне ніякіх кругасветных падарожжаў. Беларусь для мяне – люкс: падабаецца тут. Ды і як радзіма можа не падабацца? Дачка візу зробіць, прыедзе да мяне – і гэта ўсё, што мне патрэбна.
Галіна Тухта, ветфельчар:– Хацела б адправіцца на мора. Індыя, Балгарыя – у гэтых краінах адпачыла б з задавальненнем. Сын хутка вяртаецца з тура па Еўропе – вось ад яго і пачую пра іншаземныя цуды. А пакуль мае падарожжы – на дачу і назад.
Алена Сянюць, прадавец:– З кім ехаць у падарожжа? У чужой краіне побач павінны быць толькі самыя блізкія людзі. Для мяне – гэта, канешне, дзеці. Пачалі б з імі падарожжа з Вільнюса, а потым і да Афрыкі ці Азіі дабраліся б. Але для такіх падарожжаў абавязкова трэба вучыць замежную мову: без гэтага ні вас не зразумеюць, ні вы. А ўзрост для падарожжаў не мае ніякага значэння. Што табе 20, што 50 – усё адно, толькі іншы погляд на рэчы, а ўражанні тыя ж самыя.
Анастасія ДАМБРОЎСКАЯ.
Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА.
