"Репортёр выходит в свет". Кто защитит братьев наших меньших?
У многіх краінах ужо даўно існуе крымінальная адказнасць за жорсткае абыходжанне з “братамі нашымі меншымі”.Варта адзначыць, што закон аб абыходжанні з жывёламі ў Беларусі не могуць прыняць ужо больш за 10 гадоў. Праект неаднаразова абмяркоўваўся ў парламенце, але кожны раз яго вярталі на дапрацоўку з-за грамадскай крытыкі.
З нагоды вынясення на суд грамадскасці чарговага варыянта закона “Аб абыходжанні з жывёламі” наш карэспандэнт высвятляў у жыхароў і гасцей Астраўца іх меркаванне па гэтай тэме.
Валянціна Відута, акушэрка ЦРБ:– У мяне раней кошка жыла, але ад старасці памерла. Зараз хачу яшчэ адну ўзяць. Ведаеце, якое гэта шчасце, калі пасля цяжкага працоўнага дня мяккі цёплы камячок узбіраецца табе на калені – любыя стрэсы як рукой здымае.
Я вельмі жывёл люблю, таму мне вельмі балюча глядзець на бяздомных жывёл. Часам задаюся пытаннем: чаму іх не меншае, нягледзячы на розныя меры па кантраляванні іх колькасці? І сама сабе адказваю: напэўна з-за таго, што наш час вельмі жорсткі, і гэта адкладвае адбітак на людзей. І гэта жорсткасць праяўляецца не толькі ў адносінах да жывёл, але і да акружаючых. Клапаціцца, хвалявацца, даглядаць – складана, а вось кінуць, пераступіць і забыць – вельмі проста. Адсюль – адзінокія старыя, нікому не патрэбныя дзеці і выкінутыя на вуліцу коцікі ды сабачкі.
Таму лічу, што на любое праяўленне жорсткасці варта адказваць такой жа жорсткай справядлівасцю, магчыма, нават прыцягненнем да крымінальнай адказнасці.
Васіль і Вольга Печанка, госці з Літвы (без фота):
Васіль: У Літве таксама хапае нікому не патрэбных жывёл на вуліцы. Аднак у нас закон “Аб абыходжанні з жывёламі” дзейнічае ўжо даўно. Людзям забараняецца нават кінуць кавалак каўбасы ці мяса бадзяламу кату ці сабаку – для гэтага спецыяльны дазвол патрэбен. Шкадуеш, хочаш паклапаціцца – бяры яго дахаты і адказвай за яго далейшы лёс. А не – дык і не трэба падтрымліваць павелічэнне такіх жывёл. З аднаго боку, гэта можа падацца жорткім, а з іншага – гэта міласэрнасць да самой жывёліны і праяўленне грамадзянскай адказнасці. А штрафы даволі вялікія, таму ў нас ніхто не падыме руку ні на сваю, ні на бадзялую жывёлу.
Вольга: Магчыма, некаму мае словы пададуцца жорсткімі, але часам проста неабходны кардынальныя меры: калі жывёліна пакутуе, калі яна нікому не патрэбна – дык ці не прасцей яе ўсыпіць? Гадавальнік для бадзялых жывёл – гэта не выйсце. Ну возьмуць адтуль аднагодвух шчанюкоў ці кацянят з сотні – а дзе браць сродкі, каб астатніх накарміць?
Лідзія Юркойць, пенсіянерка:– Зразумела, што колькасць бадзялых жывёл трэба кантраляваць, бо калі яны збіваюцца ў вялізныя зграі – страшна прайсці па вуліцы.
Нейкім чынам на гэта спрабуе ўплываць ЖКГ: той жа адлоў бадзялых жывёл. Аднак гэта толькі спроба ўздзейнічаць на вынікі, а трэба глядзець у корань праблемы. Нейкія меры ў адносінах да людзей, якія выкідаюць на вуліцу кацяня ці шчаня, трэба праводзіць адкрыта, паказальна, магчыма зрабіць вялікія штрафы для іх, каб усе памяталі пра адказнасць за тых, каго ўзялі ў свой дом.
Сяргей Часнойць, часова беспрацоўны:– Я трымаю кошку. Яна амаль член сям’і. І мне незразумела, як некаторыя людзі могуць цешыцца сваім гадаванцам, а потым выкінуць яго на вуліцу, бы непатрэбную рэч.
Таму я абедзвюма рукамі за тое, каб хатнім жывёлам абавязкова ўшывалі чыпы, якія дазволяць даведацца, хто яго гаспадар. Гэта будзе выратаваннем для тых, хто выпадкова страціў свайго хатняга любімца, і прыструніць тых, хто абыходзіцца з жывымі істотамі, як з цацкамі.
Антон ЧЫК, фота аўтара.
