"Репортёр выходит в свет". Кто такой защитник?

З савецкіх часоў і да сённяшняга дня ўсе мы фарміруем вобраз абаронцы Айчыны ў асноўным па ваенных фільмах: высакароднасць і хітрасць Эккерта-Фядотава, мужнасць і знаходлівасць Шцірліца-Ісаева, самаадданасць і любоў да радзімы Матросава...

Якім сёння ўяўляецца астраўчанам абаронца Айчыны? З гэтым пытаннем і выйшаў на вуліцы рэпарцёр “АП”.


Максім Локцеў, вучань 4 класа СШ№1:

– Сапраўдныя абаронцы – гэта салдаты, якія стаяць на абароне краіны і якія бароняць простых людзей ад ворагаў і злых людзей.

Хаця, калі паразважаць, то абаронцу не абавязкова быць салдатам. Я, напрыклад, у школе нашым дзяўчатам дапамагаю, тлумачу ім што-небудзь, калі яны не разумеюць. А ў першым класе, памятаю, калі нашы хлопцы пачалі дзяўчынак крыўдзіць, я іх таксама абараняў.


Франц Гардукевіч, пенсіянер:

– Звычайна ён выглядае, абаронца. Гэта просты чалавек – як вы ці я. Каб такім быць, не трэба ад цяжкасцей ухіляцца, ад арміі бегаць таксама не варта. Кожнаму мужчыну не пашкодзіць там пабыць. Армія загартоўвае.

Але зараз многія юнакі зусім не па-мужчынску сябе паводзяць. А ў мой час не служыць – вялікі сорам быў, мы ў армію самі рваліся. Толькі зараз дзяўчаты з большым жаданнем у войска ідуць, чым юнакі.


Уладзімір Копыць, муляр (без фота):

– Абаронца Айчыны – гэта чалавек, які аддаў свой пачэсны абавязак Радзіме.

З другога боку, мала адслужыць, каб насіць гэтае званне: абаронца Айчыны. Трэба быць абаронцам не год ці два, а ўсё жыццё: дапамагаць слабейшым ці тым, хто трапіў у бяду.

А яшчэ нядрэнна было б зрабіць 23 лютага выхадным днём, а то многія, у тым ліку і я, гэтае свята будуць сустракаць на рабоце! А хацелася б адпачыць…


Наталля Аўгуль, повар (без фота):

– Нават і не ведаю, як ён, сапраўдны абаронца нашага часу, выглядае. Не сустракалася з такімі… Нейкія мужыкі зараз пайшлі жанчынападобныя, ці што? Якая можа быць дапамога ад таго, хто сам толькі і думае, у каго б дапамогі папрасіць? Ныюць, скуголяць – горш за жанчын. Не тое што абараніць і падтрымаць – элементарна сумку не дапамогуць паднесці, рукі не пададуць і месца не саступяць.

Зразумела, што не ўсе такія, ёсць і добрыя, і мужныя, і ветлівыя, і шчырыя людзі – вось гэта сапраўдныя абаронцы.


Віктар Часнойць, прараб МПМК-158:

– Абаронцам, на мой погляд, можна лічыць любога мужчыну проста таму, што ён – мужчына. Ён – абаронца на генетычным узроўні, у яго самой прыродай закладзена пачуццё справядлівасці і жаданне  дапамогі слабейшаму і безабароннаму. Калі няма такога, то гэта і не мужык. А калі ёсць, то будзьце ўпэўненны, гэта ў ім праявіцца ў патрэбны момант, незалежна ад таго, служыў ён у арміі ці не. Ну, а калі не праявіцца, то і гаварыць няма аб чым: не мужчына гэта, а так, адна бачнасць.


--------------------------------------

Антон ЧЫК, фота аўтара.