"Репортёр выходит в свет". Кто для вас является примером в жизни?

Як казаў Юрый Левітанскі, «кожны выбірае па сабе». Штодня, трапляючы ў розныя сітуацыі, мы робім выбар. Часта пры гэтым кіруемся пэўным прыкладам.
Таму пытанне гэтага тыдня, з якім да жыхароў Астравеччыны звярнуліся нашыя карэспандэнты, гучала так: хто для вас з’яўляецца прыкладам у жыцці?

Ксёндз Казімір, м. Гудагай:


– Для мяне прыклад у жыцці – Езус Хрыстус. З дзяцінства так маці і ксёндз вучылі: у словах, дзеяннях, учынках заўсёды трэба падумаць: а што б на тваім месцы зрабіў Езус?
Зараз у людзей іншыя каштоўнасці і ідэалы, нават у Божы дом людзі часта ходзяць па звычцы, а не па закліку душы.
Я ўпэўнены, што сапраўдным прыкладам могуць быць толькі Святыя. Бо гэтыя людзі змаглі пераадолець усе цяжкасці, выстаяць перад спакусай і адважна ісці за Хрыстом.
Яшчэ апошнім часам мне вельмі падабаецца Святы Філіп Неры.
За яго знешняй прастатой на самой справе хавалася глыбокая духоўнасць.


Алена Ляшчэўская, в. Слабодка:


– Для мяне прыкладам і ўзорам заўсёды былі і ёсць старэйшыя людзі. Мне самой ужо 70, але я перакананая, што вучыцца заўсёды трэба ў старэйшых.
Хаця, зразумела, час мяняецца і прыклады таксама.


Рустам Пупал, г. Астравец:


– Мае прыклады – гэта бацькі. Не ведаю, што рабіў бы без іх! Яны вучаць, як паводзіць сябе, падказваюць, даюць парады. Мне вельмі падабаецца, што яны цікавяцца маім жыццём. Калі вырасту, то хачу быць падобным да іх. Здаецца, яны ведаюць адказы на ўсе пытанні.
Учора я выпадкова праглынуў ключ два сантыметры ў даўжыню, з кальцом ад каробкі з гульнёй “Покер”. Бацькі адразу павезлі ў бальніцу. Там зрабілі здымак, паглядзелі і сказалі, што праблема вырашыцца без умяшання натуральным шляхам. А бацькі ўвесь гэты час былі побач і падтрымлівалі мяне.


Галіна Шлыковіч, г. Астравец:


– Безумоўна, для мяне самы важны і аўтарытэтны чалавек – гэта мама. Напэўна, у кожнага чалавека так. Мама добрасумленная, чэсная і вельмі адкрытая. Я захапляюся яе чалавечымі якасцямі! Мама 33 гады працавала паштальёнам у адной з вёсак раёна. І за ўвесь гэты час ніхто не паскардзіўся на яе.
Таму я ганаруся сваёй мамай і стараюся браць прыклад з яе.


Вікторыя Рудая, г. Астравец:


– Прыкладаў у жыцці можна знайсці шмат. Аля я звярнуся да прыкладаў з беларускай літаратуры. Думаю, што найярчэйшы яе прадстаўнік – гэта Уладзімір Караткевіч, дакладней – яго героі. З іх можна браць прыклад. Творы Караткевіча мы вывучалі ў школе. Мне падабаюцца характары яго герояў, іх погляды. Думаю, маладым людзям варта чытаць такія кнігі.


------------------------------
Адэлька Байцэвіч.
Фота Антона Чыка.