"Репортёр выходит в свет". Кто для вас является примером?

Чалавек вучыцца ўсё сваё жыццё. Кожны сустрэчны, кожная падзея, кожная кніга, што мы прачыталі, павінны нечаму нас навучыць: добраму ці злому, вечнаму ці імгненнаму. Адны “ўрокі” мы засвойваем  лепш, іншыя – горш, а на нейкія “граблі” наступаем з незайздросным пастаянствам.

А хто для астраўчан, на іх думку, з’яўляецца галоўным настаўнікам і прыкладам па жыцці? Якімі рысамі павінен валодаць сапраўдны настаўнік?

З гэтымі пытаннямі і “выйшаў у свет” рэпарцёр “АП”.


Сяргей Іванавіч, электраманцёр:

– Самым галоўным настаўнікам і прыкладам у жыцці для мяне заўсёды, пакуль быў жывы, з'яўляўся бацька. Ды і зараз у пэўных сітуацыях не-не, ды падумаю: а што на маім месцы зрабіў бы ён?

Сапраўдны настаўнік, я лічу, – гэта чалавек з цвёрдым характарам і добрымі ведамі, вопытам і розумам. Каб вучыць некага, як рабіць тую або іншую справу, чалавек сам павінен добра ў ёй разбірацца і ведаць, пра што ён гаворыць. Я ніколі не саромеюся браць прыклад на рабоце са старэйшых і больш вопытных работнікаў.


Дзіяна Пільвінская, вучаніца 9 класа СШ №1:

– Мой самы галоўны настаўнік па жыцці – мая матуля. З ёй я заўсёды раюся і дзялюся сваімі думкамі, а яна мне падказвае і вучыць. Яшчэ з сяброўкамі можна пагаварыць на розныя маладзёжныя тэмы, нешта даведацца ад іх, нешта параіць ім.

А сапраўдны настаўнік – гэта, мне здаецца, той, хто шмат чаго пабачыў, перажыў і шмат дзе пабываў. Хаця тут трэба ўдакладніць, што гэта павінны быць яшчэ і сапраўдныя людзі, а не нейкія такія “супер-пупер”, якія сустракаюцца ў інтэрнэце, маўляў: “я навучу вас, як зарабляць мільёны, не працуючы”, “я навучу вас эканоміць з дапамогай нашых тавараў і паслуг”, “я раскажу вам, як падманваць інтэрнет-казіно”. Гэта ўсё лухта!


Вольга Лянцава, настаўнік фізікі (без фота):

– Для мяне заўсёды была і будзе маім самым галоўным настаўнікам мая маці! Яна заўсёды вучыла мяне жыць, кіруючыся голасам сэрца, а не тым, што думаюць і гавораць акружаючыя. Гэты яе ўрок я і лічу самым галоўным у маім жыцці.

А калі гаварыць менавіта пра настаўнікаў, то я ўпэўнена, што сапраўдны настаўнік павінен быць добрым і чулым, ён павінен не толькі дасканала ведаць свой прадмет і не столькі “ўбіць” яго ў галаву сваіх вучняў, сколькі паказаць прыгажосць свету і навучыць дабрыні. Да кожнага, нават самага закаранелага хулігана, можна падабраць ключык.


Аляксандр Ісакаў, пенсіянер:

– Хто самы галоўны настаўнік па жыцці? Само жыццё! Яно нас вучыць. Вучыць у першую чаргу таму, што яно іншае, не такое, як аб ім пішуць у кнігах і паказваюць у фільмах.

А вучыць чалавека ў першую чаргу павінны бацькі. Што і як яны пасеюць у сваіх дзецях – тое і вырасце. Канешне, і ў добрых бацькоў сын бывае п’яніцам і хуліганам, але ў большасці сваёй, калі зазірнуць у гісторыю, то з графаў рэдка калі атрымліваўся добры селянін, як і з селяніна – сапраўдны граф.


Тарэса Палавіна, прадавец:

– Мае бацькі – вось хто для мяне галоўныя настаўнікі па жыцці. Іх урокі – гэта ўрокі шчырасці, дабрыні і любові. Яны заўсёды мне гаварылі: няхай лепш у цябе паменшае, чым ты чужое возьмеш. З гэтым дэвізам і крочу па жыцці.

А быць настаўнікам па жыцці, лічу, можа любы – але не ў любой справе. Чалавек можа быць цудоўным работнікам, прафесіяналам, але, напрыклад, сем’янінам зусім ніякім. Таму заўсёды варта добра падумаць, на чыім вопыце і чаму ты навучышся.


------------------------------

Гутарыў Антон ЧЫК, фота аўтара.