"Репортёр выходит в свет". Конкурс нужен, чтобы открывать таланты
У мінулую пятніцу на сцэне Астравецкай школы мастацтваў падводзіліся вынікі конкурсу “Народны артыст Астравеччыны”, які праводзіла наша “раёнка”. Удзел у ім прынялі 16 канкурсантаў – жыхароў і выхадцаў з нашага раёна.Карэспандэнт “Астравецкай праўды” вырашыў пацікавіцца ў некаторых людзей, што прысутнічалі на імпрэзе, аб іх уражаннях ад конкурсу і канцэрта?
– Вельмі добрае мерапрыемства, проста супер: усё прадумана, цудоўны жывы гук, арганізацыя – на вышэйшым узроўні. Варта сказаць дзякуй усім, хто займаўся падрыхтоўкай імпрэзы, асабліва галоўнаму рэдактару “Астравецкай праўды” Ніне Рыбік, за тое, што яна змагла адшукаць і спонсараў, якія прадаставілі цудоўныя прызы.
Мой удзел у конкурсе аказаўся выпадковым. Заяўку на ўдзел з песняй пра Казіміра Сваяка даслаў мой сааўтар Станіслаў Валодзька. Мяне потым на працы пытаюць: “Ты ўдзельнічаеш у конкурсе?”. Я падышоў, усё высветліў – і не стаў адмаўляцца, вырашыў спяваць для маіх землякоў, хаця апошнім часам я часцей выступаю ў Смаргоні, Маладзечна, Мінску.
Такія конкурсы вельмі патрэбны, толькі, на мой погляд, арганізатарам трэба больш абдумана і дасканала да іх рыхтавацца.
Арцём, медыцынскі работнік (фатаграфавацца адмовіўся):
– Зайшоў на некалькі хвілін, паглядзеў – і пайшоў. Не спадабалася. Як можна судзіць па адных крытэрыях хлопчыка ці дзяўчынку, якія толькі пачынаюць спяваць, і масцітага выканаўцу, які адчувае сябе на сцэне як рыба ў вадзе? Аб якіх роўных умовах можна гаварыць?
І ўвогуле трэба краіну з крызісу выводзіць, а не песенькі спяваць!
– Мне канцэрт вельмі спадабаўся, даўно ў нас падобнага не было. Добра “разбавіла” канцэрт і падвядзенне вынікаў рэдакцыйных конкурсаў, і розыгрыш пуцёўкі ў Турцыю ад МТС. Я галасавала за Вікторыю Касцюк і лічу, што яна найбольш удала здолела стварыць вобраз і праспявала цудоўную песню. Яе перамога – заслужаная.
Такія конкурсы патрэбны, бо на Астравеччыне шмат таленавітых людзей, якія хацелі б выйсці на сцэну, аднак часта мы пра іх нічога не ведаем. Таму падобныя конкурсы без абмежаванняў варта праводзіць часцей.
– Для непрафесіянальных выканаўцаў, канцэрт прайшоў, лічу, нармальна: розныя людзі, розныя ўзросты, розныя песні – усё як мае быць…
Чуў меркаванні пасля канцэрту, маўляў, нельга ацэньваць аднолькава дзяцей і дарослых, што загадзя ўсё было вырашана і пераможцы выбраны. Як старшыння журы магу сцвярджаць: усе члены камісіі былі аб’ектыўныя. Нашы меркаванні могуць пацвердзіць і вынікі намінацыі глядацкіх сімпатый.
Увогуле, лічу, што падобныя конкурсы карысныя для дзяцей, якія ў іх удзельнічаюць, бо гэта рыхтуе іх да будучыні і загартоўвае, вучыць не толькі перамагаць, але і годна прымаць няўдачы. І дай бог кожнаму з маладых артыстаў дажыць да гадоў Капіталіны Цімафееўны Пятроўскай і захаваць у сабе такую ж бадзёрасць і энергію.
Падобныя конкурсы трэба праводзіць – гэтак жа, як конкурсы мастакоў, скульптараў, музыкантаў. Чалавек, які выйшаў на сцэну, каб паказаць свае магчымасці, робіць наш Астравец багацейшым на таленавітых людзей.
Антон ЧЫК, фота аўтара.



